Падзеі мінулага тыдня

Общество

У сувязі з аб’яўленнем гэтага года Годам прадпрымальнасці на афіцыйным сайце райвыканкама размяшчаецца інфармацыя аб выстаўленых на продаж аб’ектах, якія не выкарыстоўваюцца. Ва ўласнасці раёна такіх зараз налічваецца 15, яшчэ 31 належыць райспажыўтаварыству.

***

Чарговае пасяджэнне клуба маладой сям’і “Мы і будучыня” адбылося нядаўна на базе ТЦСАН. Акрамя актыву клуба – а гэта 10 найбольш ініцыятыўных і крэатыўных маладых сем’яў, запрасілі і новыя, з якімі і адбылося знаёмства. На пасяджэнні быў абмеркаваны план работы на год, згодна з якім плануецца правесці 15 рознапланавых мерапрыемстваў, 5 з іх – выязныя.

***

Другакласніца Валожынскай дзіцячай музычнай школы Яна Прыёмка стала пераможцай рэгіянальнага адборачнага тура абласнога конкурсу выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Дзяўчынка вучыцца па класу саксафона ў выкладчыцы Н. В. Усцюжанінай. 25 сакавіка на базе Маладзечанскага музвучылішча адбудзецца абласны конкурс юных выканаўцаў.

***

2011 год аб’яўлены ААН Годам біяразнастайнасці, а таксама Годам леса і балота. У рамках гэтага ў раённым краязнаўчым музеі працуе выстава “Насельнікі Налібоцкай пушчы”. З моманту адкрыцця яе ўжо змаглі наведаць болш за 400 выхаванцаў і школьнікаў навучальных устаноў раёна.

***

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна са Стакгольмскім універсітэтам правялі міжнародную навукова-практычную канферэнцыю “Сацыяльна-педагагічная падтрымка дзецям і сем’ям”. У канферэнцыі прыняла ўдзел дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра С. І. Мучынская.

***

Валанцёры розных навучальных устаноў сталіцы частыя госці ў выхаванцаў Івянецкага дзіцячага дома-інтэрната. Традыцыйную акцыю “Усё салодкае – дзецям” у рамках маладзёжнага праекта ўстановы “Падары сваё сэрца дзецям” правялі навучэнцы Мінскага фінансава-эканамічнага каледжа. У красавіку чакаецца іх візіт з канцэртнай праграмай.

***

З надыходам посту ПУП “Валожынскі кааппрам” павялічвае выпуск посных хлебабулачных вырабаў. Зараз у гандлёвую сетку паступае 4 віды такой прадукцыі: хлеб “Пшанічны”, “Смачны”, “Волна”, “Для дыябетыкаў”. Асвоена тэхналогія яшчэ двух сартоў, гэта будуць хлябы з вотруб’ем.



Добавить комментарий