Вёска крыніца і яе наваколле

Культура

Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая Налібоцкая старонка для шматлікіх турыстаў і гасцей. У свой час газета шмат пісала пра раён. Але кампактнага, цэласнага матэрыялу так і не ўдалося сабраць. Гэта «ўпушчэнне» і выпраўляем цяпер. Пад рубрыкай “Свой край вывучай” працягваем анталогію 428 вёсак раёна. Сённяшні наш пункт тапанімічнага падарожжа – вёска Крыніца і яе наваколле.

У рэдакцыю патэлефанаваў жыхар аграгарадка Ракаў Фёдар Фёдаравіч КАВАЛЕНКА – расказаў, што нарадзіўся і вырас у вёсцы Крыніца. Працаваў у Гіравіцкай СШ кіраўніком ваеннай справы і настаўнікам фізкультуры, дырэктарам Карнюткаўскай васьмігодкі, кіраваў дзіцячым аздараўленчым лагерам “База адпачынку “Ветразь” каля Ракава, намеснікам дырэктара Беллітфонду Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам Дома творчасці Саюза пісьменнікаў “Іслач”. Па адукацыі – старшы ваенны тапагеадэзіст, гісторык.

Ужо шмат гадоў ён займаецца вывучэннем сваёй малой радзімы, на ўспамін сталі прыходзіць дзіцячыя гады, аповеды дзядоў, аднавяскоўцаў. У выніку з’явілася вялікае жаданне пакласці на паперу ўсё тое, што захавалася ў памяці. Так атрымаўся экскурс-успамін, выкладзены на 23 старонках машынапіснага тэксту. Працягваем знаёміць з ім чытачоў.

(Працяг. Пачатак у №№ 94, 96 2018 года, № 4 2019 года)

ВЁСКА КРЫНІЦА І ЯЕ НАВАКОЛЛЕ

Я добра памятаю межы некаторых надзелаў, дзе і чыя была зямля. Сядзібы былых гаспадароў былі абсаджаны грушамі-дзічкамі, рабінай. Памятаю і кінутыя невялічкія сады, глыбокія студні на 20-26 кольцаў.

У першай палове 60-х гадоў вёска налічвала прыкладна 28 двароў: колькасць то павялічвалася, то змяншалася з-за перасялення людзей з хутароў ці выезду сем’яў у Польшчу альбо па вярбоўцы.

На працягу ўсяго існавання вёскі яе жыццё было вывераным, роўным, спакойным і нічым адметным не вызначалася. Ствараліся сем’і, нараджаліся дзеці, хадзілі ў школу, а затым разбягаліся ў гарады. Мясцовыя насельнікі ў асноўным займаліся апрацоўкай зямлі, трымалі жывёлу і з гэтага жылі. Былі тут свае кавалі і сталяры, меліся кузні і сталярні. Мой дзед В. Казак быў выдатным сталяром па вырабе калаўротаў – яны знаходзіліся амаль у кожнай хаціне ў гаспадыняў вёскі.

Што яшчэ адметна, у вёсцы жыў удзельнік руска-турэцкай вайны па прозвішчы Іваноў. У 20-я гады з ім адбылася такая гісторыя. Ён неаднаразова нядобразычліва адзываўся пра тагачасную польскую ўладу, існуючыя парадкі. Праз некаторы час гэта стала вядома польскім уладам: яго папярэдзілі, што назаўтра арыштуюць і павязуць у пастарунак мястэчка Валожын. На наступны дзень сівенькі дзядок апрануў на сябе ваенную форму, якая захавалася з тых часоў, прышпіліў медалі-ўзнагароды, скруціў самакрутку і, прыкурыўшы, чакаў паліцыянтаў. Калі да двара пад’ехала брычка з двума афіцэрамі, і яны ўбачылі дзядка ў такім абмундзіраванні, то па ваенным статуце аддалі старому чэсць, селі і паехалі. Колішні салдат некаторую хвіліну стаяў нерухома, затым сам невядома каму аддаў чэсць і пайшоў у хату.

Другі жыхар вёскі А. Шайтар быў удзельнікам руска-японскай вайны, меў шмат узнагарод. Добра запомніў яго расказы пра тую пару. Вось адзін з іх. Пасля вяртання з Далёкага Усходу ён аказаўся ў ліку тых ваенных, каму на Чырвонай плошчы ў Маскве ўручала ўзнагароды сама імператрыца Аляксандра Фёдараўна. Здарылася так, што пры ўручэнні ўзнагароды яго камандзіру, тая вываліся з рук імператрыцы і паляцела на брусчатку. А. Шайтар не разгубіўся: выйшаў са строю, падняў узнагароду і дапамог імператрыцы прышпіліць яе да мундзіра камандзіра. Гэты выпадак лічыў для сябе самай лепшай узнагародай, бо пастаяў побач з імператрыцай.

Некаторыя жыхары вёскі прымалі ўдзел у Першай сусветнай вайне. Мой дзед В. Казак быў прызваны ў дзеючую армію ў склад 85-й асобнай сапёрнай роты ратнікам I разраду, затым па дасягненні ўзросту 42 гадоў пераведзены ў 259-ы пяхотны запасны полк. Вайна для яго скончылася з рэвалюцыйнымі падзеямі.

Хачу адзначыць, што амаль усе дзядкі вёскі розных гадоў нараджэння другой паловы XIX стагоддзя валодалі граматай, умелі добра чытаць і пісаць, весці матэматычныя разлікі. Некаторыя нават добра валодалі славянскай мовай. Захавалася самаробная запісная кніжка дзядка А. Шайтара (на здымку). Па запісах, зробленых у ёй, можна ўбачыць і адчуць адукаванасць чалавека, асабліва калі чытаеш запісы вершаў Някрасава, Пушкіна, Лермантава, народныя песні.

Не абмінула вёску віхура ваеннага ліхалецця Першай сусветнай вайны. У 1916 годзе праз вёску праходзіла першая лінія абароны рускай арміі. Усе ўзвышшы вакол вёскі былі пранізаны лініямі акопаў, дзотамі, зямлянкамі, аблытаны калючым дротам. Мясцовыя жыхары прымалі ўдзел у будаўніцтве ўмацаванняў: высякаліся векавыя бары, падвозіліся правіянт і боепрыпасы. Сляды былых акопаў, дзотаў, зямлянак і іншых земляных умацаванняў захаваліся і па сёння. На самой рэчцы Крыніца ў розных месцах выкапалі і абсталявалі дрэвам два невялікія вадаёмы памерам шэсць на шэсць метраў. Побач з вадаёмамі былі зроблены дзве пляцоўкі, на якіх ставіліся парусінавыя палаткі. Тут праводзіліся санітарна-гігіенічныя працэдуры для салдат з перадавой.

Непадалёк дзедавай хаты стварылі добра абсталяваны палатачны гарадок для салдат сотай асобнай сапёрнай роты – паўзямлянкі, пакрытыя парусінай. Дзедаў дом падзяляўся на два канцы – у адным жылі афіцэрскія чыны. Дом напалавіну згарэў, але, дзякуючы салдатам падраздзялення, быў адноўлены. Захаваўся дакумент, які пацвярджае гэтыя падзеі (на здымку). У той перыяд тут не праводзіліся актыўныя баявыя дзеянні, але салдаты па розных прычынах гінулі. У памяці захаваўся драўляны крыж, які стаяў на узгорку паблізу дарогі ад в. Кражына да в. Петрашунцы. Дзяды гаварылі, што тут пахаваны чацвёра ці шасцёра рускіх салдат. У 60-я гады атэісты крыж знеслі. Сёння ўжо немагчыма выявіць і абазначыць месца пахавання.

Калі разглядаць пад цяжарам гадоў падзеі таго часу, то заўважна адзначыць малавядомы факт, што “паблізу мястэчка Валожын Мінскай губерні размяшчаўся аэрадром 34-га корпуснага авіяатрада” (вытрымкі з кнігі Валерыя Ярмоленкі “Асы-беларусы”, выдавецтва “Мастацкая літаратура”, старонка 64). З гэтым авіяатрадам быў звязаны лёс лётчыка-беларуса (магчыма, мінчаніна) Аляксея Туманскага. Прапаную зацікаўленым мясцовым краязнаўцам адшукаць гэта месца і абазначыць на карце Валожыншчыны.

