Злачынства ў кiберпрасторы

У Інтэрнэце дзейнічаюць тыя ж законы, што і ў рэальным жыцці. Гэта тычыцца супрацьпраўнай дзейнасці і жадання некаторых грамадзян узбагаціцца за чужы кошт. Простыя карыстальнікі Інтэрнэту могуць стаць ахвярамі злачынстваў, якія здзяйсняюцца па карыслівых матывах.

Ёсць некалькі самых распаўсюджаных тыпаў анлайн-злачынстваў. Напрыклад, кардынг – махлярства з банкаўскімі карткамі, пры якім адбываецца выкраданне рэквізітаў карты, і фішынг – паведамленні, адпраўленыя нібы адміністратарамі сістэм плацяжоў, ад імя банка, паштовых сервераў або з сацыяльных сетак, дзе ўтрымліваюцца заклікі прайсці па спасылцы для крадзяжу даных карыстальніка. Часам махляры рассылаюць паведамленні аб выйгрышы прыза ў выглядзе буйной сумы грошай ці аўтамабіля, а затым яны выманьваюць у карыстальніка пэўную суму грашовых сродкаў для яго атрымання (падатак, страхоўка, банкаўскія паслугі і г. д.). Паведамленні з заклікамі аб дапамозе ад дабрачынных арганізацый ці людзей, якія апынуліся ў бядзе, таксама бываюць ашуканскімі: яны могуць утрымліваць даныя рэальных фондаў і людзей, але рэквізіты прадастаўляюцца ашуканцамі. Прадаўцы на інтэрнэт-аўкцыёнах для павышэння ставак могуць выкарыстоўваць ботаў, каб карыстальнік не змог купіць выстаўлены тавар танней.

Каб не стаць ахвярай падобных злачынстваў, нікому і ніколі не паведамляйце падрабязную інфармацыю пра сваю банкаўскую карту. Пін-код, кодавае слова, CVV (або CVC2), код 3D-Secure і атрыманыя ад банка аднаразовыя паролі павінен ведаць толькі ўладальнік. Банкі і аплатныя сістэмы ніколі не дасылаюць лістоў і не тэлефануюць з просьбай прадаставіць свае даныя: уладальніка карткі звычайна просяць прыехаць у банк асабіста. Лепш падпісацца на банкаўскія sms-паведамленні, каб ведаць пра ўсе аперацыі па картцы. Рэкамендуецца не ўваходзіць у асабісты кабінет банка або мабільны дадатак праз агульнадаступны Wi-Fi. Калі інфармацыя пра картку захоўваецца ў смартфоне або планшэце, лепш не чытаць паведамленні, якія прыйшлі з невядомых нумароў, і не адкрываць спасылкі ў іх.

Асноўнай крыніцай небяспекі для карыстальнікаў камп’ютараў застаюцца вірусы. Каб не стаць ахвярай злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі, варта няўхільна прытрымлівацца рэкамендацый тэхнічных спецыялістаў і карыстацца антывірусамі.

Сацыяльныя сеткі, форумы, блогі – асяроддзе з практычна імгненнай хуткасцю распаўсюджвання інфармацыі з высокім індэксам даверу да гэтых крыніц. Сёння ў сацсетках назіраецца цэлы спектр розных пагроз. Выкарыстанне сацыяльных сетак павышае рызыку ўцечкі інфармацыі: няўважлівы, недысцыплінаваны работнік можа апублікаваць там даныя абмежаванага доступу. Асноўная праблема – гэта давер да тых, хто ўнесены ў спіс «сяброў». Бяздумныя прапановы «дружбы» ад невядомых або малавядомых людзей могуць прывесці да дрэнных наступстваў. Другая пагроза – гэта так званы маскарад альбо магчымасць падмены асобы: дакладна не зразумела, хто менавіта хавае свае дзеянні пад імем сяброў або прыкрываецца фатаграфіямі знаёмых у профілі сацсеткі. Трэцяя пагроза звязаная з узломам акаўнтаў. Пры дапамозе ўзлому зламыснік можа разаслаць па спісе сяброў фішынгавыя (або заведама лжывыя) паведамленні і атрымаць грошы альбо матываваць да негатыўных дзеянняў, напрыклад, прайсці па спасылцы і запусціць шкодніцкі код.

 Каб пазбегнуць такіх сітуацый, пра бяспеку камп’ютараў трэба паклапаціцца загадзя: усталяваць ліцэнзійнае праграмнае забеспячэнне, пастаянна адсочваць эфектыўнасць работы антывірусаў, а таксама пазбягаць наведвання падазроных рэсурсаў у Інтэрнэце, не адкрываць электронныя пісьмы, якія прыйшлі з незнаёмых адрасоў. Нельга размяшчаць на невядомых рэсурсах асабістую інфармацыю: нумары тэлефонаў, сканіраваныя старонкі дакументаў або іншыя канфідэнцыяльныя даныя, бо ніколі не ведаеш, хто знаходзіцца па той бок манітора.

Вадзім МІКАЛАЕЎ,

лейтэнант міліцыі, оперупаўнаважаны АКВКМ

Валожынскага РАУС

 

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars