Баі без правіл

Закон и порядок

Падлеткавая жорсткасць можа прывесці да самага жахлівага. Педагогі, псіхолагі, медыкі ламаюць галовы над тым, як папярэдзіць такія паводзіны, у чым прычына неапраўданай агрэсіі. Вінавацяць Інтэрнэт, гаджаты, кінематограф, указваюць на недапрацоўку з боку бацькоў і школы. Але ці можна распазнаць крымінальны патэнцыял у непаўналетнім, адказаць немагчыма…

Нядаўна ў Валожыне падлетак, вучань адной з гарадскіх школ, учыніў бойку. На першы погляд – ну хто ў такім узросце не высвятляў адносіны пры дапамозе сілы? Хлапчукі ж ва ўсе часы біліся і мірыліся! Аднак дадзеную сітуацыю тыповай назваць нельга. Канфлікт узнік паміж незнаёмымі маладымі людзьмі, без відавочных падстаў. Дзейства распачалося ў фае фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе двое сябрукоў без злосці дурэлі, штурхаліся. Да іх падышоў трэці, старэйшы, фізічна дужэйшы, каб уставіць свае “тры грошы”. Яму яўна хацелася прадэманстраваць перавагу перад малечай. Спачатку прычапіўся з абразлівымі словамі да аднаго, а як той адвярнуўся, харкнуў яму ў спіну. Плявок расцёкся па куртцы. Пакрыўджаны ў адказ паказаў крыўдзіцелю сярэдні палец, чым і падпісаў сабе прысуд з боку юнака-задзіры. Разам са сваёй хеўрай той высачыў хлопчыка на вуліцы, паваліў і восем разоў ударыў кулаком па твары. Потым збітага двойчы пнуў нагой яшчэ і іншы падлетак. Відаць, няпісанае правіла, што ляжачага не б’юць, прайшло міма яго… Учыніўшы расправу над слабейшым, кампанія падлеткаў кінулася наўцёкі. Пацярпелы абмыў акрываўлены твар вадой з-пад калонкі і рушыў дадому.

Зразумела, сінякі і драпіны заўважыла маці, пачала дапытвацца адкуль. Пабоі шкоды здароўю не нанеслі, але фінал мог быць і іншым.

Забіяка знешне выглядае прыстойна: прыгожы, акуратна падстрыжаны, модна апрануты, без нахабства ў паводзінах. Праўда, суседзі ўказваюць на яго ганарыстасць: нават вітацца не лічыць патрэбным. І ўсё ж, зірнуўшы першы раз, не паверыш, што гэта дзіця можа без дай прычыны біцца, ужываць непрыстойныя словы. Сцвярджаць, што ён сапсаваны раскошным жыццём, таксама нельга: гадуецца ў шматдзетнай сям’і, маці хварэе. Ды і настаўнікі характарызуюць яго хутчэй станоўча: вучыцца хоць і без старання, але захапляецца спортам, адным з першых у класе ўступіў у БРСМ. Але вось ўзважана ацаніць свой учынак ён змог толькі пад пагрозай крымінальнай адказнасці. Гэты страх прымусіў яго прасіць прабачэння і мірыцца з пакрыўджаным.

Члены сям’і пацярпелага аказаліся людзьмі сардэчнымі. Яны не патрабавалі грошай на новую куртку ці кампенсацыю маральнага ўрону за фізічныя пакуты. Магчыма, такая мяккацеласць не зусім апраўдана. Пагадзіцеся, малалетні нахабнік не будзе аплёўваць тавар у магазіне ці кідацца з кулакамі на дарослага чалавека, бо ведае, што нельга і небяспечна. А вось “геройстваваць” у кампаніі слабейшых можна – яны сілай на сілу не адкажуць…

Не выключаю, што хлопец вырасце і выправіцца. Але непрыгожы эпізод застанецца з ім назаўсёды. Жахлівая гэта карціна: раз’юшаны хлапчук б’е кулаком у твар меншага, бездапаможнага. Добра – не скалечыў…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий