Не за гарамi справаздачна-выбарныя сходы

Сёлетні і будучы год у прафсаюзных арганізацыях усіх узроўняў адзначаны тым, што ў іх адбудуцца справаздачна-выбарныя сходы. Гэта важная падзея не толькі для членаў арганізацыі, але і для ўсяго працоўнага калектыву. На пасаду старшыні пярвічкі выбіраюцца тыя людзі, да якіх потым давядзецца звяртацца па самых розных пытаннях. Вельмі важна, каб лідар карыстаўся даверам, быў аўтарытэтным, дасведчаным як у прафесіянальным плане, так і адносна абароны правоў і законных інтарэсаў працуючых калег. Аб тым, над чым працуюць і што ўдаецца старшыням пярвічных прафсаюзных арганізацый, раскажуць самыя актыўныя.

Аляксандр Сцяпанавіч БЯЛЯЎСКІ,

старшыня прафсаюзнай арганізацыі РУП “Валожынскі жылкамунгас”:

– У горадзе і раёне камунальнікаў ведаюць як актыўных падарожнікаў і тэатралаў. Супрацоўнічаем з многімі турыстычнымі кампаніямі, з некаторымі – па шмат гадоў. Гэта дае магчымасць адшукаць самыя бюджэтныя прапановы. Мы аб’ездзілі ўсю Беларусь, далёкае і блізкае замежжа, не прапускаем найбольш рэзанансныя прэм’еры і пастаноўкі. Гэта вельмі згрупоўвае калектыў і настройвае на эфектыўную працу. Актыўная культмасавая работа прыносіць і іншыя прыемныя плады: мы ў ліку лепшых спартсменаў у вобласці сярод калег, нам не адзін раз выпадаў гонар выступаць на сталічнай сцэне на рэспубліканскіх святах – Днях работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і бытавога абслугоўвання.

Для матэрыяльнага заахвочвання паспяховых актывістаў у Калектыўным дагаворы прадугледжаны выплаты ў памеры да 2-х базавых велічынь.

Антон Віктаравіч ДУБІНКА,

старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі

УАЗ “Валожынская цэнтральная раённая бальніца”:

– Наша прафсаюзная арганізацыя мае даўнія і трывалыя традыцыі. Мы актыўныя ўдзельнікі ўсіх спартыўна-масавых спаборніцтваў і мерапрыемстваў як у раёне, так і вобласці. Зараз у прафсаюзе медыкаў налічваецца 760 членаў. Вядома, у людзей здараюцца розныя складаныя сітуацыі, узнікаюць пытанні, і мне як прафсаюзнаму лідару даводзіцца шукаць шляхі выхаду з праблем. Вельмі дапамагае Калектыўны дагавор, ён, дарэчы, адзін з лепшых у раёне. Мы пастараліся не ўпусціць ні адно пагадненне паміж наймальнікам і работнікам, рэкамендаванае як Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, так і прафсаюзамі іншых узроўняў. Дакумент прадугледжвае шматлікія прэферэнцыі і матэрыяльныя заахвочванні. У прыватнасці, для падтрымкі маладых урачоў існуе практыка “настаўніцтва” – за ім замацоўваецца вопытны медык, які паўгода яго курыруе і дапамагае. Усе маладыя спецыялісты забяспечваюцца жыллём, а пры адсутнасці свабодных месцаў у інтэрнаце штомесяц даплачваецца да 3-х базавых велічынь, каб кампенсаваць расходы пры аплаце здымнай кватэры. Як вынік – нашы маладыя спецыялісты ў сваёй большасці затрымліваюцца на першым месцы працы.

З уласнага вопыту ведаю, наколькі важна сумяшчаць заяўны і выяўны прынцыпы работы. Толькі тады людзі будуць давяраць старшыні пярвічкі, калі адчуваюць, што ён жыве іх інтарэсамі…

Наталля Паўлаўна ЛОЎЧАЯ,

старшыня Валожынскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму:

– Перад справаздачна-выбарнымі сходамі лічу, што не лішнім будзе напомніць усім членам прафсаюза аб сур’ёзнасці гэтай падзеі. Спадзяюся: у працоўных калектывах ужо вызначыліся з кандыдатурамі на пасады старшынь пярвічак. А прафсаюзным лідарам раю дэталёва ўнікаць ва ўсе ініцыятывы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і кіравацца імі ў паўсядзённай рабоце. Старшыням і бухгалтарам неабходна ставіцца з вялікай увагай да новых патрабаванняў пры вядзенні справаздачнай дакументацыі, асабліва той, што датычыцца руху грашовых патокаў. Не менш важнай вехай у жыцці прафарганізацый з’яўляецца і падпісанне новых Калектыўных дагавораў. Радуе, што яны з кожным годам становяцца ўсё больш дасканалымі, усебакова ахопліваюць стасункі паміж наймальнікам і работнікам. Прафсаюзы (наш у тым ліку) маюць на сваіх рахунках нямала дастойных спраў і дасягненняў і даказалі на практыцы, што іх галоўны клопат – чалавек працы.

Таццяна Іванаўна ТРУНОВА,

старшыня прафсаюзнага камітэта

ДЛГУ “Валожынскі лясгас”:

– Работа ў лясной гаспадарцы прадугледжвае шырокае выкарыстанне разнастайнай тэхнікі, механізмаў, абсталявання, што само па сабе нясе патэнцыяльную пагрозу. Таму тэхніка бяспекі працы ў нас – зона асаблівага кантролю. Прафсаюз сумесна з кіраўніцтвам прадпрыемства паклапаціліся пра домікі з абагрэвам для брыгад лесарубаў. У будынку лясгаса на першым паверсе абсталяваны пакой па тэхніцы бяспекі. Кіруе ім начальнік бюро па ахове працы Яўгенія Сцяпанаўна Пятровіч. Дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам, у нас на працягу больш чым дзесяці гадоў не зафіксавана ні аднаго няшчаснага выпадку. Усе работнікі, згодна з графікам, забяспечваюцца спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы.

Шмат увагі надаём папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Сёлета, напрыклад, набылі сваім работнікам абанементы ў басейн. Выдатна разумеем, што вынікі працы напрамую залежаць ад абстаноўкі ў сям’і. Таму стараемся радаваць дзяцей. Да навагодніх свят сфарміравалі 230 салодкіх падарункаў, 60 хлопчыкаў і дзяўчынак звазілі на тэатралізаванае прадстаўленне ў Налібоцкую пушчу. Зусім нядаўна дарослыя змаглі карысна адпачыць за кошт прафсаюза – аматары тэатральнага мастацтва пабывалі на спектаклі ў Маладзечне.

Марыя Мікалаеўна КАМІНСКАЯ,

старшыня раённай арганізацыі Беларускага

прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:

– Мы назапасілі вялікі вопыт прафсаюзнай работы. Ды і арганізацыю маем адну з самых буйных у раёне – 1429 чалавек. Але мы ганарымся не толькі колькасцю членаў. Большасць пярвічак вызначаецца актыўнасцю і імкнецца, каб выхадныя праходзілі з карысцю, цікава, а падчас выканання працоўных абавязкаў захоўваліся законныя правы працуючых, не парушаліся правілы тэхнікі бяспекі. Не раз нашаму прафсаюзу даводзілася адстойваць інтарэсы людзей і займаць пазіцыю, супрацьлеглую наймальніку.

Вялікі клопат праяўляем пра маладых спецыялістаў і зацікаўлены ў замацаванні іх на месцах размеркавання. Зараз у сферы адукацыі заняты больш за 300 чалавек ва ўзросце да 31 года. Ім прадугледжаны грашовыя надбаўкі ў памеры 50 працэнтаў ад стаўкі першага разраду, а той, хто паказаў выдатныя вынікі ў рабоце, мае права разлічваць яшчэ і на дадатковыя 25 працэнтаў прэміяльных. Пры заключэнні працоўнага кантракту кожны малады спецыяліст атрымлівае 5 дзён да асноўнага водпуску. Не сакрэт, што на першым месцы працы не заўсёды ёсць магчымасць вырашыць кватэрнае пытанне. Іншагароднім маладым спецыялістам прадастаўляецца частковая кампенсацыя аплаты за здымнае жыллё і расходаў на праезд да месца работы.

Гутарыла Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars