На мяжы недарэчнасцi i непаразумення

Официально

У мінулы аўторак у райвыканкаме выязны прыём грамадзян правялі намеснік пракурора Мінскай вобласці Сяргей Паўлавіч Шыкунец, часова выконваючыя абавязкі начальнікаў Упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Вадзім Львовіч Мурын і Упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Ігар Васільевіч Шаціла. За садзейнічаннем у вырашэнні асабістых пытанняў да прадстаўнікоў трох сілавых структур сталічнага рэгіёну звярнуліся 4 жыхары раёна.

Жыхарка райцэнтра адразу зазначыла, што патрапіла ў недарэчную сітуацыю па сваёй неабачлівасці – прадала ўласную машыну знаёмаму: зняла з уліку, аддала дакументы, а здзелку афіцыйна не аформіла. Мужчына крыху пакатаўся, а пасля перапрадаў яе вадзіцелю з іншага горада, які неўзабаве трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне і пашкодзіў сустрэчны легкавы аўтамабіль. Усе выдаткі на рамонт давялося выплачваць былой уладальніцы транспартнага сродку. І хоць машына пасля аварыі павінна знаходзіцца на штрафстаянцы, па словах жанчыны, яна па-ранейшаму калясіць па дарогах і невядома, у чыіх руках. Гаспадыня турбуецца, каб легкавушка зноў “не нарабіла спраў”, за якія ёй давядзецца адказваць па законе.

Заяўніцы дадзена парада звярнуцца па месцы рэгістрацыі транспартнага сродку з заявай на ўтылізацыю машыны, і калі яна пападзе ў поле зроку праваахоўных органаў, то фактычна будзе лічыцца без дакументаў.

Амаль чатыры гады ідуць судовыя разборы па пажары, які адбыўся ў гарпасёлку Івянец. Вынесены прыгавор задавальняе заяўнікаў, хаця ўсе спрэчныя пытанні да канца яшчэ не вырашаны. Людзей жа непакоіць тое, што ў становішчы прыцягнутых да адказнасці службовых асоб, па іх меркаванні, нічога не змянілася.

У гэтым выпадку дадзена даручэнне раённым уладам больш дэталёва разабрацца ў сітуацыі.

Пенсіянерка з Валожына паскардзілася на некарэктныя паводзіны з боку аднаго з супрацоўнікаў райаддзела Следчага камітэта. Выпадак адбыўся ў красавіку мінулага года. Па факце ў райаддзеле была праведзена службовая праверка і прыняты меры рэагавання, аб якіх паведамілі жанчыне. Аднак прайшоў амаль год, і пытанне зноў узнікла на паверхні: як высветлілася, крыўда не дае супакою да гэтай пары.

Жыццёвую і чалавечую справядлівасць некалькі гадоў шукае састарэлы вясковец з Пяршайскага сельсавета: ён ніяк не можа знайсці паразуменне з суседам-дачнікам – той паквапіўся на зямлю і залез на межы яго ўчастка. У ходзе размовы стала зразумела, што 10 гадоў яны жылі, можна сказаць, па-сяброўску, пакуль дачнік не надумаў гарадзіцца. Вось тады і пачаліся бясконцыя звароты-праверкі, якія дайшлі да абласнога ўзроўню. Усе службы дакументальна пацвярджаюць, што сусед нічога не парушыў – каменем спатыкнення з’яўляецца звычайны чалавечы фактар. І, каб знайсці мір і згоду, людзям трэба проста дамовіцца.

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *