Яе сакавіцкі трафей

Алена Аляксееўна ЮША – адзіная прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва ў сваім невялічкім працоўным калектыве. Яе брутальныя калегі прафесіянальна займаюцца такой спрадвечнай мужчынскай справай, як паляванне.

Офіс раённага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў размяшчаецца па вуліцы Матросава, 1. Гэта сучасны, даволі вялікі будынак. І менавіта Алене Аляксееўне як дбайнай гаспадыні даводзіцца штодзень клапаціцца пра ўтульнасць у ім. Эстэтыку забяспечваюць пакаёвыя кветкі, арыгінальныя фотаздымкі, зробленыя на прыродзе, шматлікія медалі і кубкі за дасягненні членаў таварыства ў разнастайных спаборніцтвах. На адной сцяне можна пабачыць і Ганаровую грамату з дзясяткам подпісаў – адзнака Алены Аляксееўны як майстра па прыгатаванні страў з паляўнічых трафеяў. Але ж асноўны занятак гэтай прывабнай, усмешлівай жанчыны – вядзенне бухгалтарскіх справаздач, з якімі яна таксама спраўляецца на выдатна.

З нагоды першага вясновага свята Алена Аляксееўна, безумоўна, атрымае віншаванні ад егераў, кіраўніцтва арганізацыі. А дома цяплом і ўвагай яе атуляць самыя родныя: муж, два сыны, нявестка, унук, унучка. У сямейным коле, за сталом са смачнымі пачастункамі, усе любяць паслухаць байкі з жыцця паляўнічых, рыбаловаў, пажартаваць, падзяліцца планамі на будучыню…

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Валянціны КРАЎНЕВІЧ

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars