Служаць агульнаму камфорту

Абслугоўванне насельніцтва – гэта вялікая адказнасць, працоўныя і часавыя затраты. Работнікі камунальнай гаспадаркі імкнуцца забяспечыць камфортнае жыццё ў нашых гарадах і вёсках. З нагоды прафесіянальнага свята – Дня работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі хочацца выказаць словы прызнання і падзякі ўсім калегам, былым і сённяшнім супрацоўнікам. Дабрабыту вам, сямейнага шчасця, прыгожых пачуццяў!

Няхай святочны дзень дапаможа адпачыць ад напружаных будняў. Работа ў ЖКГ патрабуе моцных нерваў, цярпення. Дзякуй, што вам удаецца трымаць сябе ў руках, быць заўсёды на вышыні: у прафесіі, спорце, мастацкай самадзейнасці. Няхай у вас усё цудоўна складваецца, а спадзяванні на лепшае абавязкова спаўняюцца.

З павагай – кіраўніцтва і прафкам

РУП “Валожынскі жылкамунгас”

Лічбы і факты

Сярод мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый РУП “Валожынскі жылкамунгас” па выніках мінулага года стала самым буйным падаткаплацельшчыкам у раённую скарбонку.

Да бягучага ацяпляльнага перыяду камунальнікамі заменены 2 кіламетры цеплатрас. На набыццё сучасных ПЭТ-трубаў было патрачана 179,9 тысячы рублёў.

У 2018 годзе пасля капітальнага рамонту ўведзена ў эксплуатацыю 4,3 тысячы метраў квадратных жылых памяшканняў. На добраўпарадкаванне жылога фонду летась асвоена 192 тысячы рублёў.

Новыя эканамічныя катлы ўстаноўлены замест старых на кацельнях пры Пяршайскай бальніцы і Ракаўскай СШ. Замена абсталявання дазволіла камунальнікам дабіцца значнай эканоміі энергарэсурсаў – 325 тон умоўнага паліва.

У РУП “Валожынскі жылкамунгас” зараз працуюць 434 чалавекі. На кожнага работніка прыходзіцца па 29,4 тысячы рублёў атрыманай выручкі ад аказаных паслуг. Рэнтабельнасць паслуг і работ на прадпрыемстве складае 5 працэнтаў. Чысты прыбытак перавысіў 12000 рублёў.

Гасцініца “Карона”, лазня і цырульня, рэстаран і бар застаюцца запатрабаванымі ў жыхароў і гасцей райцэнтра. Без гэтых устаноў ужо немагчыма і ўявіць наш горад. З надыходам Вялікага посту рэстаран прапаноўвае наведвальнікам поснае меню з пятнаццаці страў. Гэта рыбныя і грыбныя супы, гарніры з тушанай гародніны, салата “Лісіная шубка”.

Кожную вясну на гарадскіх клумбах высаджваецца 55 тысяч разнастайных кветак, выгадаваных у цяпліцы брыгадай пад кіраўніцтвам Таццяны Іванаўны Кузянковай. Сваё прафесіянальнае свята дзяўчаты сустракаюць у акружэнні ярка-зялёных саджанцаў, некаторыя з якіх ужо нават сфарміравалі бутоны.

Пётр Пятровіч КАВЕРЗІН – начальнік участка кацельнай гаспадаркі, менавіта ён нясе персанальную адказнасць за бесперабойную падачу цяпла ў жыллёвы фонд, сацыяльныя і адміністрацыйныя будынкі. Пётр Пятровіч адносіцца да маладога пакалення камунальнікаў, яшчэ і дзесяці гадоў не адпрацаваў пасля заканчэння ВРН па інжынернай спецыяльнасці “цеплаэнергетыка”.

Зараз у раёне налічваюцца 38 кацельняў. Большасць з іх – сучасныя, энергазберагальныя. Але ёсць і тыя, што неабходна мяняць. Напрыклад, у Гародзьках эксплуатуецца даволі стары кацёл, у кацельні райцэнтра па вуліцы Луначарскага замены патрабуе кацёл з газавай топкай.

Дзень камунальнага работніка адзначаецца “пад занавес” ацяпляльнага сезона – самага адказнага выпрабавання для службы ЖКГ. Сёлета з падачай цяпла ўсё прайшло гладка: у санітарныя нормы ўлажыліся, у дамах, кватэрах было камфортна і ўтульна. Скаргаў ад насельніцтва ў адрас камунальнікаў не паступала.

(П. П. Каверзін)

Не так даўно перад кіраўніцтвам РУП “Валожынскі жылкамунгас” была пастаўлена задача не толькі ачысціць ад завалаў, але і правесці ўлік усіх пахаванняў на могілках. На тэрыторыі раёна налічваецца 30 аб’ектаў апошняга прытулку чалавека. Зразумела, што заданне не простае, даручыць такое можна чалавеку стараннаму, уважліваму, адказнаму.

Найлепшым кандыдатам, які цалкам адпавядае пералічаным патрабаванням, аказалася Аксана Вячаславаўна СУБАЧ. Яна не навічок у справе навядзення парадку на зямлі, шмат гадоў адпрацавала на ўчастку добраўпарадкавання. Умее і людзей арганізаваць, і тэхнікай рацыянальна распарадзіцца.

Сярод тых, хто заслугоўвае ўшанавання з нагоды прафесіянальнага свята, імя А. В. Субач прагучала адным з першых.

(А. В. Субач)

 

Адзін з самых “маладых” і пры гэтым паспяховых аб’ектаў РУП “Валожынскі жылкамунгас” – станцыя абезжалезвання вады. Штодня лабаранты тут праводзяць доследы (а гэта не менш чым 13 аналізаў!) і правяраюць, ці адпавядае вада ў водаправодзе санітарным нарматывам.

Акрамя гэтага, работнікі станцыі кантралююць усе іншыя крыніцы водазабеспячэння на тэрыторыі раёна: калодзежы, калонкі, свідравіны, крыніцы. Узначальвае гэты адказны ўчастак Вольга Іванаўна Шарко. Работу сваю яна ведае на “выдатна”, спраўляецца і з адміністрацыйнымі функцыямі: тэрыторыя вакол станцыі заўсёды ў ідэальным парадку, няма ў калектыве і пытанняў з дысцыплінай.

На фота: Лабарант Ганна ПАЛАВІНКІНА паказчыкамі аналізу задаволена.

(Г. Палавінкіна)

Выкарыстанне другаснай сыравіны становіцца ўсё больш эканамічна абгрунтаваным. Зараз у зоне інтарэсаў вытворцаў знаходзяцца не толькі металалом і макулатура, але і ПЭТ-матэрыялы, шкло, складаная бытавая тэхніка і электралямпачкі пэўных відаў.

Валожынскія камунальнікі – адны з самых паспяховых у справе нарыхтоўкі другаснай сыравіны па вобласці. Гэта заслуга начальніка ўчастка ачысткі Людмілы Іосіфаўны ЖАЎТКО. Толькі за два месяцы гэтага года Л. І. Жаўтко і яе падначаленыя сабралі і ўпарадкавалі 43 тоны паперы, 58 тон шкла, 19 тон палімерных матэрыялаў, 5,2 тоны зношаных шын, 3,6 тоны электрапрыбораў.

Людміла Іосіфаўна і ў прыватным жыцці застаецца чалавекам, верным ідэалам выбранай прафесіі. Яна і сама вядзе хатнюю гаспадарку так, каб адходы ішлі ў даходы, і іншых заахвочвае да гэтага. Упэўнена, калі б такімі прынцыпамі кіраваліся мы ўсе, эканоміка і прамысловасць сказалі б нам “дзякуй”…

(Л. І. Жаўтко) 

Вадзіцель пагрузчыка Уладзімір Вячаслававіч ЛІННІК запатрабаваны на самых розных участках ЖКГ. Напярэдадні прафесіянальнага свята быў камандзіраваны на ачышчальныя збудаванні для пагрузачных работ, звязаных з пяском. Сыпучыя будаўнічыя матэрыялы –скарб каштоўны, патрабуе беражлівых да сябе адносін. Вопытны пагрузчык заўсёды стараецца загрузіць іх без страт. Уладзіміра Лінніка тэхніка слухаецца безагаворачна, і майстэрства яму не займаць. Таму мужчына і карыстаецца павагай у кіраўніцтва прадпрыемства, калег. Заслужыў ён такія адносіны да сябе сумленнай, шматгадовай працай.

Ганаровая грамата Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі – адзнака высокая і ўручаецца нячаста. Сёлета яе атрымаў менавіта вадзіцель пагрузчыка РУП “Валожынскі жылкамунгас” У. В. Ліннік.

(У. В. Ліннік)

Алена ЗБІРЭНКА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars