У руках майстра

Культура

У аб’яднанні народных майстроў “Скарбніца” на пачатку сакавіка пачала працу выстава “Фантазія, палёт і рук тварэнне”, якая будзе праходзіць месяц. На ёй прадстаўлены творчыя работы Віталіі Уладзіміраўны МЕШЧАНОК, жыхаркі вёскі Брылькі.

Віталія Уладзіміраўна з дзяцінства расла ў творчым асяроддзі. У пачатковай школе займалася мастацкай гімнастыкай, але потым жыццёвы шлях не прывёў ад спартыўнай кар’еры. Яна працавала на пошце і на заводзе, а зараз з’яўляецца супрацоўніцай Брылькоўскага філіяла ДУ «ФАЦ Валожынскага раёна».

Свае спробы ў творчасці пачала даўно: спачатку эксперыментавала з вырабам карцін, а потым паспрабавала дэкарыраваць ёмістасці. І цяпер розныя бутэлькі, бляшанкі, слоікі і каробкі ў руках жанчыны ператвараюцца ў дэкаратыўныя рэчы і набываюць новае жыццё ў якасці прадметаў інтэр’еру. Майстар у рабоце ўжывае ўсё – як стандартныя мастацкія сродкі, так і простыя бытавыя дробязі: макарона, крупы, гарбузовыя семачкі і гарох складваюцца ў кветкі і арнаменты на вазах, яечныя шкарлупіны дапамагаюць стварыць эфект даўніны, а гузікі і гарачы клей становяцца ўпрыгожаннем ва ўмелых руках.

На адкрыцці выставы Віталія Уладзіміраўна правяла майстар-клас па дэкупажы для ўсіх жадаючых. Расказала, які акрыл лепш набываць, паказала тэхнікі работы і спосаб нанясення фарбаў з металічным эфектам, падзялілася назіраннямі і парадамі з асабістага вопыту.

 

 

 

Настасся ЛЯВІНСКАЯ,

фота аўтара



Добавить комментарий