Прафесіянал ідэальнага гука

Общество

Часам у чалавечай мове гукам хочацца знікаць, мяняць танальнасць і сваю афарбоўку, з’яўляцца там, дзе зусім не патрэбны. І тады словы, гледзячы на іх, могуць «перакручвацца», бегаць па сказах і ў выніку губляць дакладны сэнс думкі – паказваюць характар, і ў развіцці мовы ўзнікаюць анамаліі. Калі гэта здараецца ў маленстве, тады бярэцца за справу Валянціна Валер’еўна Каласкова – лагапед.
Яна вучыцца ўсё жыццё і ўсё жыццё вучыць і выхоўвае іншых. Скончыла школу, потым каледж у Магілёве, дзе атрымала спецыяльнасць выхавальніка. Праз час паступіла ў педагагічны універсітэт імя Максіма Танка, стала настаўнікам гісторыі. Аднак у школу працаваць так і не перабралася, хоць прапановы былі. Вырашыла застацца ў дзіцячым садку № 2 горада Валожына. Тут амаль 15 гадоў Валянціна Валер’еўна працавала выхавальнікам. Сеяла ў сэрцы дзетак пачуццё прыгожага, развівала малады розум, прывучала да дысцыпліны,перадавала свае веды.
Шмат часу праводзячы з малымі, яна з цікавасцю слухала іх мову, заўважала няправільнае вымаўленне гукаў, слоў, пабудову словазлучэнняў, сказаў. Яе цікавілі розныя праяўленні недахопаў мовы, іх прырода і ўздзеянне на развіццё дзіцяці. І В. В. Каласкова зноў вырашыла пайсці вучыцца ў родную ВНУ на настаўніка-дэфектолага.
У гэтым годзе В. В. Каласкова атрымала другую вышэйшую адукацыю з чырвоным дыпломам, завочна скончыла факультэт дэфекталогіі. Цікаўлюся ў яе, як удалося стаць выдатніцай, адначасова працаваць і гадаваць сына-падлетка. Жанчына адказвае:
– Лагапедыя – даволі дакладная навука, тут нельга хадзіць кругом і навокал, трэба вучыць канкрэтна, бо ад уласных ведаў залежыць паляпшэнне мовы дзяцей.
Настаўнікам-дэфектолагам у пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзіцячага садка № 2 райцэнтра Валянціна Валер’еўна працуе другі год. Займаецца з дзеткамі індывідуальна і групамі па праграме дзяржаўнага ўзору для спецыяльных дашкольных устаноў. Зараз у яе 24 падапечныя, разам яны змагаюцца з няправільным гукавымаўленнем, працуюць над лексіка-граматычнай будовай мовы.
Часцей у дзяцей парушана вымаўленне гукаў «р», «ш», «л», канчаткаў слоў, малыя па-рознаму ўтвараюць словазлучэнні і сказы, некаторыя заікаюцца. Каб пераадолець моўныя недахопы ў дзяцей, лагапеду-прафесіяналу прыходзіцца добра разбірацца і ў псіхалогіі, фізіялогіі, некаторых галінах медыцыны.
Сябе хваліць яна не ўмее, падчас нашай размовы сціпла зазначае, што пра сябе ёй гаварыць неяк няёмка, саромеецца расказваць пра поспехі ў навуцы і працы, затое з ахвотай гаворыць пра сваіх старанных і паслухмяных малых. Ёй падабаецца працаваць з дашкольнікамі, а калі ў работу ўключаюцца яшчэ і бацькі, што вялікі плюс, дзеці дасягаюць цудоўнага выніку.
Калі пакласці правільны пачатак якой-небудзь справе, то, напэўна, і канец яе будзе правільны. Таму Валянціна Валер’еўна, карыстаючыся парадай Сухамлінскага, вучыць дзяцей складанае рабіць прывычным, прывычнае – лёгкім, а лёгкае – прыгожым, каб гукі са словамі перасталі «паказваць характар».

Алена ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий