За адукацыяй — будучыня

Адбылося пасяджэнне савета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама. У павестцы дня – падвядзенне вынікаў работы сістэмы за 2018 год.

Пляцоўкай для правядзення вялікай нарады была абрана гімназія № 1. У першай частцы сустрэчы, на якую запрасілі кіраўнікоў устаноў, старшынь прафсаюзных арганізацый, лепшых педагогаў раёна, адбыліся стэндавыя прэзентацыі чатырох пераможцаў раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў адукацыі. Прэзентавалі работу кіраўнікі – Наталля Станіславаўна Казак (дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці “Расінка”), Тамара Дзмітрыеўна Картыннік (Ракаўскі яслі-сад “Сонейка”), Юзэфа Іосіфаўна Кулак (Івянецкая СШ), Аксана Віктараўна Сафронава (“Пугачоўскі ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа”). Як вядома, эфектыўная работа школы ці дзіцячага сада залежыць ад зладжанасці ўзаемадзеяння педагагічнага і вучнёўскага калектываў. Таму прадставіць вопыт сваіх устаноў дырэктарам і загадчыкам дапамагалі настаўнікі і вучні.

З вынікамі фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў сферы адукацыі, спорту і турызму пазнаёміла прысутных начальнік упраўлення Таццяна Мікалаеўна Крыкала. Было адзначана: на фінансаванне сістэмы ў мінулым годзе з раённага бюджэту было накіравана 17476656 рублёў, што на 16,9% больш, чым у 2017 годзе. Бюджэтныя сродкі расходваліся на ўдасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў і стварэнне ў іх бяспечных умоў. Значная сума (129469 руб.) выдзелена на рамонты, набыццё спартыўнага інвентару і абсталяванне (23437 руб.). Для арганізацыі падвоза навучэнцаў Гародзькаўскага ВПК набыты аўтобус ПАЗ, а гэта 72500 руб. На супрацьпажарныя мерапрыемствы пайшло звыш 28000 руб.

Галоўны спецыяліст Тэрэза Іванаўна Кулеш далажыла аб развіцці кадравых рэсурсаў сістэмы. На працягу года ў раёне працягвалі дзейнасць 29 устаноў адукацыі, у тым ліку 9 вучэбна-педагагічных комплексаў, якія наведвалі 4612 выхаванцаў. Працавалі ва ўстановах адукацыі і спорту 1315 работнікаў, з іх 727 – педагогі. Дарэчы, на ўзроўні вобласці, кадравая палітыка Валожынскага ўпраўлення прызнана лепшай. Лідзіруе валожынская адукацыя і па росце зарплаты.

Што тычыцца развіцця агульнай сярэдняй адукацыі (дакладвала галоўны спецыяліст Алена Міхайлаўна Грыбоўская), было падкрэслена: агульная колькасць навучэнцаў вырасла ў праўнанні з 2017 годам і складае 3430 хлопчыкаў і дзяўчынак. У школах вялікая ўвага надаецца ўдасканаленню мадэлі профільнага навучання, пашыраецца пералік прадметаў міжшкольнага факультатыва. Расце працэнт вучняў выпускных класаў, якія здаюць экзамены на дастатковым і высокім узроўнях. Ёсць цудоўныя вынікі ЦТ. У 2018 годзе ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі паступілі 82,8 % выпускнікоў.

Галоўны спецыяліст Вольга Анатольеўна Красоўская падвяла вынікі выхаваўчай работы. У дакладзе зроблены акцэнт на садзейнічанні станаўленню асобы грамадзяніна і патрыёта, прафесіянала-працаўніка, адказнага сем’яніна. У школах сфарміравана мадэль арганізацыі шостага дня, галоўнымі складальнікамі якога з’яўляюцца фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа, працоўнае выхаванне і прафарыентацыя. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі назіраецца рост навучэнцаў, якія наведваюць заняткі па інтарэсах.

Аб стварэнні належных умоў для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця вяла размову намеснік дырэктара ЦКРНіР Таццяна Іосіфаўна Івашка. Доля вучняў, якія атрымліваюць адукацыю ва ўмовах інтэгрыраванага навучання і выхавання, інклюзіўнай адукацыі, – 87 %. Ахоп ранняй комплекснай дапамогай гэтай катэгорыі складае 99%.

Падчас пасяджэння была прааналізавана работа вучэбна-метадычнага кабінета (загадчык – Вера Іванаўна Каранік), а таксама разгледжана выкананне паказчыкаў Комплексу мерапрыемстваў для забеспячэння рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016-2020 гады. З вялікім дакладам аб стане спраў у развіцці фізічнай культуры і спорту выступіла галоўны спецыяліст Валянціна Валер’еўна Башаркевіч. Вынікі галіны радуюць: маюцца ўзнагароды ў мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Усё больш актыўна за паслугамі фізкультурна-аздараўленчага кірунку звяртаецца дарослае насельніцтва раёна. Надаецца вялікая ўвага развіццю турызму, праводзіцца пастаянная работа па паляпшэнні інфраструктуры.

Завяршылася мерапрыемства цырымоніяй узнагароджвання. З рук начальніка ўпраўлення заслужаныя ўзнагароды за перамогу ў раённым конкурсе на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў адукацыі атрымалі кіраўнікі лепшых устаноў. За плённую працу ў сістэме адукацыі, высокі прафесіяналізм падзякай начальніка галоўнага ўпраўлення адзначаны настаўнік Івянецкай СШ,

І. С. Бяззубенка, метадыст І. У. Бобрык, выхавацель ясляў-сада “Пралеска” В. Ф. Гомель, сацыяльны педагог СПЦ Ю. У. Ждановіч, настаўнік Чэхаўшчынскай школы-інтэрната Н. Л. Кузаўлёва, загадчык паланава-эканамічнага сектара ўпраўлення А. Э. Рыснік, настаўнік Вішнеўскай школы Т. В. Стасяловіч, настаўнік СШ № 2 С. М. Шаўлюк. За высокія дасягненні ў сферы адукацыі і творчы падыход да справы Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення атрымалі настаўнік СШ № 2 В. І. Бацян, метадыст ЦТДіМ І. С. Ваньковіч, педагог цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” Л. Г. Кербедзь, загадчык ясляў-сада “Лесавічок” К. М. Мазанік, дырэктар Суднікаўскай СШ І. У. Юсцік. Старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская звярнулася да работнікаў адукацыі са словамі віншавання і ўручыла ганаровую грамату Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Алене Іванаўне Мілюткінай.

У лютым бягучага года падчас выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама ўзнагароджана Дыпломам лаўрэата абласнога конкурсу “За дасягненне высокіх паказчыкаў ў развіцці адукацыі” па выніках 2018 года ў намінацыі “Лідар у стварэнні аптымальнага адукацыйнага асяроддзя”.

Вынікі года паказалі станоўчую дынаміку развіцця сістэмы адукацыі раёна па ўсіх кірунках дзейнасці. Задачы, пастаўленыя падчас пасяджэння савета, дазволяць забяспечыць паспяховае функцыянаванне і развіццё галіны ў 2019 годзе.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара

 

Наталля Станіславаўна КАЗАК, Юзэфа Іосіфаўна КУЛАК, Таццяна Мікалаеўна КРЫКАЛА, Тамара Дзмітрыеўна КАРТЫННІК, Аксана Віктараўна САФРОНАВА.

 

Заслужаная ўзнагарода ўручана настаўніку фізічнай культуры з СШ № 2 Сяргею Міхайлавічу ШАЎЛЮКУ.

 

Настаўнік геаграфіі з Вішнева Таццяна Віктараўна СТАСЯЛОВІЧ.

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars