На Міншчыне падвялі вынікі ідэалагічнай работы

Официально

На выніковую калегію Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама, што праходзіла ў Дзяржынску, сабраліся не толькі кіраўнікі гэтай сферы з усіх куткоў цэнтральнага рэгіёна краіны. Таксама на мерапрыемства прыехалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк, міністры інфармацыі і культуры Аляксандр Карлюкевіч і Юрый Бондар, кіраўнік Міншчыны Анатоль Ісачанка, а таксама яго намеснік Іван Маркевіч.

Ідэалагічны актыў сабраўся не толькі для падвядзення вынікаў за 2018 год, але, як адзначыла начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Таццяна Хмель, “для таго, каб даць поўную, аб’ектыўную ацэнку сфарміраванай вертыкалі і адказаць на пытанне, ці гатова яна вырашаць пастаўленыя кіраўніцтвам краіны і вобласці задачы па захаванні і развіцці значных дасягненняў”.

Выступаючы са справаздачай, Таццяна Мікалаеўна адзначыла сярод іншага надзвычайную важнасць працы ў сацыяльных сетках, падкрэсліла неабходнасць стварэння сайтаў ці хаця б старонак у Інтэрнэце бібліятэк і музеяў.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, выступаючы, падкрэсліў, што нам усім трэба проста гадаваць грамадзян краіны, і роля СМІ ў гэтым адна з вызначальных: “Сёння можна шмат гаварыць пра інтэрнэт. Бясконца даваць ацэнкі яго агрэсіўнасці і неупарадкаванасці, але ясна, што нам не спыніць яго пашырэнне. Пры гэтам важна не згубіць змест, высокі адукацыйны гуманістычны складнік той інфармацыі, якую мы самі генерыруем у інтэрнет-прастору, у сацыяльныя сеткі. Інфармацыя нам неабходна, каб выхаваць чалавека патрыёта, чалавека-стваральніка. Веру, што ўсе вы сёння працуеце і далей будзеце працаваць над вырашэннем гэтай яснай і разам з тым складанай задачы».

Міністр культуры Юрый Бондар у выступленні зрабіў акцэнт на тое, што ключавая роля ў ідэалагічнай рабоце належыць работнікам культуры. Мінская вобласць выканала ўсе даведзеныя паказчыкі ў гэтым накірунку.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімір Жаўняк падзякаваў актыву за працу, асабліва жанчын, бо іх 80% у гэтай сферы. Звярнуў увагу на ролю моладзі: што ў іх укладзем, то і атрымаем у выніку ў будучыні. Парэкамендаваў намеснікам старшынь райвыканкамаў больш увагі надаваць у будучым рабоце з БРСМ. Звярнуўся да ідэалагічнага актыву з патрабаваннем ісці да людзей, аператыўна ацэньваць абстаноўку і прымаць рашэнні.

Старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка падвёў вынік: “у нас ёсць шэраг пытанняў, неабходна перагледзець ідэалагічныя кадры. Добры ідэолаг – гэта адзінкавы тавар. Трэба спалучаць і перспектыву, і вопыт. Мы не павінны стаяць на месцы, але і разумець, што часам лепшае – вораг добрага. Калі мы нешта робім, мы павінны паказаць тое, на што нашы людзі здольныя”.

Таксама ў рамках калегіі былі ўзнагароджаны лепшыя і падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Мінскім аблвыканкамам і Белдзяржуніверсітэтам. Гэта дазволіць весці падрыхтоўку прафесійных кадраў спецыяльна для Мінскай вобласці, у тым ліку якія ўмеюць эфектыўна працаваць у інтэрнэце.

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

і з сайта Мінскага аблвыканкама



Добавить комментарий