Адметным у жыцці вёскі стала і тое, што ў сярэдзіне 50-х сюды правялі электрычнасць ад мясцовай гідраэлектрастанцыі (ГЭС), пабудаванай на рацэ Заходняя Бярэзіна. На хату прыпадалі дзве лямпачкі магутнасцю 25 і 40 ват. Лічыльнікаў не было – улік спажывання электраэнергіі вёўся па лямпачках. Ведаю, што мясцовыя жыхары добрасумленна адносіліся да эканоміі электрычнасці: ніхто з гаспадароў лямпачкі большай магутнасці не выкарыстоўваў. З-за дэбіту вады ў рацэ для ГЭС электрычнасць падавалі да 12 гадзін ночы, а затым адключалі да 5 гадзін раніцы. Цяпер прынята гаварыць, што гэта было “веернае” адключэнне электрычнасці па вёсках. Таму ў хатах доўгі час захоўваліся газавыя лямпы: у некаторых гаспадароў яны былі па-мастацку выраблены і аздоблены прыгожымі абажурамі. Разам з электрычнасцю ў дамы правялі і правадное радыё – мы, вясковая дзетвара, вельмі ганарыліся тым, што маем магчымасць карыстацца такімі вялікімі выгодамі цывілізацыі, бо многія суседнія вёскі жылі без электрычнасці. У 1966-1967 гадах ГЭС пачалі закрываць, і мая вёска разам з суседнімі былі падключаны да агульнай сістэмы падачы электрычнасці.

Не магу не ўспомніць цяжкі лёс вясковых жанчын, што пасля вайны засталіся ўдовамі – мужы загінулі ці заўчасна памерлі ад атрыманых на фронце ран. На іх долю выпаў самы цяжар працы і гадавання дзяцей, якіх у хаце было па двое-трое. Неверагодную мужнасць, моц і сілу трэба было мець жанчыне пры тых існуючых парадках, каб трымаць уласную гаспадарку, з якой жыла сям’я.

Успамінаецца такі выпадак. Тады зерневыя культуры жалі сярпамі, падзяліўшы поле на палоскі сярод жанчын. Вядома, што на зямлі галоўным распарадчыкам быў “яго вялікасць” брыгадзір. Пасля ўборкі снапоў з поля дазвалялася касіць іржышча на корм жывёле. Была ўмова – жнеі павінны пакідаць іржышча вышынёй не больш як 15 сантыметраў. Калі брыгадзір заўважаў, што іржышча “ў калена”, то не дазваляў яго касіць. І гаротніцам даводзілася шукаць выйсце, каб пракарміць скаціну – карова ж тады была сапраўднай карміцелькай у кожнай сям’і. Выратоўвалі лес і балоты. Леснікі былі больш спагадлівымі людзьмі і не крыўдзілі жанчын. А тыя за кіламетр, а то і за два жалі сярпамі траву і сырую на сваіх спінах насілі дадому. Калі брыгадзір сустракаў жанчыну з травой, то мог і адняць. Гэта з’ява была добра прадэманстравана ў кінастужцы “Крыніца”, якая выйшла на экраны ў сярэдзіне 60-х. Я вельмі ўдзячны рэжысёру, што ствараў фільм, і тым, хто дазволіў яму выйсці на экран. Сапраўды, выразна і праўдзіва паказана жыццё вёскі таго часу: з аднаго боку – рост дабрабыту, а з іншага – глупства і самадурства мясцовых невялікіх начальнічкаў.

Я ўжо ўспамінаў, што мая в. Крыніца па сваім узросце маладая, але разам з тым хачу засведчыць некаторымі фактамі, што тут людзі жылі здаўна. Калі падыходзіць да вёскі з усходу, то ў той час на правым баку дарогі цягнуўся ланцужок узвышшаў. Апошняе перад вёскай мела тапонім Міхасёва гара. Па сённяшні час на заходнім схіле ўзвышша стаіць дом былых гаспадароў. Там рос хмызняк: невялікія дрэўцы бярозы, хвоі, елкі, арэшніку. Лесу тут не магло быць: што падрастала – высякалася на дровы. У дзяцінстве мы тут гулялі, у памяці засталася значная колькасць плешын камянёў, якія тарчалі з зямлі. З боку дарогі было добра бачна, што ўзвышша спрабавалі раскопваць, бо яно складалася з якаснага пясчанага жвіру. Дзяды гаварылі, што ў 30-я гады тагачасныя польскія ўлады пачалі распрацоўваць узвышша для здабычы жвіру для будаўніцтва дарог. Але рабочыя наткнуліся на чалавечыя косці, і работы спынілі.

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *