Прафесiйнае свята — нагода для ўрачыстасцi

Общество

Напярэдадні агульнага прафесійнага свята дзве Валожынскія арганізацыі правялі ўрачыстасці для дзеючых супрацоўнікаў і ветэранаў працы. Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання насельніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў раённым Цэнтры культуры святкавалі камунальнікі, а актавая зала ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме стала пляцоўкай, што сабрала разам калектыў РКБА.

Цёплыя словы ўдзячнасці, віншаванняў і найлепшых пажаданняў гучалі ў гэты дзень у адрас спецыялістаў кожнага з падраздзяленняў шматфункцыянальнай службы РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Адкрыў урачыстасць дырэктар прадпрыемства М. М. Унучак. У час свайго выступлення Міхаіл Міхайлавіч падвёў вынік работы арганізацыі ў мінулым годзе, назваў асноўныя дасягненні, акрэсліў задачы на будучыню. Ад кіраўніцтва раёна камунальнікаў павіншаваў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Анатольевіч Балінаў. Прадстаўнік улады выканаў прыемную місію – узнагародзіў Ганаровай граматай райвыканкама Генадзія Яўгеньевіча Рудовіча, а таксама ўручыў Падзяку старшыні райвыканкама Алене Іванаўне Бітэль. На сцэну былі запрошаны і работнікі, якія за шматгадовую працу і цудоўныя вынікі адзначаны высокімі ўзнагародамі падчас абласнога свята. Гэта Аляксандр Віктаравіч Кулак (нагрудны знак “Ганаровы работнік ЖКГ”), Уладзімір Вячаслававіч Ліннік (ганаровая грамата Міністэрства ЖКГ Рэспублікі Беларусь), Людміла Іосіфаўна Жалтко і Аксана Валянцінаўна Субач (ганаровыя граматы ДА “Жыллёва-камунальная гаспадарка Мінскай вобласці”). Начальнікам кадрава-юрыдычнай службы Мартай Мікалаеўнай Пашкоўскай быў зачытаны святочны загад, згодна з якім з рук М. М. Унучака атрымалі граматы і падзякі 17 супрацоўнікаў прадпрыемства. За актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці калектыву граматамі раённага аб’яднання прафсаюзаў узнагароджаны лепшыя члены пярвічнай арганізацыі, у тым ліку і лідар калектыву. Узнагароджанне правёў старшыня прафкама Аляксандр Сцяпанавіч Бяляўскі. Ён жа прадоўжыў цырымонію ўручэння ўзнагарод – грамат прафсаюза РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Для віншавання работнікаў камунальнай сферы на сцэну паднялася і старшыня раённай арганізацыі “Белая Русь” А. І. Клачко. Алена Іванаўна, як заўсёды, на ўрачыстасць прыйшла з падарункамі, якія дасталіся Алене Рыгораўне Саевіч, Марце Мікалаеўне Пашкоўскай, Міхаілу Міхайлавічу Унучаку. Кожны са святочных эпізодаў завяршаўся музыкальным падарункам ад лепшых артыстаў валожынскай эстрады.

Генадзій Яўгеньевіч РУДОВІЧ – цясляр жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка. Гэтага работніка на прадрпрыемстве даўно называюць чалавекам з залатымі рукамі. Любыя работы з дрэвам, у тым ліку рамонт акон, дзвярэй, лавак на вуліцах горада і многае іншае – яго абавязак, да якога сапраўдны майстра ставіцца спакойна і грунтоўна. Работы не баіцца ніякай. Яму цікава развіваць у сабе ўсё новыя і новыя ўменні. Ён і ў асабістым жыцці не забывае пра ўдасканаленне сваіх здольнасцей. Уласны дом узвёў, як кажуць, з нуля.

На фота: З Ігарам Анатольевічам БАЛІНАВЫМ.

“Мая прафесія патрабуе мноства навыкаў. У залежнасці ад абставін даводзіцца быць і псіхолагам, і дыпламатам, і выхавальнікам”, – прызнаецца парцье гасцініцы “Карона” Алена Іванаўна БІТЭЛЬ.

Калісьці яна марыла распрацоўваць новыя мадэлі жаночага адзення. Нават набыла прафесію мастака-мадэльера. Аднак рэалізоўвае свае творчыя здольнасці і жыццёвы вопыт за стойкай рэгістрацыі ці, як цяпер кажуць, “на рэсэпшн”. Кліент заўсёды мае рацыю! У калектыве гасцініцы пра гэта не забываюць. Відаць таму і водгукі пра абслугоўванне выдатныя. Дарэчы, апошнім часам нумары ў “Кароне” сталі карыстацца попытам у гасцей з-за мяжы. Таму Алене Іванаўне давялося ўспомніць школьную праграму па нямецкай мове. Ды і англамоўны кантынгент не выклікае ў яе цяжкасцей, не гаворачы ўжо пра бліжэйшых суседзяў. А па-сапраўднаму радуецца прафесійны парцье візіцёрам, якія аддаюць перавагу роднаму слову. Магчымасць паказаць узровень валодання беларускай мовай лічыць падарункам.

Алена Рыгораўна САЕВІЧ – галоўны энергетык і казначэй прафсаюзнай арганізацыі РУП “Валожынскі жылкамунгас” адзначана Падзякай Мінскага абласнога камітэта прафсаюза мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў.

Нават у наш час, калі амаль не засталося прафесій, якія не па сілах прадстаўніцам прыгожай палавіны чалавецтва, жанчына-інжынер міма волі прыцягвае ўвагу і выклікае інтарэс. На першы погляд ёй, такой жаноцкай, больш падышло б штосьці менш сур’ёзнае, чым адказнасць за рацыянальнае выкарыстанне энергетычных рэсурсаў усяго прадпрыемства. Калі ж пазнаёмішся з Аленай Рыгораўнай бліжэй, разумееш: прыгажосць і вытанчанасць не перашкаджаюць граматнаму, удумліваму спецыялісту пры выкананні службовых абавязкаў. Яна прызнаецца: «У рабоце я – чалавек жорсткі, відаць, таму мне лягчэй працаваць з мужчынамі. А жаноцкасць… Гэта для дома, для сям’і».

Уладальнікі высокай узнагароды – нагруднага знака “Ганаровы работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі” Віктар Фёдаравіч СІВЫ, Аляксандр Сцяпанавіч БЯЛЯЎСКІ, Аляксандр Віктаравіч КУЛАК з кіраўніком прадпрыемства Міхаілам Міхайлавічам УНУЧАКАМ.

 

Як адзначыла дырэктар камбіната бытавога абслугоўвання Аксана Іванаўна Сівая, у 2018 годзе праведзена значная работа па ўдасканаленні дзейнасці прадпрыемства па розных кірунках. Нямала намаганняў прыкладзена для стварэння камфортных умоў працы, абнаўлення абсталявання, росту зарплаты. Дзякуючы ўдалым маркетынгавым дзеянням пашырана кола заказчыкаў. У мінулым годзе выкананы паказчыкі, даведзеныя ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай “Камфортнае жыллё і зручнае асяроддзе на 2016-2020 гады” (падпраграма “Якасць і даступнасць бытавых паслуг”) па аб’ёме рэалізаваных бытавых паслуг (102,6%) і выручцы ад рэалізацыі прадукцыі, работ, паслуг (112,8%). Згодна з праграмай, прадпрыемству выдзелена фінансаванне. У выніку праведзена тэхнічнае пераабсталяванне пральні, швейнага цэха.

З рук Аксаны Іванаўны граматы арганізацыі і грашовыя прэміі атрымалі Леакадзія Віктраўна Якубель, Людміла Станіславаўна Гарбачэўская, Надзея Іванаўна Плявака. Прэміямі адзначаны таксама работнікі, чые фота будуць размешчаны на Дошцы гонару РКБА, – Таццяна Іосіфаўна Мозаль, Вольга Аляксандраўна Махмудава, Лілія Аляксандраўна Сасноўская, Таццяна Мікалаеўна Сакалаўская. Напярэдадні раённай урачыстасці высокімі ўзнагародамі адзначаны супрацоўнікі, якія былі запрошаны на абласное свята. Ірына Мікалаеўна Таўгень атрымала Падзяку старшыні галіновага прафсаюза, Святлана Яўгеньеўна Кербедзь – грамату абласнога Савета дэпутатаў.

Ва ўрачыстасці прыняў удзел Леанід Васільевіч Акотчык. Былы дырэктар звярнуўся да калектыву з віншаваннямі і пажаданнямі плёну ў працы. Святочны настрой работнікам РКБА дапамаглі стварыць салісты РЦК і гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры”.

 

Людміла Станіславаўна ГАРБАЧЭЎСКАЯ, Леанід Васільевіч АКОТЧЫК, Аксана Іванаўна СІВАЯ, Ірына Мікалаеўна ТАЎГЕНЬ, Святлана Яўгеньеўна КЕРБЕДЗЬ, Алена Сяргееўна ШАСТАК, Лілія Аляксандраўна САСНОЎСКАЯ.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий