Сямейны ўрач Івянца

Іна Юр’еўна МІКАЛАЕВА працуе ўрачом-гінеколагам Івянецкай гарпасялковай бальніцы. Хацела быць хірургам, Гродзенскі медуніверсітэт скончыла па спецыяльнасці сямейны ўрач, а на справе ўжо дваццаць пяць гадоў займаецца здароўем жанчын.   

Пра адну з самых гуманных прафесій марыла з дзяцінства – вялікі ўплыў аказаў колішні галоўны ўрач Івянецкай бальніцы Мечыслаў Вацлававіч Акулінскі і яго жонка Тамара Іванаўна, што працавала фельчарам у мясцовай школе. Бацькі сябравалі з імі сем’ямі, і Іна проста захаплялася гэтымі людзьмі – ёй імпанавала ўсё: і сама справа, якой яны займаліся, і адносіны да яе. З першага разу паступіць у медыцынскі не ўдалося, аднак здавацца дзяўчына не жадала: пайшла працаваць санітаркай у Івянецкі касцёватуберкулёзны дзіцячы санаторый, дзе цяпер размяшчаецца дзіцячы сад. І ўжо ў 1994 годзе вярнулася на сваю малую радзіму дыпламаваным урачом. А летась яе работа была адзначана на самым высокім прафесійным узроўні – Ганаровай граматай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

На ўчастку няма мацярынскай смяротнасці, палепшыліся паказчыкі абследавання жанчын – І. Ю. Мікалаева асвоіла апарат УГД. Актыўна праводзіць работу па выкананні праграмы дэмаграфічнай бяспекі – пасля псіхалагічных гутарак са сваім урачом многія яе пацыенткі адмаўляюцца ад абортаў і нараджаюць дзяцей. У штодзённай практыцы хапае ўсяго: і складанасцей, і непаразуменняў, і цяжкіх выпадкаў, бо на доктары ляжыць вялікая адказнасць за здароўе прадаўжальніц чалавечага роду. Аднак колькі радасці з’яўляецца ў душы Іны Юр’еўны, калі будучая матуля прыходзіць станавіцца на ўлік па цяжарнасці, а пасля на працягу дзевяці месяцаў аглядае, кансультуе сваю пацыентку, сочыць за развіццём маленькага чалавечка. Гінекалогія цесна пераплятаецца з сям’ёй, а атрыманыя тэарэтычныя веды як сямейнага ўрача дапамагаюць у рабоце з іншага боку паглядзець на кожную канкрэтную сітуацыю. Аднойчы дадзеная клятва Гіпакрата стала для яе сапраўдным сэнсам жыцця, і дэвіз “Не нашкодзь!” ператварыўся ў яшчэ больш мудры і прафесіянальны “Дапамажы!”.

 

Алена ЗАЛЕСКАЯ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars