Нататкі з вясковай хаткі

Рэдакцыя прапануе чытачам, аматарам і прыхільнікам прыроды новую і адначасова добра забытую старую рубрыку “Акно ў прыроду”. За аснову ўзяты каляндарны год: кожны месяц у матэрыяле пастараемся падрабязна апісаць прыродныя з’явы, феналагічныя назіранні, якія будуць перамяжоўвацца вытрымкамі з вершаў беларускіх паэтаў, паданнямі, міфамі, прыказкамі, прымаўкамі, характэрнымі для гэтага месяца.

Звяртаемся да чытачоў: далучайцеся да справы і дасылайце ў рэдакцыю свае лісты з назіраннямі і ўражаннямі пра цікавыя, незвычайныя і рэдкія праяўленні ў прыродзе. Вы дапаможаце нам разам стварыць своеасаблівы банк даных аб прыродных з’явах, якія ўласцівы менавіта Валожыншчыне.

САКАВІК

Сакавік часамі снег сее, а часамі сонцам грэе. Як у сакавіку туман, дык у жніво дождж – пан. У сакавіку зіма не гніе – у красавіку трава не расце. Няма ў сакавіку вады – няма ў красавіку травы. Сакавік дрэвам сок пускае. Жыта ў сакавіку глядзіць у неба – не пакаштуеш зімой хлеба.

Спіць, стаміўшыся, вецер

Ля імшарнай крыніцы.

Нішто не варухнецца,

Толькі неба іскрыцца.

Сакавік наступае,

З плеч кажух свой скідае,

Яму горача быццам,

Скінуў і рукавіцы.

Нават шапку вушанку

Запусціў на асіну,

Дзе сінее на ранку

Ценем цецеравіным.

Максім ТАНК

Сучасная беларуская назва трэцяга месяца года і першага месяца вясны паходзіць ад слова “сок”. У гэтую пару ў дрэў пачынаецца рух сокаў. Месяц адметны і тым, што 22 сакавіка – дзень веснавога раўнадзенства, калі дзень роўны ночы. На яго прыпадае прысвятак – Саракі. Ён займаў значнае месца ў цыкле вясенніх свят і абрадаў нашых продкаў, якія захаваліся і да сёння. Гэты час для продкаў быў важкім доказам таго, што змрочная сіла злых духаў актыўна ўступае ў фазу адмірання. Усё больш сонечныя дні надавалі чалавеку адпаведны вясёлы настрой і ўпэўненасць.

У народным павер’і і прыкметах сімвалічны лік – сорак – прыйшоў з язычніцкай міфалогіі, дзе яму ўпадабалася менавіта такая колькасць сіл, якія скоўваюць зямлю ў зімовым холадзе. Каб зламаць гэту сілу, дзяўчаты зранку павінны былі пераламаць сорак лучынак і сорак пруцікаў з веніка, разарваць сорак стужачак ці вяровачак і такім чынам вызваліць маці-зямлю ад маразоў.

На Саракі ўшаноўвалі ледзяшы, а з іх асабліва ваду – з узыходам сонца ёй мылі рукі і твар. Дзецям дазвалялася смактаць ледзяшы – згодна з павер’ем, вада з ледзяшоў у гэты дзень была самая гаючая і спрыяла росту і сіле. Назіралі: калі вол сам нап’ецца вады з ледзяшоў, то будзе добрая вясна.

Прысвятку надавалася важнае значэнне: чакалі прылёту птушак з выраю. Існавала павер’е, што на Саракі прыляціць сорак выраяў. З прылётам птушак надзеі селяніна на добрую вясну маглі спраўдзіцца. Народныя вераванні тлумачылі, што быццам бы птушкі на сваіх крылах прыносяць вясну. У многіх народных прыказках абазначалася: “На Саракі прылятае сорак жаваранкаў”, “На Саракі прыляцелі з-за мора шпакі”, “На Саракі сарока звіла ў гняздо сорак пруцікаў”, “На Саракі пайшоў снег да ракі”. Чалавек прыкмячаў: калі на Саракі быў мароз, то трэба чакаць наперадзе яшчэ сорак маразоў.

Пачатак сакавіка для нашых продкаў быў прамежкам часу дзвюх пораў года: зімы і вясны. Заканчэнне зімы і пачатак вясны былі адлікам года новых земляробчых работ для селяніна, новага працоўнага вітка жыцця тагачаснага чалавека. З такім цыклам жыцця ў дахрысціянскую эпоху ўвязана святкаванне нашымі продкамі новага года з 1 сакавіка па летазлічэнні ад стварэння свету. Традыцыя пачатку новага года ад вясны мела ў народзе даволі трывалыя карані – яна захавалася і зараз у выглядзе старажытных навагодніх рытуалаў, звязаных са святкаваннем Масленіцы, гуканнем вясны, і іншых абрадаў.

СВЯТЫ І АБРАДЫ

Масленіца – язычніцкае свята, яно не мае канкрэтнай даты ў народным календары. Прыпадае на апошнюю нядзелю лютага і першую палову сакавіка. Працягваецца святкаванне Масленіцы роўна тыдзень, які называюць яшчэ сырным. Праходзіць ён у шумных і вясёлых забавах. Вечарам не працуюць, ходзяць адзін да аднаго ў госці. Моладзь па сутнасці паўтарае каляднае гулянне: гульні, забавы, пацехі праводзіліся ў асноўным на вуліцы, узвышшах, беразе рэчак, за вёскай. Усемагутнай радасцю і вяселлем вітаў чалавек прыход вясны і быў удзячны цяплу.

Вядомы рускі фалькларыст І. П. Сахараў у час назіранняў за канкрэтнымі дзеяннямі чалавека на Масленіцу склаў своеасаблівы тыднёвы каляндар: “У панядзелак сустракалі Масленіцу, у аўторак – пачатак гульняў, катання з горак, хаджэння пераапранутых, у сераду – цешчыны пачастункі, у чацвер – дзень вулічнага разгулу, у пятніцу – цешчыны вячоркі (цешчы хадзілі ў госці да зяцёў), у суботу – залоўчыны пасядзелкі (маладыя нявесткі збіралі да сябе сваю радзіну), у нядзелю – праводзіны масленкі”.

Масленіца сімвалічна ўвасабляла ў сабе стары год, зло, холад ці адпаведных злых духаў. У масленічных песнях спявалі: “А зіма нам надакучыла, надакучыла, па вясенцы мы саскучылі, саскучылі”.

ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ

У сакавіку міфічным уладаром лясных абшараў з’яўляецца Лясун (Лесавік, Лешы, Лясны дзед). Знешне ён мае выгляд старога, хударлявага, высокага дзядка з бледным, як воск, выцягнутым тварам, нерухомымі свінцова-шэрымі вачамі, што ніколі не закрываюцца і гараць, як у савы. У яго доўгая сівая барада, галава пакрыта доўгімі сівымі валасамі, адна нага пятою наперад, на руках і нагах – закручаныя кіпцюры. Апрануты ў доўгую шэра-карычневую світку з даматканага сукна і з доўгімі з авечай шэрсці зялёнымі космамі на рукавах, плячах і грудзях. Світка падпярэзана вяроўкай, звітай з авечай шэрсці і карэнняў дрэў. У руках ён трымае невялікае вырванае з карэннем дрэва ў выглядзе дубіны. У іншых выпадках трымае пугу, махаючы ёй са свістам, пужае людзей. Мае здольнасць ператварацца ў розных істот: можа паўстаць дзядулем, дзяўчынай, зверам, птушкай. Зрэдку яго можна ўбачыць у белым адзенні ў месячную ноч у час пляцення лапцяў. Гора таму чалавеку, які застаў яго за такой працай.

Жытло Лесуна размешчана ў сярэдзіне непралазнай пушчы, абкружана гушчаром, ламаччам, балотамі. Сам ён не сядзіць дома, а ўвесь час вандруе па лесе ў кампаніі звяроў і птушак. Галоўнымі яго ахоўнікамі з’яўляюцца ваўкі. У час абходаў лясных абшараў палохае тых, хто на гэты момант трапіў насустрач у лесе: свішча, рагоча, пляскае ў далоні, іржэ, як конь, плача, як дзіця, мычыць каровай, брэша сабакам, мяўкае катом альбо крычыць галасамі жыхароў лесу – усё робіць дзеля таго, каб збіць з панталыку падарожніка і давесці яго да роспачы. Лясун нават мяняе месцамі дрэвы, кусты, палянкі, сцежкі, дарогі, каб толькі зблытаць чалавека, кружыць па лесе некалькі гадзін, зманьваючы і зацягваючы ў самы гушчар. Злоўленага чалавека заказытвае да смерці. Калі чалавек захоча мець нейкія стасункі з Лесуном, атрымаць ад яго якую-небудзь дапамогу падчас палявання, збору грыбоў і ягад, мёду з лясных борцяў, то ён павінен паабяцаць і аддаць сваю душу пасля смерці.

Зведаўшы такія праявы і выхадкі Лесуна, перад тым, як ісці ў лес, трэба прачытаць малітву. Толькі малітва робіць Лесуна бязвольным і бяссільным – ён пазбягае сустрэчы з чалавекам і знікае з вачэй. Аднак, знаходзячыся ў лесе, чалавек павінен весці сябе акуратна, з павагай да ўсяго жывога, не шкодзіць і нават не брыдкасловіць, інакш яго чакаюць непрыемнасці з боку Лесуна. Калі разглядаць ўзаемаадносіны чалавека з навакольным асяроддзем, то гэта быў “кодэкс” правіл і паводзін у лесе.    

ПРЫРОДНЫЯ З’ЯВЫ

Сакавік – напалову месяц зімовы, напалову вясновы. Гэта пара кантрастаў і вялікіх перамен у прыродзе: палохаючы жыхароў лесу, мяцеліцы і снегапады яшчэ не раз вяртаюцца на зямлю, уначы бываюць даволі значныя замаразкі, пад раніцу яны ўзмацняюцца. Дні прыкметна падаўжаюцца, а ночы скарачаюцца. На блакітным небе з’яўляюцца першыя кучавыя воблакі. Сонца робіцца ўсё больш ласкавым – яго цёплыя промні пераканаўча гавораць аб надыходзе вясны. Апоўдзень на прыгрэтых сонцам схілах стрэх падтайвае снег, і струменяць кроплі вады. Ноччу падчас замаразкаў яны ператвараюцца ў празрыстыя ледзяшы, але днём сонечныя промні застаўляюць іх плакаць частымі буйнымі слязамі – пачынаецца шумны капеж вады. Сакавіцкі капеж з ледзяшоў звонка адлічвае першыя хвіліны, гадзіны і дні доўгачаканай і самай прыгожай пары года – вясны. Кроплі сваім звонам як быццам абуджаюць усё жывое ў прыродзе. Іншы раз ледзяшы адрываюцца і падаюць з шумам, разбіваючыся на шматлікія іскрыстыя асколкі, ствараючы ў промнях сонца вясёлку.

Усё прыкметней і прыкметней чарнее снег на палях. Становіцца цяжкім ад вады і спачатку павольна, а затым усё хутчэй і хутчэй пачынае асядаць і раставаць. Па дарожных каляінах пабеглі яшчэ нясмелыя ціхія ручайкі. Іх мала, яны пакуль не журчаць па-вясенняму гучна і звонка – бег спыняюць начныя замаразкі. Каля дарог на схілах адталая зямля пад сонцам дыхае, дыміцца лёгкай празрыстай парай. Лёд і снег на рэках і азёрах набракаюць.

У дваццатых чыслах неба становіцца па-веснавому чыстае, блакітнае. Сонца пачынае свяціць нясцерпна ярка – нават балюча вачам. Паступова прыходзіць вясна цяпла і святла. Паветра становіцца больш свежым і празрыстым, напаўняецца першым водарам вясны і ад набухаючых на дрэвах і кустак пупышак.

Падрыхтаваў Фёдар КАВАЛЕНКА,

жыхар аграгарадка Ракаў

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора

  • Рубрики

  • Новости БЕЛТА

  • Свежие записи

  • Архивы

  • Погода в Воложине

    Погода в Воложине
    Информация сайта pogoda.by
  • Праздники

  • Гороскопы

    Loading...
  • Курсы валют


  •    
    Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars