Вучыліся дзейнічаць у надзвычайных абставінах

Официально

Нядаўна на тэрыторыі рамонтных майстэрняў ААТ «Агра-Дубінское» прайшлі інструкцыйныя заняткі, наладжаныя работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях для кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Валожыншчыны. У рамках мерапрыемства адпрацоўваліся навыкі аказання сардэчна-лёгачнай рэанімацыі, карыстання вогнетушыцелямі, выратавання чалавека з задымленага памяшкання і інш.

На інструкцыйныя заняткі пад эгідай міжведамаснай акцыі «Адзіны дзень бяспекі» былі запрошаны 33 кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Найперш начальнік РАНС Аляксандр Ігаравіч Сівы правёў з прысутнымі мэтавы інструктаж па ахове працы. А затым пачаліся практычныя заняткі. Кожны з удзельнікаў мерапрыемства паспрабаваў на спецыяльным манекене адтачыць тэхніку правядзення штучнага дыхання і непрамога масажу сэрца. Затым запрошаныя патрэніраваліся апранаць процівагазы. Пасля таго, як апошні сродак індывідуальнай бяспекі быў прымераны і адкладзены ўбок, прагучаў гучны гудок сірэны. Гэта быў сігнал грамадзянскай абароны «Увага усім!», прызначаны інфармаваць насельніцтва аб надзвычайнай сітуацыі. Калі яго пачуеш, трэба неадкладна уключыць радыёпрыёмнік, тэлевізар і дзейнічаць па прадыктаваных рэкамендацыях.

Таксама выратавальнікі прадэманстравалі магчымасці спецтэхнікі, якая выкарыстоўваецца пры ліквідацыі пажараў, вучылі карыстацца вогнетушыцелем, хутка апранаць баявую вопратку. Самыя адважныя патрэніраваліся ў выратаванні ўмоўна-пацярпелага з задымленага памяшкання, навучыліся спосабу выратавання метадам прамысловага альпінізму, а таксама паспрабавалі патушыць пажар з дапамогай ручных і лафетных ствалоў.

       

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *