Разам за бяспеку на дарогах

Ва Упраўленні ўнутраных спраў Мінаблвыканкама падвялі вынікі творчага конкурсу на лепшы матэрыял у сродках масавай інфармацыі пад назвай “ДАІ і СМІ – за бяспеку на дарогах”. Наша “Працоўная слава” прызнана пераможцам у намінацыі “За цеснае і плённае супрацоўніцтва”.

Урачыстасць з гэтай нагоды прайшла 6 сакавіка ва УУС Мінаблвыканкама ў сталіцы. Мерапрыемства пачалося ля помніка супрацоўнікам органаў унутраных спраў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, з цырымоніі ўзнагароджання работнікаў ДАІ Мінскай вобласці, што дасягнулі высокіх вынікаў у службовай дзейнасці. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі з рук начальніка Дзяржаўтаінспекцыі рэспублікі Д. М. Карзюка, намесніка начальніка УУС Мінаблвыканкама В. А. Казлова, прадстаўніка службы бяспекі Прэзідэнта С. У. Чэпікава.

Ушанаванне журналістаў адбылося ў абноўленай малой зале ўпраўлення. Дзмітрый Міхайлавіч Карзюк падзякаваў лепшым прадстаўнікам СМІ Міншчыны за канструктыўнае ўзаемадзеянне, адзначыўшы, што без матэрыялаў, відэа- і радыёсюжэтаў, накіраваных на прафілактыку дарожна-транспартнага траўматызму, работа міліцыянераў не была бы бачнай. “Асабіста для мяне бяспека дарожнага руху – гэта, у першую чаргу, разуменне адказнасці перад самім сабой і перад грамадствам, – падкрэсліў ён. – Што трэба рабіць і як трэба жыць, каб было бяспечна. Калі паглядзець статыстыку за апошнія дзесяць гадоў – для гісторыі зусім непрацяглы прамежак часу, але я мяркую па рабоце, па тым, што зроблена: з 1700 дарожна-транспартных здарэнняў у 2009 годзе да 549-і – летась. Не буду гаварыць пра дзяцей, бо вельмі хочацца, каб ніхто з іх не пацярпеў. Асноўная задача – збегарчы нашу будучыню. Летась мы вынеслі на разгляд рэспубліканскай камісіі па бяспецы дарожнага руху новую праграму пад назвай “Добрая дарога”, якую падтрымалі. Яна досыць амбіцыйная, аднак лічу, чым складаней задача – тым цікавей над ёй працаваць. Праграма разлічана да 2025 года, у яе рэалізацыі прымуць удзел многія міністэрствы, такія як транспарту і камунікацый, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, іншыя органы дзяржкіравання. Асноўны ўпор зроблены на інжынерныя рашэнні, накіраваныя ў першую чаргу на мінімізацыю пешаходных пераходаў, што знаходзяцца на адным узроўні на магістральных і рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах, дзеля таго, каб пазбегнуць вялікай колькасці наездаў транспартных сродкаў на пешаходаў. Устаноўка бар’ернай агароджы з мэтай пазбягання лабавых сутыкненняў пры выездзе на паласу сустрэчнага руху, актыўнае будаўніцтва пешаходных і веласіпедных дарожак, іх дадатковае асвятленне”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел начальнік аддзела па рабоце са СМІ Мінаблвыканкама С. А. Кісель, намеснік начальніка УУС Мінаблвыканкама І. Л. Падвойскі, начальнік ДАІ Мінскай вобласці М. М. Караткевіч. Кіраўнікі адзначылі вельмі важную работу, якую журналісты робяць кожны дзень сумесна з прадстаўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі для бяспекі на дарогах.

 Таксама ў гэты дзень прайшла нарада прадстаўнікоў раённых Дзяржаўтаінспекцый з удзелам начальніка УУС Мінаблвыканкама В. А. Казлова, на якой былі абмеркаваны актуальныя пытанні службовай дзейнасці падраздзяленняў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars