Падтрымка i вiншаванне пажылым

З мэтай сацыяльнай падтрымкі адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян у медыцынскіх установах Валожыншчыны створаны спецыяльныя койкамесцы. Сёння ў Івянецкай і Ракаўскай бальніцах атрымліваюць догляд і лячэнне 34 пажылыя жанчыны і мужчыны. Тут для іх абсталяваны асобныя палаты, а Пяршайская бальніца сястрынскага догляду цалкам працуе для дадзенай катэгорыі.

У гэтай установе зараз ўтрымліваюцца 23 жыхары раёна. Некаторыя з іх з надыходам цяпла вернуцца ў свае дамы – бальнічны ложак проста дапамагае ім перазімаваць. Аднак ёсць і больш цяжкія пацыенты, якія ўжо ніякім чынам не могуць сябе абслугоўваць. Медыцынскім персаналам бальніц створаны належныя ўмовы для таго, каб пажылыя людзі, незалежна ад дыягназаў і ўзросту, адчувалі сябе ўтульна.

Напярэдадні Дня жанчын супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый правялі дабрачынную акцыю, падчас якой наведалі ўстановы ў Пяршаях, Ракаве, Івянцы і павіншавалі пацыентаў са святам. Кветкі ад раённага аб’яднанага прафсаюза атрымалі жанчыны, а вось тортамі ў гэты дзень частавалі і мужчын. У госці да пажылых людзей накіраваліся інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Валянціна Уладзіміраўна Гаспарэвіч, адказны сакратар раённага Савета ветэранаў Лілія Іванаўна Нахай, валанцёры ад РК ГА “БРСМ” Уладзіслаў Дарошка і Сяргей Дзядзейка. Да віншаванняў далучыліся і самадзейныя артысты – удзельнікі клуба “Верас” РЦК Антон Іосіфавіч Таўгень і Лілія Расціславаўна Саевіч. Каманда дабрачыннікаў завітала і ў вёску Камень, дзе пражывае адзіная ў раёне замяшчальная сям’я. Мясцовая жыхарка Валянціна Іосіфаўна Кушнір даглядае адзінокую бабулю – Софію Антонаўну Луканевіч.

У гэты ж дзень загадчык аддзялення дзённага знаходжання пажылых грамадзян ТЦСАН Ірына Валер’еўна Кавяза здзейсніла паездку ў Ракаў, дзе пражываюць Ганна Каспераўна Янушкевіч, Ларыса Уладзіміраўна Халявінская, Валянціна Пракопаўна Паўлоўская і Леанарда Лявонцьеўна Кукліс – удзельніцы сацыяльнага праекта “Папярэджванне кагнітыўных узроставых змяненняў у пажылых людзей горада Валожына і Валожынскага раёна”, што рэалізуецца ў рамках праграмы “Месца сустрэчы – дыялог” пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонду “Памяць. Адказнасць. Будучыня” і ў супрацоўніцтве з міжнародным ГА “Узаемаразуменне”, Беларускім саюзам жанчын, раённым краязнаўчым музеем. Шаноўным ветэранам працы былі ўручаны кветкі і салодкія падарункі ад ТЦСАН.

Слёзы радасці на вачах і шчырыя, шчаслівыя ўсмешкі – вось вынік, дзеля якога і задумваліся перадсвяточныя дабрачынныя візіты.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

Фота аўтара і валанцёра

 

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars