Дзень добры, свет!

Кожныя два гады ў рэспубліцы праводзіцца агляд-конкурс дзіцячай творчасці “Дзень добры, свет!”. У гэтым годзе ён – пяты і прысвечаны Году малой радзімы. Дэвіз агляду – “Я бачу свет: ад вытокаў у будучыню”. Мэтай з’яўляюцца развіццё дзіцячай мастацкай творчасці, выяўленне і падтрымка таленавітых вучняў.

Ужо адбыліся раённы і рэгіянальны этапы. Конкурс праходзіў па розных намінацыях: тэатральная, вакальная і харэаграфічная творчасць, дэкаратыўна-прыкладное і выяўленчае мастацтва.

Выхаванцы ўстаноў адукацыі раёна сталі актыўнымі ўдзельнікамі гэтага мерапрыемства. Вершы і байкі выконвалі вучні з Багданаўскай, Пяршайскай, Дорскай сярэдніх школ, а таксама Івянецкага і Валожынскага цэнтраў дзіцячай творчасці. Вакальнае і харэаграфічнае мастацтва дэманстравалі вучні гімназіі № 1 г. Валожына, СШ № 1 г. Валожына, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна, Івянецкага цэнтра дзіцячай творчасці.

Цікавыя і разнастайныя па жанры і тэхніцы выканання былі работы дзяцей, якія спаборнічалі ў намінацыі “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць і выяўленчае мастацтва”. Колькі фантазіі, імкнення да стварэння прыгажосці ў малюнках і сувенірах прадэманстравалі рабяты! У кожнай рабоце – подых малой радзімы, хараство роднага краю і позірк у будучыню.

6 сакавіка ў горадзе Узда Мінскай вобласці праходзіць абласны этап конкурсу. У ім прымаюць удзел пераможцы рэгіянальных этапаў. Спадзяёмся, што ён прынясе юным аматарам дзіцячай творчасці заслужаныя ўзнагароды.

Ірына ВАНЬКОВІЧ,

метадыст ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна”

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars