Лепшыя слоўцы — радзiмай старонцы

Напярэдадні прафесіянальнага свята А. В. Кулак пабываў у Мінску, дзе атрымаў з рук міністра вельмі высокую ўзнагароду – нагрудны знак “Ганаровы работнік камунальнай гаспадаркі”. Аляксандр Віктаравіч – чацвёрты па ліку валожынец, які мае такую адзнаку.

Для ўнучкі ён – дзед Саша, на афіцыйных мерапрыемствах – Аляксандр Віктаравіч, у літаратурных кругах і на сцэнічных пляцоўках – Аляксандр Кулак. Сёлета яму спаўняецца 55 гадоў. Жывуць, дзякаваць Богу, яго бацькі – Віктар Віктаравіч, былы ляснік Пяршайскага лясніцтва і Леаніла Іванаўна, якая ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе. Яго жонка Сняжана – адна з самых прыгожых жанчын Валожына, дачка Святлана скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ, а сын Сяргей – адказны работнік Мінскага нацыянальнага аэрапорту. Пра Аляксандра Кулака не раз пісала рэспубліканская прэса. У прыватнасці, часопіс “Живи как хозяин” і газета “Беларускі час”. Бо ён унікальны чалавек – адзіны слесар-сантэхнік, які піша вершы…

Цікава, што жылкамунгас стаў для яго не толькі месцам, дзе зарабляюцца грошы, але і пляцоўкай творчага старту. Сваім “хрышчоным” бацькам у літаратуры Аляксандр лічыць старшыню пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі прадпрыемства А. С. Бяляўскага. Менавіта Аляксандр Сцяпанавіч прыкмеціў дар да лірыкі ў сціплага сантэхніка і ледзь не сілком прыцягнуў у абласны клуб паэтаў і пісьменнікаў “Жывіца”. Пачуўшы ў свой адрас словы пахвалы ад прафесіяналаў, Аляксандр Кулак паверыў у сябе і, як кажуць, акрыліўся. Неяк зайшоў па службовых справах у кватэру ветэрана журналістыкі Сямёна Штэйнера. Інтэлігентны пажылы чалавек адразу папярэдзіў: “Спадзяюся, што вы не будзеце ўжываць ненарматыўную лексіку ў маім доме…” На што сантэхнік адказаў: “А хочаце, я вам свае вершы пачытаю?” Сямён Ісакавіч высока ацаніў тыя творы і прапанаваў “адточваць пяро” ў народным літаратурна-мастацкім аб’яднанні “Рунь” пры раённым Цэнтры культуры. Сёння, як сцвярджае кіраўнік гэтай творчай суполкі Валянціна Гіруць-Русакевіч, Аляксандр Кулак – адзін з самых актыўных іх членаў. Яго вершы запамінальныя, пяшчотныя, без мудрагелістасці. Чытаеш іх – і быццам карціну разглядаеш, такую знаёмую, родную, напісаную лёгкімі акварэльнымі фарбамі… Дарэчы, дзеці паэта-самавучкі сёлета выдалі зборнік бацькавай лірыкі, чым і парадавалі, і здзівілі аўтара.

Сам жа Аляксандр Кулак упарта не жадае, каб яго ўшаноўвалі важкім словам – паэт. Горача даказвае: “Я – сантэхнік, які проста ўмее рыфмаваць радкі…” А муза, як вядома, дама капрызная. Нават “Ноктюрн на флейте водосточных труб” лепш пішацца дзе-небудзь на прыродзе, а не каля камунальных камунікацый. Натхненне Аляксандр чэрпае ў Налібоцкай пушчы. Кажа, што яго сэрца навек аддадзена роднаму краю. Ён шмат дзе пабываў, бачыў пышнасць і прыгажосць, дапускае, што да чужога багацця, камфорту можна прывыкнуць, але сніцца будзе рабінка каля бацькоўскай студні, водар жытняга хлеба, які пякла бабуля…

Пры ўспамінах пра тыя боханы яго разважанні нечакана закранаюць тэму рэлігіі: дзякуючы традыцыйным стравам на Каляды і Вялікдзень, у людзей захавалася вера ў Бога. Не было цэркваў, забыліся малітвы, а баранкі з макам, чырвоныя яйкі гатаваліся ў кожным доме. Некалі, калі працаваў у Вілейцы на заводзе “Зеніт”, на Вялікдзень іх прымусілі заступіць у начную змену. Выканаўшы заданне, маладыя рабочыя задумаліся, дзе б перакусіць. Голад падказку даў хутка – раз сталоўкі закрытыя, трэба ісці ў валачобнікі. Свята ж як-ніяк! Хрысціянскіх гімнаў не ведалі, але мелі магнітафон і касету з народнымі песнямі. Тэхніку напаказ не выстаўлялі, уключалі тайком. Пры гэтым артыстычна прытанцоўвалі і ўпапад адкрывалі раты. Вось так, пад “фанеру”, імправізаваныя валачобнікі парадавалі людзей і самі падсілкаваліся…

Аляксандру Кулаку нейкім дзівосным чынам заўсёды ўдавалася быць на віду. Калі служыў у арміі, спачатку выбралі камсоргам роты, потым – палка, а трохі пазней – усёй паўднёвай групы войскаў, якая дыслацыравалася ў Венгрыі. За ўдалае афармленне “Баявога лістка” яго прэміравалі экскурсіяй у Будапешт. Хлопец, які далей Белакорца, Яцкава, Даўбеняў нідзе не быў, атрымаў сапраўды эстэтычны шок! Убранства палацаў уразіла, але не спакусіла…

Радкі з любімага твора Якуба Коласа “Мой родны кут, як ты мне мілы” – вось дэвіз жыцця Аляксандра Кулака. “Новую зямлю” ён ведае амаль на памяць. З кнігамі пасябраваў яшчэ ў дзяцінстве, перачытаў ледзь не ўсяго Янку Маўра. Беларуская літаратура і гісторыя былі любімымі прадметамі ў школе. Неяк запытаўся ў настаўніцы: “Няўжо такія высокаадукаваныя, выхаваныя, вытанчаныя арыстакраты, як Калчак і Юдзеніч, маглі чыніць бесчалавечныя зверствы?” На што тая адказала: “Лепш маўчы, а то дагаворышся… І ні ў каго больш пра гэта не пытайся!”

Яшчэ адзін незразумелы факт для Сашы Кулака быў такі: чаму людзі п’юць? Навакольныя лясы вакол Яцкава, пасёлка Першамайскага, Белакорца ў тыя часы ўсейваліся “гажэльнямі” так, што не пераступіць… Многія вяскоўцы, і старэйшыя, і маладыя, і нават жанчыны, загубілі сябе гарэлкай. Не раз, калі бачыў мужчыну нападпітку, хлопчык пужаўся: няўжо і я такім буду, як вырасту? Не! Не хачу!..

Вось і не п’е сантэхнік Валожынскага жылкамунгаса Аляксандр Кулак. А некалькі гадоў назад і курыць кінуў. Цяпер, калі выходзіць на сцэну ў Валожыне ці Мінску, каб пачытаць свае вершы, голас заўсёды гучыць звонка. А для большага сцэнічнага эфекту дэкламуе пад акампанемент саксафону – гледачы ў захапленні.

Удзячныя Аляксандру Віктаравічу і тыя валожынцы, да якіх ён прыходзіць на выклікі як сантэхнік. Вось што сказала пра яго прафесіяналізм суддзя суда Валожынскага раёна Таццяна Несцярэўская: “Здарылася ў кватэры паломка водаправоду. Прыйшоў Кулак. Акуратны, ветлівы. Усё хуценька наладзіў, не пакінуўшы пасля работы бруду і смецця…”

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars