Мара маёра Калiтнiка

Общество

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, вялікі асабісты ўклад у дасягненне высокіх вынікаў па папярэджанні і ліквідацыі пажараў Ганаровай граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь узнагароджаны старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы па надзвычайных сітуацыях і грамадзянскай абароне РАНС Алег Генадзьевіч КАЛІТНІК.

Пасля заканчэння Салігорскага горна-хімічнага тэхнікума па спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” быў накіраваны на службу ў падраздзяленне Мінскага РАНС, а менавіта – у пажарную аварыйна-выратавальную часць № 18 горада Заслаўля. І сёння А. Г. Калітнік з глыбокай увагай успамінае свайго першага непасрэднага начальніка дзяжурнай змены Валерыя Васільевіча Шасцерына. Па яго словах, ён насамрэч валодае ўсімі неабходнымі якасцямі для работы ў падраздзяленнях МНС: высокі прафесіяналізм, прадуманы і асэнсаваны падыход да сваёй справы, немалаважную ролю адыгрывалі чалавечыя якасці, якія прывіваў сваім падначаленым.

У 2008 годзе па сямейных абставінах Алег Генадзьевіч перавёўся ў наш раён. За перыяд работы давялося займацца рознымі кірункамі дзейнасці – папярэджанне пажараў, аварый, а таксама наступстваў неспрыяльных пагодных з’яў. І да гэтай пары глыбокім болем у душы і ў памяці пажарнага-выратавальніка застаецца трагедыя ў жылым доме ў вёсцы Лягезы, калі загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку малалетняе дзіця, моцнае ўражанне пакінуў і пажар у садаводчым таварыстве каля вёскі Туркаўшчына, дзе ў выніку падпалу адначасова гарэлі 7 дачных дамоў.

Аднак, як заўважыў падчас размовы, прафесію ён выбіраў досыць доўга: па-першае, хацеў, каб была даспадобы, а па-другое, каб прыносіла не толькі задавальненне сабе, але і карысць людзям. Як бачна, юнацкая мара маёра ўнутраных войскаў збылася.

 

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *