Пяршайцаў хвалююць дарогi

Официально

Такая выснова сама просіцца ў загаловак пасля праведзенага старшынёй раённага выканаўчага камітэта Мікалаем Анатольевічам АСТРЭЙКАМ выязнога прыёму грамадзян у Пяршайскім сельвыканкаме. Да кіраўніка раёна завіталі дзве заяўніцы. І тэма ў абедзвюх жанчын – адна: паляпшэнне дарожнай інфраструктуры аграгарадка.
Першай звярнулася да Мікалая Анатольевіча маладая матуля з пытаннем упарадкавання вуліцы Лясной. Дарога мае гравійнае пакрыццё, і ўжо пакрыта ямамі. Праблема ў тым, што названая вуліца ўкрыта ад сонца дрэвамі і высыхае марудней, чым іншыя. Летась праводзілася яе падсыпка. А ў бягучым годзе пасля сыходу лішняй вільгаці РУП «Валожынскі жылкамунгас» накіруе сюды тэхніку для правядзення грэйдзіравання. Пасля прыёму, дарэчы, М. А. Астрэйка асабіста заехаў на Лясную, каб ацаніць фронт работ.
Наступная наведвальніца паведаміла кіраўніку раёна, што доўгі час «выспявае» пытанне абсталявання ўчастка вуліцы Карла Маркса тратуарнай дарожкай. У сельвыканкаме тлумачаць: гэты ўчастак знаходзіцца на балансе ДЭУ-61 «Мінскаблдарбуд», і адміністрацыя сельскага выканаўчага камітэта сёлета выходзіла на кіраўніцтва арганізацыі з просьбай упарадкаваць тратуар. Аднак трэба чакаць 2020 года, калі балансатрымальнік будзе размяркоўваць сродкі, і толькі тады планаваць уключэнне названага ўчастка ў спіс добраўпарадкавання аб’ектаў. Кіраўнік раёна заканамерна пацікавіўся, чаму раней мясцовая ўлада не выступіла з такой ініцыятывай. Сітуацыя ўскладняецца тым, што дарога мае рэспубліканскае значэнне, і яе рамонт нельга прафінансаваць з раённага бюджэту. Старшыня райвыканкама даручыў кіраўніцтву адказных службаў Валожыншчыны ўважліва вывучыць пытанне і шукаць шляхі яго хутчэйшага вырашэння.


Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *