«Белая Русь запальвае зоркi

Спорт

Міжраённы турнір па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2009-2010 гадоў нараджэння адбыўся на спартыўнай пляцоўцы фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Спаборніцтва было прымеркавана да 25-й гадавіны прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прайшло пад патранажам раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Згуляць у футбол прыехалі каманды з Лагойскага, Вілейскага, Маладзечанскага, Ашмянскага, Астравецкага, Смаргонскага раёнаў. Ужо ў 11.00 балельшчыкі не маглі адвесці вачэй ад поля спартыўных баталій. Хоць гульня і праходзіла ў фармаце “міні”, юныя футбалісты стараліся з усіх сіл. Імі прымяняліся сілавыя прыёмы, былі балючыя падзенні, эмоцыі білі цераз край. Сінякі і драпіны лячыў медык, а псіхалагічны камфорт выдатна падтрымлівалі бацькі і сябры.

Самым напружаным стаў фінальны паядынак, у якім сышліся зборныя Валожына і Ашмян. Спачатку госці ўзялі ініцыятыву ў свае рукі. Лік “1:0” трымаўся ледзь не да канца першага тайма. Але за дваццаць секунд да перапынку гаспадары забілі гол. У другой дзесяцімінутцы выхаванцы трэнераў ФАКа Андрэя Пракаповіча і Аляксандра Кавязы ўлічылі ўсе слабыя месцы сапернікаў і рэзка пачалі атакаваць. У выніку – два трапныя пападанні ў вароты ашмянцаў.  

П’едэстал выглядаў наступным чынам: “золата” – у каманды з Валожына (капітан Ягор Бараноўскі), “серабро” паехала ў Ашмяны, а “бронзавыя” медалі дасталіся юным спартсменам з Вілейкі. Спонсар турніру ГА “Белая Русь” уручыла лепшым ігракам памятныя падарункі. У нашай камандзе такім стаў Ягор Абрамовіч.

 

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *