Напачатку творчага шляху

Культура

У Валожынскім краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы юнага мастака Мікіты КУЛІКОВА з Мінска “Імгненні пачуцця”.

Пятнаццацігадовы хлопец з’яўляецца вучнем гімназіі-каледжа мастацтваў імя І. В. Ахрэмчыка і адначасова займаецца ў майстэрні нашага вядомага земляка Уладзіміра Сайко. Вельмі знакава, што першая персанальная выстава Мікіты праходзіць на малой радзіме настаўніка, які і стаў яе ініцыятарам.

У студыю да Уладзіміра юнак трапіў у 2015 годзе, тут адчуў свой талент і атрымаў першае прызнанне. Творчасць Мікіты Кулікова цесна звязана з тэматыкай краявідаў Беларусі. Перашкодай для працы не з’яўляюцца ні моцныя маразы, ні спякота. Напрыклад, адзін з зімовых пейзажаў быў напісаны пры тэмпературы мінус 25 градусаў. Наогул, апантанасць хлопца творчасцю выклікала сур’ёзны рэзананс сярод мастакоў у сацыяльных сетках. А падставай стаў наступны выпадак. Мікіта мінулай зімой зламаў нагу. Нягледзячы на гэта, было вялікае жаданне займацца, аб чым і папрасіў свайго настаўніка. Паехалі на вадасховішча. Ужо на месцы высветлілася, што ён забыўся ўзяць пэндзалі. Юны творца знайшоў выхад з сітуацыі. Цудоўную карціну “Вадасховішча пад Мінскам. Рыбакі” ён намаляваў з дапамогай анучак.

На той момант Мікіту ў коле мастакоў ужо ведалі, бо з самага пачатку заняткаў у студыі ён разам з Уладзімірам выязджаў на разнастайныя пленэры, фотаздымкі з якіх актыўна выкладваліся ў інтэрнэт. Работы хлопца неаднаразова выстаўляліся сярод іншых у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Пасля адной з іх менавіта яго твор адабраў дырэктар установы, каб захаваць у фондах. Была складзена дамоўленасць, і цяпер карціна ўваходзіць у збор Дзяржаўнага музея ў Траецкім прадмесці. Мікіта Кулікоў браў удзел і ў выставе ў Нацыянальным мастацкім музеі. Больш таго, тут прайшоў адзін з заняткаў, падчас якога юнак стварыў цудоўны эцюд.

Уладзімір Сайко гаворыць, што яго вучань ад прыроды адораны жывапіснымі якасцямі. Ён – апантаны летуценнік, для работ якога характэрны лёгкасць, эмацыянальнасць, імклівасць. Мікіта валодае ўнікальнай асаблівасцю, ён нібыта гуляе з фарбамі, і тыя яму падпарадкоўваюцца. Няўрымслівасць у жыцці надае цудоўны стымул у творчасці. Атрымліваюцца “жывыя”, удалыя палотны, у якіх заўважаюцца каларыт, імправізацыя. Ступень мастацкасці карцін такая, што каля іх хочацца спыніцца, падумаць, набрацца змястоўнасці і пабыць яшчэ нейкі час. Менавіта такія творы маюць права быць выстаўленымі ў музеі. Настаўнік упэўнены: кожны раз, калі хлопец бярэ ў рукі эцюднік, палатно і фарбы, у яго абавязкова атрымаецца нешта добрае.

На думку Мікіты, маляваць карціны трэба хутка, не зацыклівацца на дробязях. Калі зрабіў мазок, яго чапаць ужо нельга. Менавіта так выходзяць сапраўды цікавыя творы.

Падтрымаць сына, брата, сябра ў Валожынскі музей завіталі родныя і блізкія Мікіты. Сабралася шмат наведвальнікаў з Валожына. Віншаванні з першай асабістай выставай Мікіту Кулікову даслаў прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Я. Ф. Шунейка. Яўгеній Феліксавіч добра знаёмы з творчасцю юнака, на яго вачах адбывалася мастацкае сталенне хлопца.

Малады творца ўпершыню наведаў Валожыншчыну. Магчыма, яна яшчэ стане крыніцай яго натхнення, і тут будуць напісаны творы, якія знойдуць сваё пачэснае месца ў калекцыях як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі.

Мікіта КУЛІКОЎ (у цэнтры) са сваім братам і настаўнікам.

 

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий