Адданая спорту

Рэдакцыя сумесна з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама праводзіць творчы праект пад назвай “Вучань года”. Кожную пятніцу мы знаёмім чытачоў з таленавітымі і ініцыятыўнымі, творчымі і крэатыўнымі школьнікамі, якія ведамі, розумам, стараннем і дасягненнямі праслаўляюць раён, сваю школу, настаўнікаў і сябе.

Штогод з мэтай выяўлення, падтрымкі і развіцця інтэлектуальна-творчага патэнцыялу сярод вучняў 3-11 класаў праводзіцца раённы конкурс, які вызначае самых лепшых, самых дапытлівых, самых эрудзіраваных рабят раёна. Летась у арганізацыйны камітэт паступілі 52 заяўкі з 15 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Журы вызначыла 37 пераможцаў у 18 намінацыях.

За плячамі ўдзельнікаў шматлікія перамогі на прадметных алімпіядах, паспяховая абарона творчых праектаў, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, удзел у спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах, грамадскім жыцці школы і горада. Трэба, каб пра іх ведалі ўсе, імі ганарыліся, з іх бралі прыклад.

АДДАНАЯ СПОРТУ

Ганаровы вучнёўскі тытул у намінацыі “Адданы спорту” вучаніца 5 “Б” класа сярэдняй школы № 2 г. Валожына Аліна БУНКЕВІЧ заслужыла сур’ёзнымі спартыўнымі дасягненнямі.

Настольным тэнісам дзяўчынка займаецца другі год, за гэты час дабілася значных вынікаў, стала адной з мацнейшых тэнісістак раёна ў сваёй узроставай катэгорыі. Яна тройчы атрымлівала перамогі ў камандным і асабістым заліках на спаборніцтвах абласнога ўзроўню, прымала ўдзел у рэспубліканскіх. Так, у “Турніры мацнейшых” заваявала 4-е месца. Сёння Аліна мае 1-ы дарослы разрад і ўваходзіць у склад зборнай Мінскай вобласці ў адпаведнай узроставай катэгорыі.

Падчас Чэмпіянату і Кубка вобласці па настольным тэнісе, якія нядаўна праходзілі ў Валожыне на базе ДЮСШ, юную спартсменку прыцягвалі і да судзейства. З часам яна зможа атрымаць судзейскі білет і будзе мець права судзіць спаборніцтвы розных узроўняў.

Вядома, што поспеху і добрых вынікаў у любой справе можна дабіцца толькі ўпартай працай. Дзяўчынка ўжо ў пачатковай школе вызначылася, што хоча займацца настольным тэнісам, і робіць для гэтага ўсё магчымае. Некалькі разоў на тыдзень пасля ўрокаў у школе яна спяшаецца на трэніроўкі ў ДЮСШ. Настольны тэніс патрабуе тэхнікі, тактыкі, псіхалогіі і фізічнай падрыхтоўкі. Спартсмен павінен валодаць вынослівасцю і хуткасцю, бо матч можа доўжыцца і больш за гадзіну. Наогул, настольны тэніс – інтэлектуальны від спорту, падчас гульні трэба пастаянна сачыць за сапернікам, глядзець, да чаго ён рыхтуецца, і пралічваць свае варыянты.

Кожнае спаборніцтва выклікае ў дзяўчынкі шмат эмоцый і станоўчых пачуццяў. Яна расказвае, што ўдалыя паядынкі, перамогі заўсёды падбадзёрваюць, дадаюць сіл для трэніровак, хочацца дабівацца большага, а пройгрышы застаўляюць рабіць высновы, каб ісці далей. Пра яе вялікае жаданне стаць першай і заваяваць прызавое месца нагадваюць шматлікія дыпломы і бліскучыя медалі.

У школьніцы хапае часу і на спорт, і на вучобу, і на хатнія справы. Класны кіраўнік гаворыць пра яе як вельмі адказную, дружалюбную, заўсёды гатовую падтрымаць і дапамагчы, адгукнуцца на просьбу таварышаў. Аліна – ініцыятыўны ўдзельнік разнастайных пазакласных мерапрыемстваў, мае актыўную грамадскую пазіцыю. Таму ў юнай спартсменкі шмат сяброў. Рабяты ведаюць пра яе заслугі ў настольным тэнісе і ганарацца тым, што вучацца ў адным класе.

Анжэла РАДЫНА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars