Мы грамадзяне Рэспублікі Беларусь

Традыцыйная агульнарэспубліканская акцыя “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”, прысвечаная Дню Канстытуцыі, у чарговы раз сабрала лепшых школьнікаў з усяго раёна на ўрачыстае мерапрыемства, дзе 22 чатырнаццацігадовыя жыхары Валожыншчыны – выдатнікі, спартсмены, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, актывісты грамадскага жыцця – атрымалі свае першыя пашпарты. На мерапрыемстве таксама прысутнічалі ганаровыя госці: намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама І. У. Шакун, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч, начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі РАУС Т. Г. Цаюн, старшыня грамадскай арганізацыі “Белая Русь” А. І. Клачко, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў В. В. Загорская, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Ю. Ф. Лагуціна.

На адкрыцці падзеі са святочнай прамовай і віншаваннямі выступіў Ігар Уладзіміравіч Шакун. Ён падкрэсліў важнасць і высокі статус галоўнага дакумента грамадзяніна, які выводзіць маладых людзей на новы ўзровень прававых зносін і адкрывае новыя магчымасці, шчыра падзякаваў хлопцам і дзяўчатам за іх поспехі і пажадаў дасягнення новых вышынь. Далей прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дакументаў. Таццяна Генадзьеўна Цаюн падарыла вучням памятныя альбомы “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Алена Іванаўна Клачко разам са словамі віншавання ўзнагародзіла падарункамі пярвічныя ячэйкі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі – падарункі атрымалі актывісты гарадскіх школ, Ракаўскай і Івянецкай адзінаццацігодак. Падзякай за выдатныя поспехі ў навучанні і ўдзел у творчых конкурсах была адзначана вучаніца гімназіі № 1 г. Валожына Карына Растаргуева, за спартыўныя дасягненні і ўдзел у спаборніцтвах высокіх узроўняў узнагародзілі вучняў сярэдняй школы № 2 г. Валожына Мікалая і Ягора Шчогалавых.

Дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Паўлаўна Лоўчая правяла цікавую відэалекцыю пра гісторыю ўтварэння пашпарту, якая цягнецца яшчэ з біблейскіх часоў. Прысутныя мелі магчымасць паглядзець фільм-экскурсію па знакамітых месцах Валожыншчыны. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел артысты раённага Цэнтра культуры і выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Навучэнцы Валожынскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя выступілі з яркім нумарам: дэфіле ў строях іх асабістага спектакля “Мікітаў лапаць” у нацыянальным стылі.

P.S. У Дзень Канстытуцыі, 15 сакавіка, два школьнікі раёна ўдастоіліся ганаровага права – прадставіць Валожыншчыну на рэспубліканскім і абласным этапах акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!”. У прыватнасці, Ілья Афонін з Дорскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа атрымаў свой першы дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на ўрачыстасці, якая прайшла ў сталіцы ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а Ульяна Смірнова з СШ № 2 райцэнтра – у Нясвіжы.

Мікіта КНЯЗЕЎ, Ілья ТАЎГЕНЬ, Софія КУРБАЦКАЯ, Міхаіл БОРЫС – вучні гімназіі № 1 г. Валожына. Софія заняла 2-е месца ў дыстанцыйнай алімпіядзе па хіміі і 3-е месца ў абласным міні-турніры юных матэматыкаў. Мікіта ў гэтым навучальным годзе атрымаў дыплом 1-й ступені ў конкурсе даследчых работ па матэматыцы. Ілья за ўдзел у другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы ўзнагароджаны дыпломам 3-й ступені. Міхаіл – актыўны ўдзельнік грамадскага жыцця гімназіі.

 

Таццяна ІВАШКЕВІЧ з Багданаўскага ВПК атрымала памятны альбом з рук Т. Г. ЦАЮН.

І. У. ШАКУН уручае падзяку вучаніцы гімназіі № 1 г. Валожына Карыне РАСТАРГУЕВАЙ.

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars