Валожынская дзіцячая музычная школа

Общество

Ужо чацвёрты год Алеся Казерская і Аксана Зянько займаюцца па класу акардэона ў Валожынскай дзіцячай музычнай школе пад кіраўніцтвам вопытнага выкладчыка С. Я. Салавей. Немалы стаж работы дапамог Святлане Яфімаўне запрыкмеціць у дзяўчынак здольнасці да музыкі. Старанныя, добрасумленныя вучаніцы прагна спасцігалі азы музычнага майстэрства і ў хуткім часе дасягнулі значных поспехаў. Таму і было вырашана стварыць творчы тандэм.
Юныя акардэаністкі спачатку ігралі на канцэртах у школе, потым на розных святочных мерапрыемствах у раённым цэнтры культуры. Але для крэатыўнай натуры Святланы Яфімаўны, якая заўсёды прагне новаўвядзенняў, нечага незвычайнага, гэтага аказалася недастаткова. Педагогу не падабалася гучанне толькі двух акардэонаў. Таму яна і папрасіла свайго старэйшага сыны-музыканта, які захапляецца камп’ютэрнай апрацоўкай музыкі, зрабіць для яе падапечных добрую аранжыроўку. З таго часу разам з жывым выкананнем пачала гучаць музыка на CD-дыску, і рэпертуар стаў больш разнастайны, набыў сучасную жанравую стылістыку.
Зараз без дзяўчынак не абыходзіцца ніводнае раённае свята. Усюды яны жаданыя госці. Алеся з Аксанай заўсёды і з радасцю адгукаюцца на запрашэнні выступіць са сваім нумарам, хоць і атрымліваюць за гэта толькі гарачыя апладысменты. Першапачатковай боязі сцэны ўжо няма – ад яе вылечыла сама сцэна.
Педагог вучыць сваіх выхаванак выходзіць на сцэну эфектна, іграць з усмешкай, жвава «танцуючы» пальцамі па клавішах акардэона, каб у гледачоў склалася ўражанне, што гэта вельмі лёгка і проста, – такая задача стаіць перад любым артыстам. Нездарма ж вялікі кампазітар П. І. Чайкоўскі зазначыў, што «прыгажосць у музыцы – у прастаце і натуральнасці».
Але ружы без шыпоў не бывае. На канцэртах дзяўчаты выступаюць, стоячы на нагах, трымаючы на сваіх кволых плячах зусім нялёгкі музычны інструмент. За знешняй лёгкасцю і бездакорным музычным выкананнем хаваюцца доўгія гадзіны заняткаў, штодзённае дамашняе самастойнае развучванне твораў, частыя рэпетыцыі – усё гэта трэба для развіцця бездакорнай тэхнікі і тэмпу ігры. У канцы кожнага паўгоддзя праходзяць акадэмічныя канцэрты, перавадныя экзамены. Нагрузкі значныя. Плюс вучоба ў гімназіі з бясконцымі кантрольнымі, рэфератамі, лабараторнымі, хатнімі заданнямі, факультатывамі. Дзяўчаты часта прыходзяць дахаты ў сёмай гадзіне вечара. Як яны ўсё паспяваюць?! У адказ нічога дзіўнага не пачула: «Заўсёды і ва ўсім трэба быць арганізаваным!» Маладым акардэаністкам падабаецца такі рытм жыцця. Аксана Зянько вучыцца ў дзевятым класе. Адзнакі ў яе бліскучыя. Дзяўчына збіраецца паступаць у Маладзечанскае музвучылішча. П’есы, гамы, санаты, сюіты, народныя творы – усё гэта і многае іншае трэба бездакорна ўмець выконваць. Аднак Аксана знаходзіць час і на іншыя захапленні: любіць вышываць крыжыкам, а раней нават займалася лацінаамерыканскімі танцамі.
Сямікласніца Алеся Казерская ад сяброўкі не адстае. Вучыцца на «восем»-«дзесяць», любіць рускую мову, фізіку і геаграфію, умее плесці з бісеру арыгінальныя рэчы. А вось кім стаць у будучым, яшчэ не вызначыла: сумняваецца паміж архітэктурным і юрыдычным напрамкамі.
Пагаварыла я з дзяўчатамі, пачула, як яны цудоўна выконваюць на акардэоне модныя зараз і добра вядомыя п’есы Астора П’яцолы «Лібертанга», «Менуэт» Поля Марэа, «Блакітную канарэйку» Вінчэнта Фларыны, і яшчэ больш упэўнілася: музыка выхоўвае чалавека, фарміруе характар.
А яшчэ мне здаецца: поспехі вучня ў вялікай ступені залежаць ад узаемаадносін з выкладчыкам. С. Я. Салавей прызналася, што заўсёды размаўляе з дзяўчатамі, як з сяброўкамі, і працаваць з імі для яе – адно задавальненне. Потым педагог з разгубленасцю дадала, што як скончаць яны музычную школу, дык не ведае, з кім можна будзе працягваць гэту творчую справу.
Калі зазірнуць у этымалагічны слоўнік, можна даведацца, што слова «акорд» утварылася ад лацінскага cordis – «сэрца». Далей па правілах марфемікі атрымліваецца нешта накшталт «сасардэчча» альбо «сэрцы б’юцца ў такт». Таленавітыя акардэаністкі з Валожынскай музычнай школы і іх выдатны педагог пацвярджаюць гэта!

Алена ПАШКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий