Беларусь мае патрэбу ў нацыянальнай ідэі, якую падтрымае ўвесь народ

Официально

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасці, беларускіх і замежных СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Мы дагэтуль не змаглі выразна сфармуляваць нацыянальную ідэю. Вось такую ідэю, якая захапіла б увесь народ. Усё, што мне прапаноўвалі (патрыятызм, суверэнітэт, незалежнасць у якасці нацыянальнай ідэі. — Заўвага БЕЛТА), нешта збіта, нешта не падыходзіць нам, не кладзецца на сэрца і душу, як у народзе кажуць. Быў бы вельмі ўдзячны, калі б нехта сфармуляваў гэту ідэю і пераканаў мяне ў тым, што гэта тое, што трэба», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама прапанаваў вызначыць форму абмеркавання беларускім грамадствам нацыянальнай ідэі, каб яна прыйшлася даспадобы ўсяму народу.

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на недахопы ў ідэалагічнай рабоце ў краіне. «Час змяніўся, трэба ісці нейкім іншым шляхам», — заявіў ён.

У сувязі з абмеркаваннем форм работы Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму акцыі «Бессмяротны полк» і звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць свая акцыя «Беларусь памятае», падобная па сутнасці і знешняй форме. Прычым акцыя «Беларусь памятае» з’явілася ў Беларусі значна раней, чым «Бессмяротны полк» у Расіі. «Мы вітаем, што браты-расіяне звярнуліся да гэтай формы, але ў нас свая назва», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што патрэбны новыя формы ідэалагічнай работы, напрыклад, флэш-мобы, якія павінны быць накіраваны перш за ўсё на моладзь. «Яны больш разумеюць праз флэш-моб, чым праз нейкую там дэманстрацыю, першамайскую дэманстрацыю, якія ў нас некалі былі. Хоць і гэта не трэба забываць. Паглядзіце, колькі людзей прыходзяць на дэманстрацыі і парады 9 Мая. Паступова мы ўцягнулі, груба кажучы, моладзь у гэту добрую справу», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што трэба выпрацаваць фундаментальныя напрамкі ідэалагічнай работы. Ён таксама падкрэсліў, што калі ў краіне з’яўляецца новая форма такой работы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, трэба зрабіць так, каб гэта стала традыцыяй. «Гэта будзе наша беларускае, каб дзецям маглі пакінуць», — дадаў Прэзідэнт.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий