Вiншуем з юбiлеем!

25 сакавіка спаўняецца 85 гадоў ветэрану працы, ганароваму транспартніку Рэспублікі Беларусь, чалавеку, які амаль тры дзесяцігоддзі ўзначальваў буйнейшае аўтатранспартнае прадпрыемства раёна – Даніілу Іванавічу ШЫЯНУ.

Нарадзіўся Д. І. Шыян на Случчыне, у сялянскай сям’і. Але вельмі рана адчуў, што яго больш цягне да тэхнікі, чым да земляробства. Васямнаццацігадовым юнаком, пасля заканчэння Бабруйскага аўтатранспартнага тэхнікума атрымаў спецыяльнасць механіка па рамонце і эксплуатацыі аўтамабіляў і быў працаўладкаваны ў Любанскі аўтапарк № 10. Тады ні ён сам, ні бацькі, ні яго калегі не здагадваліся, што ў прафесію прыйшоў чалавек, які ўнясе вялікі ўклад у станаўленне ўсёй аўтатранспартнай галіны вобласці.

У 1969 годзе Данііла Іванавіча пераводзяць у Валожын на пасаду дырэктара аўтапарка № 14. У той час гэта прадпрыемства выглядала зусім не рэспектабельна. Можна смела гаварыць, што транспартнікі працавалі ў палявых умовах: аўтобусы і грузавікі стаялі пад адкрытым небам, майстэрні нагадвалі хібары, дзе гулялі скразнякі і валяліся кучы металалому.

Так што пачынаць маладому дырэктару давялося з нуля. Ён дабіваецца выдзялення новага зямельнага ўчастка пад вытворчую базу. Там жа будуюцца рамонтныя майстэрні, цэхі для тэхабслугоўвання аўтамабіляў. Любы кіраўнік разумее, што аддачы ад людзей трэба чакаць толькі тады, калі яны адчуваюць клопат і ўвагу да сябе. І Данііл Іванавіч паралельна з тэхнічнай мадэрнізацыяй вядзе работу па паляпшэнні ўмоў працы. Падпісвае загад аб узвядзенні гаспадарчым спосабам сталовай і лазні. У кароткі тэрмін рабочыя аўтапарка маюць басейн, пральны комплекс, дзе мыецца спецадзенне і чахлы на аўтобусныя сядзенні, невялікі швейны цэх. Новаўвядзенні атрымліваюць шырокі рэзананс па ўсёй рэспубліцы, у Валожын едуць за перадавым вопытам, здымаюць дакументальныя кінастужкі.

Прадстаўнікі старэйшага пакалення памятаюць, як выглядала даўнейшая аўтастанцыя “Валожын”: некалькі драўляных будак, пафарбаваных у сіні колер, адсутнасць асфальтавага пакрыцця і цесната ад людской мітусні. У 1978 годзе адкрываецца вакзал з усімі выгодамі для пасажыраў, з гасцініцай на 12 ложка-месцаў, а архітэктурнае рашэнне аб’екта доўгі час давала яму права лічыцца адным з самых прыгожых у вобласці. Пакрысе абнаўляюцца і іншыя прыпыначныя пункты. Сетка аўтобусных маршрутаў густа пакрывае ўвесь раён, а рэйсавы графік распісаны так, што ў любую, нават самую аддаленую вёску з райцэнтра можна даехаць і вярнуцца за суткі двойчы.

Паступова аўтапарк становіцца ў Валожыне самым прывабным месцам працы: добрыя заробкі, магчымасць атрымаць жыллё. За бытнасць Даніілам Іванавічам дырэктарам пабудаваны 90-кватэрны і 48-кватэрны дамы.

А колькі незабыўных эмоцый дарылі валожынцам творчыя і спартыўныя калектывы аўтапарка! Таленавітыя вадзіцелі і механікі ігралі ў духавым аркестры, спявалі ў хоры, танцавалі ў ансамблі. Мастацкая самадзейнасць была пастаўлена на такі высокі ўзровень, што не раз нашы транспартнікі давалі выязныя канцэрты ў калег з вобласці і Мінска. За дасягненні ў спорце прадпрыемству навечна перададзены на захоўванне 13 кубкаў-узнагарод.

Данііл Іванавіч Шыян – чалавек, які ўнёс у гісторыю Валожыншчыны нямала слаўных старонак. Нізкі паклон Вам за гэта ад удзячных нашчадкаў! Здароўя і бадзёрасці яшчэ на многія гады!

Алена ЗБІРЭНКА

Фота Сяргея САДОЎСКАГА

Вы можаце пакінуць каментарый або зваротную спасылку з вашага сайта.

Пакінуць каментарый


приёмная главного редактора


   
Powered by WordPress | Compare Best Sprint Phone Deals Online. | Thanks to Credit Card Deals, Best CD Rates and Sell cars