Аб’яднала захапленне

Непаўторныя эксклюзіўныя рэчы, выкананыя ў тэхніцы бісерапляцення, былі прадстаўлены на выставе “Рознакаляровае полымя”, якая праходзіла ў памяшканні народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”.

Адразу тры ўмельцы Таццяна Пятроўна Часнок, Данута Вікенцьеўна Южык і Жанна Яўгеньеўна Мойса з Суднікаў завіталі на прэзентацыю выставы, каб расказаць пра сваё захапленне. Усе яны – людзі творчыя. Таццяна Пятроўна ўжо 22 гады з’яўляецца загадчыкам установы культуры клубнага тыпу, пры якой працуе некалькі гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку і “Пацерка”, што дзейнічае з 2003 года. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем наведваюць заняткі. За 16 гадоў рамяству бісерапляцення навучылася не адно пакаленне. Рабяты пачынаюць з маленькай кветачкі, а затым лёгка спраўляюцца з цэлымі букетамі. Тыя, хто авалодаў майстэрствам, дзеляцца вопытам і ўменнямі з сябрамі, якія толькі пачалі асвойваць гэту цікавую справу. Маленькіх наведвальнікаў у клубнай установе заўсёды шмат. У рабят ёсць магчымасць забегчы сюды нават на перапынку, бо мясцовая школа знаходзіцца побач. А ў летнюю пару навучыцца плесці бісерам у гурток прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, што прыязджаюць да бабуль і дзядуляў адпачыць на канікулы.

Пяць гадоў назад Таццяна Пятроўна заахвоціла паспрабаваць сябе ў бісерапляценні сябровак Дануту Вікенцьеўну, якая ў той час таксама працавала ў клубнай установе, і Жанну Яўгеньеўну – мясцовага бібліятэкара. Між іншым, будынак сельскай бібліятэкі таксама знаходзіцца побач са школай. Занятак захапіў і аб’яднаў жанчын. Ужо колькі гадоў вечарамі майстрыхі збіраюцца разам і “круцяць”, як яны гавораць, бісер. Нанізваюць яго на жорсткі, здольны трымаць форму дрот, затым збіраюць гатовыя вырабы. Справа гэта карпатлівая, патрабуе шмат увагі, засяроджанасці і ўседлівасці. Бывае так нагледзяцца, што вочы баляць, але трохі адпачнуць – і зноў бяруцца за любімы занятак. Калі трэба выканаць работу хутчэй, ажыццяўляюць яе ўсе разам. Рукадзельніцы гавораць, што бісерапляценне – цікавае і вельмі займальнае хобі. Яно ратуе ад напружання паўсядзённага жыцця, дазваляе не толькі адпачыць душой і забыцца на час, але і ствараць уласнымі рукамі арыгінальныя рэчы.

У бібліятэцы пастаянна працуе выстава работ гэтага творчага калектыву. У наведвальнікаў ёсць магчымасць не толькі палюбавацца прадстаўленымі тут вырабамі з бісеру, але і набыць іх. Для жадаючых Жанна Яўгеньеўна з задавальненнем правядзе майстар-клас. Так яна перадае сваю прыхільнасць да справы аднавяскоўцам.

Работы жанчын прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца ў клубнай установе, выстаўляюцца на мясцовых і раённых святах. Выкарыстоўваюць іх майстрыхі і як сувеніры, дораць родным, блізкім і не толькі. Калі ёсць нагода павіншаваць механізатараў, жывёлаводаў і інш., сяброўкі адпраўляюцца прама на іх працоўнае месца. Акрамя таго, што паднясуць сувенір, абавязкова раскажуць верш, гумарэску, паспяваюць, прапануюць перыядычныя выданні пачытаць. Асабліва ўдзячныя візітам сябровак людзі пажылога ўзросту, якім вельмі неабходны ўвага і клопат.

Захапленне бісерапляценнем дазваляе творцам атрымліваць задавальненне самім і дарыць радасць іншым людзям.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars