Вітаем пераможцаў!

Общество

Лепшы сельвыканкам

За дасягнутыя высокія паказчыкі ў рабоце па пытаннях жыццезабеспячэння насельніцтва па выніках работы за 2018 год сярод сельвыканкамаў пераможцам прызнаны Ракаўскі сельскі выканаўчы камітэт на чале са старшынёй Аляксандрам Антонавічам МЯКІНКАМ. Зусім нядаўна Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь Ракаў прызнаны лепшым аграгарадком у краіне ў рэспубліканскім конкурсе «Горад культуры».

Сельвыканкамам сумесна з дэпутацкім корпусам актыўна вядзецца работа па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі, падтрыманні ў належным санітарным стане будынкаў устаноў і арганізацый сельсавета, іх падведамасных тэрыторый, падворкаў грамадзян. Летась на тэрыторыі сельсавета былі ліквідаваны больш за 20 стыхійных сметнікаў, знесены 7 трухлявых будынкаў, спілены 72 старыя аварыйныя дрэвы. У Ракаўскім сельскім Савеце ў мінулым годзе прададзены 70 зямельных участкаў на агульную суму 735 тысяч 507 рублёў, у тым ліку праз аўкцыён – 55 зямельных участкаў больш чым на 700 тысяч рублёў.

Сёння Ракаў без перабольшвання можна назваць сучасным аграгарадком-спадарожнікам, які хутка разбудоўваецца. І хоць па статыстыцы тут пастаянна пражывае амаль пяць з паловай тысяч чалавек, лічбу смела можна памнажаць у два, а то і ў тры разы. Бо калі гаварыць пра раёны індывідуальных забудоў у Міхалове, Кучкунах, Бузунах, то іх насельнікі жывуць тут, а вось прапісаны і працуюць у асноўным у сталіцы. 75 садаводчых таварыстваў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, у кожным з якіх налічваецца ад 200 да 300 участкаў, – гэта таксама ў нейкім сэнсе жыхары мястэчка, асабліва ў сезон агародніцтва. Новыя людзі, родам з Мінска, Гродна, Віцебскай і Гродзенскай абласцей, што селяцца ў ваколіцах Ракава, стараюцца трывала пусціць свае карані. Таму ім неабыякава, што робіцца наўкола. Яны клапоцяцца не толькі пра прыгажосць і ўтульнасць на ўласным падворку, але і прымаюць актыўны ўдзел у суботніках па навядзенні парадку на зямлі: прыбіраюць тэрыторыю на вуліцах, уздоўж дарог, у лясным масіве і нават збіраюць смецце за нядбайнымі гаспадарамі і дачнікамі. Такія паводзіны “прыезджых” актывізуюць і карэннае насельніцтва: гледзячы адзін на аднаго, людзі добраўпарадкоўваюць свае сядзібы.

“Твар населенага пункта, любога прыватнага падворка яскрава сведчыць пра яго гаспадара, – адзначае старшыня Ракаўскага сельвыканкама А. А. Мякінка. – Культура паводзін закладваецца з маленства. Дзіця трэба вучыць: ідзеш па вуліцы, не кідай паперку пад ногі, а нясі да урны са смеццем. Бо ўсім жа добра вядомы выраз: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць. Аднак, каб былі парадак і чысціня, сельвыканкамам пастаянна праводзіцца мэтанакіраваная работа з насельніцтвам. Прыцягваць даводзіцца не толькі саміх грамадзян, але і землеўпарадкавальную, камунальную, дарожную службы. Так, летась падчас правядзення месячніка пасля прыбірання тэрыторый смецце вывозілі ў прамым сэнсе трактарамі. Важна, што людзі далучыліся да справы, і агульнымі намаганнямі мы навялі парадак.

Клапоцяцца вяскоўцы і пра добраўпарадкаванне сваіх населеных пунктаў. Нядаўна да мяне на прыём звярнуліся жыхары Міхалова з пытаннем абсталявання дзіцячых пляцовак: як і дзе лепш зрабіць, за якія сродкі, чым можа пасадзейнічаць сельвыканкам?

Вырашаецца, хоць зусім няпроста, пытанне аб зносе трухлявых дамоў: справай займаюцца не прамыя нашчадкі, а тыя, хто набывае зямельны ўчастак з такім домам, а пасля ўжо будуе на гэтым месцы новае жыллё. Зямля пад Ракавам карыстаецца попытам – адбіваецца блізкасць сталіцы, таму можна сказаць, што сельсавет з кожным годам павялічваецца і маладзее.

За апошнія некалькі гадоў наш аграгарадок стаў далёка чутны за межамі краіны, чаму паспрыялі фестываль культур “Ракаўскі фэст”, конкурс фартэпіяннай музыкі імя Міхала Грушвіцкага. Праслаўляюць мястэчка і нашы славутыя мастацкія калектывы. Але галоўным багаццем з’яўляюцца самі ракаўчане – таленавітыя, працавітыя, нераўнадушныя. Разам нам удалося дасягнуць поспехаў у рабоце”.

Лепшая ўстанова адукацыі

Сярод устаноў адукацыі лепшай стала Івянецкая сярэдняя школа – дырэктар Юзэфа Іосіфаўна КУЛАК.

Навучальны працэс накіраваны на станаўленне і развіццё высокаадукаванай, маральна выхаванай, фізічна здаровай асобы з лепшымі якасцямі чалавека і грамадзяніна. Па выніках работы за 2018 год вучні і педагогі адзначаны 20 дыпломамі раённага і абласнога ўзроўняў у конкурсах работ вынаходніцкага характару. З іх – 12 дыпломаў па вучэбных прадметах, 7 дыпломаў за ўдзел у інтэлектуальных і творчых конкурсах, 1 – рэспубліканскага ўзроўню.

Лепшае сельгаспрадпрыемства

Сярод сельгасарганізацый раёна лепшым названы калектыў ААТ “Агра-Дубінское” – дырэктар Генадзій Вацлававіч КАСПЯРОВІЧ.

Вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах за 2018 год склала 11 мільёнаў рублёў, ці 101,1 працэнта да ўзроўню 2017 года. Валавы надой малака склаў 7,5 тысячы тон, надой на адну карову – 5741 кілаграм. Вытворчасць буйной рагатай жывёлы, якая знаходзіцца на адкорме, склала 536 тон. Летась намалочана 6200 тон збожжа, з аднаго гектара атрымана 30,9 цэнтнера зерневых культур. Накапана цукровых буракоў 36651 тона пры сярэдняй ураджайнасці 564 цэнтнеры.

Лепшая медыцынская ўстанова

Сярод устаноў аховы здароўя лепшай прызнана Багданаўская ўрачэбная амбулаторыя УАЗ “Валожынская ЦРБ” – загадчыца Аксана Алегаўна АЦЕСЛЕНКА.

У зоне абслугоўвання знаходзяцца 1117 чалавек. За мінулы год палепшыліся дэмаграфічныя паказчыкі: нарадзіліся 7 чалавек, ці 6,27 праміля на тысячу насельніцтва, значна знізілася смяротнасць людзей працаздольнага ўзросту і склала 3,87 праміля (2017 год – 11,56). Не адбылося пярвічнага выхаду на інваліднасць працаздольнага насельніцтва. Агульная захворваемасць на ўчастку на 100 тысяч насельніцтва склала 876,5 праміля, адзначаецца нізкі ўзровень анкалагічных захворванняў. Добра наладжана работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця.

Калектыў ДУ “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” па выніках работы ў 2018 годзе ўзнагароджаны дыпломам за трэцяе месца ў абласным сацыяльна-эканамічным спаборніцтве. Установа ўпершыню разам з калегамі з Вілейкі і Барысава ўвайшла ў тройку лідараў.

Супрацоўнікамі ТЦСАН выкананы ўсе паказчыкі, у тым ліку і па пазабюджэтнай дзейнасці. Пры заўважным зніжэнні колькасці насельніцтва колькасць паслуг, што аказваюцца спецыялістамі, засталася на ўзроўні 2017 года. Высока ацэнены і ўклад калектыву ў падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў абласнога ўзроўню.

За належную якасць работы цэнтра дырэктар Г. Ф. Рай адзначана падзякай намесніка старшыні Мінаблвыканкама Івана Станіслававіча Маркевіча.

Галіна Фадзееўна ўзначальвае ўстанову з 2006 года. Да гэтага часу была экскурсаводам, арганізатарам выстаў Мінскага музея сучаснага выяўленчага мастацтва, затым, ужо ў Валожыне, працавала ў раённым краязнаўчым музеі, пазней узначальвала раённую арганізацыю БРСМ. Апошнія два гады асноўную працу сумяшчае з грамадскай работай. Яна – лідар раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”.

Менавіта пад кіраўніцтвам прыгожай, энергічнай жанчыны ўстанова сацыяльнага кірунку, так бы мовіць, займела свой твар. ТЦСАН вызначаецца высокім прафесіяналізмам супрацоўнікаў. Тут да падбору кадраў ставяцца надзвычай патрабавальна. Магчыма таму і адсутнічае так званая цякучка. Як любіць паўтараць сама дырэктар: “Ад нас звычайна ўдаецца пайсці толькі на павышэнне, у дэкрэт ці на заслужаны адпачынак”.

На Валожыншчыне ведаюць: менавіта ў цэнтр можна смела прыйсці з любой праблемай і надзеяй на падтрымку. Работнікі зробяць усё для таго, каб аблегчыць душэўны боль і дапамагчы рэальнымі справамі. Безліч падзяк гучыць вусна і прыходзіць у пісьмовым выглядзе ў адрас работнікаў установы на вуліцы Міру ў райцэнтры і сацыяльных работнікаў, якія ажыццяўляюць клопат пра сваіх падапечных на тэрыторыі раёна. Таму сумнявацца не даводзіцца: пра месцы ў рэйтынгах у ТЦСАН думаюць у апошнюю чаргу. Для кожнага, хто абраў уласным лёсам сацыяльную работу, галоўны клопат – людзі.

37 гадоў жыцця аддала банкаўскай сістэме спецыяліст сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу ЦБУ № 605 філіяла № 500 Мінскага ўпраўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Алена Іванаўна БУТОВІЧ.

А між іншым у дзяцінстве яна пра работу ў падобнай установе не марыла. Такое жаданне ўзнікла пасля блізкага знаёмства з супрацоўніцай ашчадкасы. Школьніца-старшакласніца кватаравала ў добрай і гаваркой жанчыны, якая разгледзела ў спакойнай, разважлівай дзяўчынцы патрэбную для яе прафесіі грунтоўнасць і кемлівасць.

Алена Іванаўна пачала працоўны шлях рэвізорам, пасля стала інспектарам, загадчыкам сектара крэдытавання, начальнікам аддзела рознічнага бізнесу… Мяняліся пасады, аднак яна ніколі не здраджвала любімай справе. У яе складаныя і не вельмі зразумелыя для недасведчаных людзей абавязкі. Напрыклад, выдача і суправаджэнне крэдытаў фізічным асобам на фінансаванне нерухомасці на ўмовах, што вызначаюцца банкам. З яе дапамогай можна ўзяць крэдыт на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё жылых памяшканняў. Растлумачыць яна і правілы льготнага крэдытавання.

Сваім настаўнікам у прафесіі Алена Іванаўна лічыць былога кіраўніка Таццяну Васільеўну Пасека, часта і з павагай успамінае калег, з якімі разам асвойвалі новыя гарызонты ў прафесійнай дзейнасці. Адзін з самых вопытных работнікаў ганарыцца сённяшнім калектывам установы. Упэўнена: няма тых задач, што не змогуць вырашыць валожынскія спецыялісты сістэмы.

Жыхарка вёскі Лоск Таццяна Станіславаўна РЫСНІК працуе сацыяльным работнікам. Бухгалтар па адукацыі, яна 24 гады таму сутыкнулася з праблемай пошуку работы.

Знаёмая, дзеючы супрацоўнік ТЦСАН, расказала пра магчымасці працаўладкавання ва ўстанову. Таццяна Станіславаўна адразу адчула, што справіцца. Пасля паспяховага субяседвання аператыўна правяла работу па стварэнні ўчастка, і ў хуткім часе восем людскіх жыццяў сталі і яе асабістым лёсам. Яна помніць кожнага са сваіх дзядуляў і бабуль, хоць многіх з іх ужо няма. Прызнаецца, што ў пастаянным клопаце пра пажылых людзей літаральна знайшла ўласнае я. Жанчына не лічыцца з часам, для яе галоўнае не проста справіцца з абавязкамі, а стварыць для падапечных душэўны і фізічны камфорт. Таму бывае ў пажылых людзей не толькі ў адведзены для гэтага час – стараецца зазірнуць да кожнага як мага часцей, ведае: чакаюць. Ловіць сябе на думцы, што не можа падзяліць жыццё на асабістае і прафесійнае. Сёння Т. С. Рыснік дапамагае 11 пенсіянерам з Лоска і Лохаўшчыны, самай малодшай бабулі 75 гадоў, самай старэйшай – 91 год. І для кожнай сацыяльны работнік не проста памочнік па няхітрай гаспадарцы, а крыніца інфармацыі і сувязь з наваколлем.

Па выніках мінулага года лепшым работнікам адукацыі ў раёне прызнана Ірына Уладзіміраўна УЛАНЧЫК. Выкладаць свой любімы прадмет – матэматыку – яна пачала ў 1991 годзе, спачатку ў сярэдняй школе № 1 райцэнтра, а пасля ў гімназіі № 1 г. Валожына, дзе працуе і сёння.

За гэты час шмат яе вучняў сталі выпуснікамі. Педагог ганарыцца тым, што яе выхаванцы на ўступных іспытах па матэматыцы нязменна паказваюць добрыя веды, а значыць, атрымліваюць высокія балы.

За поспехам стаіць вялікая праца, якая складаецца з многіх фактараў. На працягу пяці гадоў Ірына Уладзіміраўна разам з Надзеяй Анатольеўнай Баркоўскай рыхтавалі каманды гімназістаў да ўдзелу ў абласных міні-турнірах юных матэматыкаў, і тыя заўсёды дастойна праяўлялі сябе і вярталіся са спаборніцтваў з дыпломамі II-III ступені. Выхаванцы нашай гераіні пастаянна паказваюць добрыя вынікі на раённым этапе прадметнай алімпіяды, прымаюць удзел у абласным. Сёлета двое рабят прайшлі на рэспубліканскі. І. У. Уланчык з’яўляецца кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў матэматыкі, кіраўніком каманды прызёраў абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды, уключана ў склад творчай групы настаўнікаў матэматыкі Мінскай вобласці, члены якой уваходзяць у склад журы разнастайных абласных турніраў і конкурсаў, правяраюць работы ўдзельнікаў дыстанцыйных алімпіяд, займаюцца распрацоўкай метадычных матэрыялаў. Замацаваны за ёй кабінет служыць раённым рэсурсным цэнтрам па матэматыцы.

З прыўзнятым настроем Ірына Уладзіміраўна кожны дзень спяшаецца ў любімую школу, дзе яе заўсёды з нецярпеннем чакаюць вучні. Пасля 6-7 урокаў праводзіць дадатковыя заняткі з алімпіяднікамі, а ў суботу выкладае факультатыўны курс. Асаблівае задавальненне педагог атрымлівае, калі бачыць выдатныя вынікі сваёй працы. Наогул жа, І. У. Уланчык радуецца любым поспехам сваіх цяперашніх і былых выхаванцаў. Гаворыць, што самае лепшае для педагога – калі з дзяцей вырастаюць добрыя людзі.

Віктар Мікалаевіч ШНІП ужо 25 гадоў у сельскай гаспадарцы. Пачаў працоўны шлях яшчэ да арміі. У час службы сур’ёзна задумаўся пра будучыню, уважліва прыслухоўваўся да парадаў блізкіх і знаёмых, аднак жадання шукаць прымянення сваім сілам дзесьці, акрамя калгаса, не адчуў. Вярнуўся ў вёску, з той пары цяжкай працы механізатара ніводнага разу не здрадзіў. За яго плячамі безліч сезонаў жніва. Толькі апошнія два гады падчас уборачнай кампаніі на камбайн не перасаджваўся – на трактары МТЗ-1221 выконвае ўсе віды палявых работ. Сярод іх – ворыва, падкормка пасеваў, касьба і г. д. У мінулым годзе на сваім “жалезным кані” з сеялкай “Gacpardo” пасеяў кукурузу на плошчы 530 га.

Механізатары Валерый Віктаравіч МАШЧАНОК і Сяргей Міхайлавіч КЛІМОВІЧ – адны з самых мабільных і працавітых прадстаўнікоў свайго калектыву. Яны – напарнікі, па чарзе працуюць на новым трактары “Challenger”. Валерый Віктаравіч з дапамогай пасяўнога агрэгата “Rapid” А800S вясной 2018 года пасеяў яравыя зерневыя на плошчы 1397 га. Сяргей Міхайлавіч у лік лепшых механізатараў трапіў за тое, што на трактары МТЗ-1221 з агрэгатам КПС-6,3 правёў падрыхтоўку глебы на плошчы 990 га. Цяпер, калі да гарачых дзён пасяўной кампаніі яшчэ ёсць час, працаўнікі шмат увагі надаюць рамонту тэхнікі, за якую нясуць адказнасць, і якая дапаможа дасягнуць новых вышынь у працоўнай дзейнасці.

Уладзімір Уладзіміравіч ПАСЕКА – адзін з вопытнейшых механізатараў раёна, працуе на базе аграхімабслугоўвання ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, у яго руках – трактар МТЗ-3022. На ім ён летась вывез на палі 5832 тоны арганічных угнаенняў, унёс 4122 тоны спажыўных рэчываў пад будучы ўраджай, узараў 721 гектар глебы. У. У. Пасека адносіцца да той катэгорыі людзей, пра якіх кажуць – майстар на ўсе рукі. Некалькі гадоў назад ён адвучыўся на курсах газаэлектразваршчыкаў. І цяпер, як толькі ўзнікае патрэба, заўсёды выручае роднае прадпрыемства аказаннем якасных зварачных работ. Уладзімір Уладзіміравіч прызнаецца, што пры неабходнасці мог бы многімі справамі займацца прафесіянальна. Для яго як мужчыны вельмі важна забяспечыць матэрыяльны дабрабыт сям’і, а гэта магчыма толькі пры ўмове сумленнай і напружанай працы.

У раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў па нарыхтоўцы кармоў сярод сельгаспрадпрыемстваў пераможцам прызнана КСУП “Пяршаі-2014” – дырэктар Віктар Іванавіч ШАЛАШ. У 2018 годзе нарыхтавана 10699 тон кармавых адзінак травяных кармоў, ці 29,5 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву жывёлы (+13,8 цэнтнера кармавых адзінак у параўнанні з 2017 годам). У тым ліку сена назапашана 1,5 тысячы тон, закладзена 12,2 тысячы тон сенажу, 20,9 тысячы тон сіласу, 2,8 тысячы тон зернесенажу. Агульная колькасць статка ў гаспадарцы складае амаль 5 тысяч галоў, сярод іх – 1583 каровы.

Амаль трыццаць гадоў працуе ў СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Валерый Уладзіміравіч ЗЯНЬКО. Прыйшоў у гаспадарку вадзіцелем, а праз пару гадоў вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі механізатара. Нялёгкая справа земляроба захапіла мужчыну. Старанне, вопыт і прафесіяналізм дазваляюць яму быць у ліку лідараў сярод работнікаў гаспадаркі, а значыць, і зарабляць нядрэнныя грошы. В. У. Зянько паважаюць калегі і кіраўніцтва. У мінулым годзе механізатар на сваім МТЗ-1523 з раскідальнікам РУ-7000 унёс цвёрдыя мінеральныя ўгнаенні на плошчы 1866 га. Гэта лепшы паказчык у раёне. Таксама вясной і ўвосень мужчына шчыруе на палетках сельгаспрадпрыемства з плугамі і культыватарам, летам косіць і нарыхтоўвае сена на рулонным прэс-падборшчыку “Krone”, а ў гарачую пару жніва – прэсуе салому. З любой аперацыяй Валерый Уладзіміравіч спраўляецца выдатна, бо падыходзіць да справы сур’ёзна і адказна. Ён належыць менавіта да тых працаўнікоў, якія пры любых абставінах выконваюць даручаныя заданні дасканала.

Акрамя таго, што В. У. Зянько з павагай адносіцца да зямлі, ён клапоціцца, каб замацаваная за ім тэхніка заўсёды была ў спраўным стане і не падвяла ў адказны момант. Таму стараецца загадзя праводзіць рамонт трактара і агрэгатаў.

Між іншым, 21 лютага Валерый Уладзіміравіч адсвяткаваў свой 50-гадовы юбілей. Чалавеку, які любіць родную зямлю і ўмее на ёй працаваць, хочацца пажадаць моцнага здароўя, дабрабыту і далейшых поспехаў у такой важнай земляробчай справе.

Лепшае прамысловае прадпрыемства

Па выніках мінулага года лепшым прадпрыемствам раёна стаў калектыў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”.

Асноўным відам гаспадарчай дзейнасці арганізацыі з’яўляецца прамысловая вытворчасць пластмасавых вырабаў, работы і паслугі, якія выконваюцца рамонтнай майстэрняй і перасоўнай механізаванай калонай. Калі звярнуцца да лічбаў, то можна заўважыць, што найбольшую ўдзельную вагу ў аб’ёме вытворчай прамысловасці займаюць вырабы пластмасавага цэха – 88,1 працэнта. Удзельная вага работ і паслуг рамонтнай майстэрні складае 3,9 працэнта, перасоўнай калоны – 8,0 працэнта. Агульны аб’ём выпушчанай летась прадукцыі вырас у параўнанні з папярэднім перыядам на 10,5 працэнта.

У выніку гаспадарчай дзейнасці скарбонка прадпрыемства папоўнілася грашовай выручкай у памеры 11887,4 тысячы рублёў. Пры гэтым чысты прыбытак склаў 124 тысячы рублёў пры запланаваным у бізнес-плане паказчыку ў 50 тысяч рублёў.

Сёння райаграпрамтэхніка забяспечвае работай 302 чалавекі, іх сярэдні заробак – 604,7 рубля, зафіксаваны станоўчы рост зарплаты.

Нягледзячы на тое, што прадпрыемства стваралася як суб’ект аграпрамысловага комплексу, яго эканамічныя інтарэсы пралягаюць і ў галіне цяжкай прамысловасці. Партнёрамі РАПТ з’яўляюцца такія гіганты, як ЗАТ “Атлант”, ААТ “МТЗ”, вытворчыя кампаніі на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі.

Сельгасвытворцы раёна карыстаюцца паслугамі ААТ па рамонце трактароў, камбайнаў, навясных агрэгатаў і абсталявання для жывёлагадоўчых ферм. На працягу ўсяго года нязменнай застаецца патрэба ў паслугах аддзела перавозак. Вадзіцелі займаюцца вывазам арганічных, вапнавых і мінеральных угнаенняў, адвозам сенажу і сіласнай масы, збожжа, цукровых буракоў, будматэрыялаў.

Прадпрыемствам арганізаваны гандаль харчовымі таварамі, аказваюцца паслугі цырульні, рэнтабельнасць якіх складае 2,4 і 13,9 працэнта адпаведна.

Аднак праблемныя пытанні ў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” на павестцы дня застаюцца: пагашэнне дэбіторскай і крэдытнай запазычанасцей, высокі знос машын і абсталявання, дэфіцыт абаротных сродкаў на мадэрнізацыю.

Застаць вадзіцеля ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка” Віктара Уладзіміравіча МАКАРЭВІЧА ў сценах роднага прадпрыемства складана: пакуль іншыя работнікі толькі заступаюць на змену, ён ужо ў рэйсе. Нават у зімовы час яго працоўны дзень пачынаецца у 6.00, а заканчваецца пасля 19.00. Такі графік абумоўлены прафесіянальнымі абавязкамі.

У мінулым годзе Віктар Уладзіміравіч быў заняты на перавозцы цукровых буракоў з палеткаў Валожыншчыны на перапрацоўку ў Гарадзею, адвёз амаль 60000 тон салодкіх караняплодаў, зараз адтуль возіць хімічныя рэчывы. Даставіў летам і восенню на месца прызначэння 1345 тон зялёных кармоў. Акрамя сельгасаб’ектаў, яго маршруты пралягалі і ў сталіцу, да партнёраў райаграпрамтэхнікі з трактарнага завода і холдынгу “Атлант”, якія забяспечваюцца неабходнымі пластмасавымі дэталямі з валожынскай прапіскай.

Уменне ўпраўляцца з тэхнікай здаўна лічылася адным з важнейшых для мужчыны. Віктар Макарэвіч і сам вадзіцель-ас, і сын навучаны віртуознай яздзе. Праўда, хлопец вырас у горадзе і займацца перавозкай сельскагаспадарчых грузаў не імкнецца, марыць пра іншае прызванне. Нядаўна вярнуўся са службы ў арміі і падаўся ў сталіцу, дзе жыве і старэйшая сястра.

Сам жа Віктар, як толькі выпадае вольная хвіліна, ахвотна наведваецца на бацькаўшчыну, у Няровы. Магчыма, сюды, дзе нясе воды прыгажуня Бярэзіна, дзе лясы поўняцца сасновым водарам, ён некалі і вернецца з жонкай Галінай, каб распачаць чарговы этап лёсу…

Кабіна пагрузчыка “Амкадор 342” вось ужо сямнаццаць гадоў з’яўляецца для механізатара Аляксандра Аляксеевіча ШАРКО працоўным месцам. Усяго ж гэты вопытны трактарыст у прафесіі больш за тры дзесяцігоддзі.

Азы майстэрства пазнаваў у колішнім прафтэхвучылішчы, якое зараз называецца Валожынскім сельгасліцэем. Пасля заканчэння навучальнай установы яго маладыя рукі спатрэбіліся ў калгасе “1 Мая” – роднай гаспадарцы, бо нарадзіўся і жыў у вёсцы Стайкі. Як карэнны жыхар сельскай мясцовасці Аляксандр Аляксеевіч ніколі не ставіўся раўнадушна да зямлі, не заставаўся ўбаку падчас пасяўных і ўборачных кампаній, неаднаразова атрымліваў падзякі за сумленную працу, поспехі і старанне.

На такіх, як Аляксандр Шарко, трымаецца аграпрамысловы комплекс. Людзі яго пакалення не ўмеюць шукаць у жыцці “лёгкага” хлеба. Яны проста выконваюць даручаную справу, не скардзяцца на высокія фізічныя нагрузкі і розныя дробныя непрыемнасці ў выглядзе пранізлівага холаду ці невыноснай спёкі.

Па выніках мінулага года Аляксандр Аляксеевіч стаў адным з лепшых трактарыстаў ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”. Пагрузчыкам “Амкадор” ён пагрузіў 46700 тон арганікі. Патрабуе дакладнасці і такая адказная работа, як падбуртоўка. Аж 2200 тон каштоўных угнаенняў не былі страчаны дзякуючы ўменню і вопыту механізатара Шарко.

Лепшая ўстанова культуры

Сярод устаноў культуры лепшай названа ДУА “Ракаўская дзіцячая школа мастацтваў” – дырэктар Павел Анатольевіч ДВАРЭЦКІ.

Навучанне вядзецца па кірунках: струнныя, духавыя, народныя інструменты, цымбалы, сальфеджыа і тэарэтычныя дысцыпліны, фартэпіяна, адкрыты клас выяўленчага мастацтва. Дванаццаць гадоў таму на базе ўстановы з ліку педагогаў створаны калектыў інструментальнай музыкі “ARS LONGA”, якім кіруе Юлія Аляксандраўна Мякінка. Напрыканцы мінулага года за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльнай палітыкі і заслугі ў развіцці нацыянальнай культуры яна адзначана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Ансамбль “ARS LONGA” носіць званне “народны”, прымае пастаянны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях, яго добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Аўстрыі, Польшчы, Літве, Германіі, Італіі, дзе ён паспяхова гастраліруе.

У 2007 годзе настаўніца па класе акардэона і баяна Кацярына Уладзіміраўна Дварэцкая стварыла дзіцячы інструментальны калектыў “Менестрэлі”. У склад яго ўваходзяць вучні школы мастацтваў. За час існавання калектыў пабываў з канцэртамі ў Расіі, Італіі, Літве і Польшчы.

Кіраўніком хору старшакласнікаў “Іслачанка” з’яўляецца Юлія Вітальеўна Скурко, якая шэсць гадоў таму прыйшла на работу маладым спецыялістам. Актыўная гастрольная дзейнасць хору вядома далёка за межамі краіны, пацвярджэннем чаму мноства ўзнагарод і, як вынік, – ганаровае 3-е месца ў XV абласным фестывалі-конкурсе народнай творчасці “Напеў зямлі маёй”, што прайшоў летась у г. Мар’іна Горка.

З 2015 года Ракаўская ДШМ актыўна супрацоўнічае з Мінскім Палацам дзяцей і моладзі ў рамках праграмы ў падтрымку дзяцей з аўтызмам. За апошнія гады праведзены шэраг мерапрыемстваў з удзелам калектываў “ARS LONGA” і “Менестрэлі”. У планах – арганізацыя сумесных рэпетыцый для адаптацыі дзяцей-аўтыстаў у грамадстве праз мастацтва.

На базе школы мастацтваў праходзяць два міжнародныя мерапрыемствы ў год: фестываль-конкурс фартэпіяннай музыкі імя Міхала Грушвіцкага і фестываль культур “Ракаўскі фэст”. Колькасць і геаграфія ўдзельнікаў фестываляў пашыраецца з кожным годам.

Вялікую ролю ў культурным асяроддзі і жыцці аграгарадка Ракаў адыгрывае тое, што тут працуюць творчыя людзі-аднадумцы: ва ўсіх мерапрыемствах прымаюць актыўны ўдзел прадстаўнікі мясцовай ўлады, святары, дзеці і нават сямейныя дынастыі.

Дырэктар Ракаўскага Цэнтра народнай творчасці Хрысціна Станіславаўна ЛЯМБОВІЧ прызнана лепшым работнікам культуры.

Ініцыятыўная, творчая, рознабаковая, адказная і патрабавальная – усе гэтыя якасці ўвасобіліся ў адным чалавеку. На базе цэнтра працуюць два калектывы з найменнямі: заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны ансамбль “Гасцінец” і дзіцячы ўзорны фальклорны калектыў “Вянок”, кіраўніком якіх з’яўляецца Лізавета Станіславаўна Пятроўская. З мэтай пераемнасці традыцый створаны яшчэ адзін фальклорны калектыў-спадарожнік дзяцей малодшага школьнага ўзросту “Чыжыкі” (4+ гады).

Летась “Гасцінец” і “Вянок” прадстаўлялі беларускі фальклор у Міжнародным тыдні танцавальных фальклорных калектываў “Сустрэча-2018” у Германіі ў горадзе Ібенбюрэн, упершыню ўдзельнічалі ў штогадовым фестывалі спадчыны імя шэйха Заіда ў горадзе Абу-Дабі Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, дзе прадстаўлялі Беларусь у ліку 25 краін свету.

Пад кіраўніцтвам Хрысціны Станіславаўны работнікі цэнтра праводзяць вялікую даследчую работу, вывучаюць народныя традыцыі і абрады, беларускі нацыянальны касцюм, народныя промыслы і рамёствы рэгіёну і рэспублікі. Імі сабраны вельмі багаты песенны матэрыял, які пакладзены ў аснову тэматычных праграм. Важным вынікам гэтай работы з’яўляецца рэканструкцыя нацыянальнага касцюма мясцовага (валожынскага) варыянта вілейскага касцюма: спосаб ткацтва, крой і ўпрыгажэнне касцюма.

У 2016 годзе ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь занесены элемент “Традыцыя ткацтва поясаў у Валожынскім раёне”. У цэнтры працуе дзіцячы гурток “Ткачыхі” пад кіраўніцтвам Х. С. Лямбовіч – у 2015 годзе ёй было прысвоена ганаровае званне “Народны майстар Беларусі”. Існуе вялікая цікавасць да тэхнікі ткацтва поясаў “на ніту”, якая адыгрывае істотную ролю ў папулярызацыі і перадачы элемента як у мясцовых жыхароў, так і сярод турыстаў, што наведваюць установу. Ракаўскі ЦНТ уключаны ў турыстычныя маршруты раёна, і любы жадаючы можа паўдзельнічаць у майстар-класе па поясапляценні. Унікальным брэндам аграгарадка Ракаў сталі традыцыйныя абрадавыя святы. Летась работнікамі ўстановы праведзены 12 свят вёсак.

Па выніках мінулага года ў спіс лепшых работнікаў РУП “Валожынскі жылкамунгас” залічана загадчыца склада Таццяна Міхайлаўна ВЯРШЫЦКАЯ. Але гэта жанчына заўсёды, не толькі летась, працуе сумленна і адзначаецца кіраўніцтвам прадпрыемства за старанне і паспяховасць.

Рабочае месца Таццяны Міхайлаўны знаходзіцца на тэрыторыі жылкамунгаса па вуліцы Дзяржынскага. Тут у складскіх памяшканнях захоўваюцца самыя разнастайныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасці: будаўнічыя матэрыялы, электрычныя прыборы і аксесуары да іх, спецадзенне, інвентар для ўборачных работ, лакафарбавая прадукцыя і ўсе віды аўтамабільнага паліва. Кожны дзень загадчыцы склада даводзіцца ажыццяўляць працэс “прыёмка-выдача”, афармляць кіпу дакументаў і сачыць за парадкам на даручаным участку. Так што хапае ёй і работы, і адказнасці, а спраўляцца, у многім, дапамагае спецыяльнасць па адукацыі – бухгалтар.

Таццяна Міхайлаўна ў штат жылкамунгаса была залічана ў 1997 годзе. Да гэтага часу паспела папрацаваць у гандлі, стварыць сям’ю. У камунальнай сферы пачынала як работнік аддзела добраўпарадкавання. За два дзесяцігоддзі здружылася з калектывам, заваявала аўтарытэт. Акрамя прафесійных абавязкаў, ахвотна раздзяляе з калегамі правядзенне вольнага часу: агульныя турыстычныя паездкі, наведванне тэатраў і канцэртаў, спартыўна-масавых мерапрыемстваў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ, Алена ЗБІРЭНКА, Анжэла РАДЫНА, Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота аўтараў, Сяргея САДОЎСКАГА і Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий