Жывы голас гiсторыi: карчма ў Гiравiчах

Культура

«НЕАБЫЯКАВЫЯ…» Менавіта пад такой назвай мы адкрываем сёння новую газетную рубрыку, прысвечаную нашай слаўнай Валожыншчыне і яе людзям, якія ахвяруюць свае памкненні і сілы на карысць развіцця дарагога сэрцу кутка Радзімы. Іх ініцыятывам, праектам, што дазволяць і прынесці карысць грамадству, і падняць наш край на новую сацыяльную, эканамічную прыступку. Агледзьцеся, шаноўныя чытачы: магчыма, сярод вашых знаёмых таксама ёсць такія неардынарныя асобы! Паведаміце пра іх нам, а мы раскажам усім прыхільнікам раённай газеты. Чакаем вашых допісаў і званкоў!

Неабыякавасць – вось што вызначае цывілізаванага чалавека. А неабыякавасць да гісторыі вызначае чалавека грамадскага. Вёска Гіравічы, што пад Ракавам, дае прыклад неабыякавага грамадства – тут спрабуюць выратаваць будынак старой карчмы, якая знаходзіцца ў цяжкім зруйнаваным стане. Сем апошніх гадоў людзі рэгулярна збіраюцца, каб чысціць і парадкаваць тэрыторыю вакол гэтага будынка, тут праводзяць дабрачынныя фестывалі, тут выступалі саліст “Песняроў” Анатоль Кашапараў і гурт “Стары Ольса”…
Што так вабіць людзей да гэтага будынка? І чаму пры такой увазе карчма яшчэ не адрадзілася?
Гэта ці не адзіны выпадак, дзе думкі і памкненні ўсіх, хто мае дачыненне да гэтай справы, зліліся ў агульным шчырым жаданні выратаваць часцінку гісторыі, даць ёй шанц на далейшае жыццё: жыхары вёскі, мясцовая і мінская інтэлігенцыя, Ракаўскі сельвыканкам, Валожынскі раённы выканаўчы камітэт. Толькі дзякуючы намаганням усіх бакоў будынак паволі, але няўхільна ажывае. Людзі прыбралі тэрыторыю і саму карчму, сельвыканкам ініцыіраваў вываз смецця і абкошванне тэрыторыі. Мясцовая гаспадарка дае аўтобус для перавозкі добраахвотнікаў на працу па карчме. Вайсковая часць прывозіць палявыя кухні і корміць людзей, артысты выступаюць бясплатна, гаспадар сядзібы “Ганка” закупляе ежу, райвыканкам дапамагае з арганізацыяй, а міліцыя сочыць за парадкам. Архітэктары даследуюць руіны і складаюць праект адбудовы, гісторыкі робяць гістарычнае абгрунтаванне, геадэзісты адаптуюць старыя планы. Нават адвакат, які дапамагае з дакументамі, чалавек вельмі строгай прафесіі, расчуліўся і шчыра сказаў: “Гэта святая справа, і тут гаворка ўжо не пра грошы”.
Але пры гэтым усім карчма ў Гіравічах доўга застаецца незарэгістраванай. Толькі зараз працэс падыходзіць да свайго лагічнага завяршэння – апошняя гаспадыня карчмы Зінаіда Раманчык мае намер уступіць у спадчыну – і тады пачнецца сапраўдная адбудова старога грамадскага цэнтра вёскі. Жыхары Гіравічаў вельмі згуртаваныя і ўсімі сродкамі, у першую чаргу маральна і эмацыянальна, падтрымліваюць гэту сталага веку мужную жанчыну. Тут нават стварылі спецыяльны грамадскі фонд дзеля выратавання старой карчмы, набываюць будаўнічыя матэрыялы і рыхтуюцца ўсталяваць ля карчмы крыжы і капліцу са статуяй Маці Божай.
Паралельна ў архіве былі праведзены даследаванні гісторыі сям’і Раманчыкаў і іх карчмы. Падзеі адбываліся ў Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы (Віленскае ваяводства, Маладзечанскі павет, Ракаўская гміна). Карчма ў Гіравічах адносілася да маёнтка Стары Ракаў, якім валодаў княжацкі род Друцка-Любецкіх. У 1932 г. Андрэй і Адам Раманчыкі набылі будынак карчмы ў Друцка-Любецкіх і дзеля такой важнай здзелкі выклікалі адваката Мечыслава Шымановіча, які жыў у Вільні па вуліцы Міцкевіча, 43 (нядаўна стала вядома, што сям’я Шымановічаў дагэтуль пражывае па тым жа самым адрасе!). Гістарычнай загадкай застаецца тое, што набывалі карчму двое мужчын, а ў польскіх маёмасных дакументах пазначаны толькі адзін – Адам.
Чаму князі Друцка-Любецкія вырашылі прадаць сваю старую карчму? Справа ў тым, што Гіравічы ў тыя часы знаходзіліся амаль на мяжы. З польскага боку паабапал Гіравічаў месціліся дзве стражніцы – у Кучкунах і Шапавалах, а насупраць варту нёс 15-ты памежны атрад НКУС са штабам у Заслаўі. Памежны статус вёскі спыніў актыўны гандлёвы рух па дарозе Ракаў – ст. Аляхновічы, і карчма перастала прыносіць прыбыткі.
Здымаць тэрыторыю, прылеглую да дзяржаўнай мяжы, было забаронена. Як распавёў вядомы краязнаўца Фелікс Янушкевіч, вёска Гіравічы ў міжваенных дакументах і СМІ – “белая пляма”. У маладзечанскім архіве захоўваюцца планы ўсіх навакольных вёсак, няма толькі Гіравічаў.
Вось у такіх акалічнасцях вайсковага статусу і памежнай цішыні Раманчыкі вырашылі набыць карчму для свайго жылля. Тут пражывалі чатыры пакаленні іх сям’і. Яны займаліся не толькі сельскай гаспадаркай, але і арганізавалі ў карчме яшчэ бандарную майстэрню і невялічкую краму. Гэта была сціплая і спакойная сям’я. У тагачасных польскіх землямерных справах ёсць шмат скаргаў і перамераў кавалкаў, асабліва часта была незадаволена вынікамі абмераў “пані Катажына” – гіперактыўная жанчына, якую добра памятае гаспадыня Зінаіда. Але ў скаргах і перасудах ніколі не ўдзельнічалі Раманчыкі. І яшчэ дзве сям’і – Русецкія і Патаповічы.
Потым было далучэнне да БССР, Айчынная вайна… Раманчыкі жылі ў карчме да 1971 г. Калі старыя людзі ўжо не здолелі трымаць у належным стане такі велізарны будынак, то перасяліліся ў звычайны дом. А карчма працягвала нечым вабіць людзей. Да яе ў пасляваенныя гады прыязджалі мастакі, архітэктары, пісьменнікі: Сяргей Сергачоў, Вадзім Гліннік, Вольга Атас, нават Якуб Колас. Малявалі яе, фатаграфавалі, проста адпачывалі на ганку…
Карчма вытрымала тры вайны – Грамадзянскую, “Польскую” і Айчынную. І нават пасляваенную разруху. Але не вытрымала абыякавасці і нахабнай прагі да грошай… Дзве “хвалі” чорнакапальнікаў у 80-х і 90-х гадах мінулага стагоддзя наехалі сюды ў пошуках золата і скарбаў. Разбілі ўсе тры каміны, знеслі ўнутраныя і дзве вонкавыя сцяны. У выніку дах абрынуўся…
Нягледзячы на гэта, руіны карчмы выклікаюць шчыры інтарэс турыстаў, як нашых, так і замежных. Напрыклад, сумесным праектам аднаўлення архітэктурнай спадчыны зацікавіўся міністр культуры горада Гадэбуш Клаус Ліхтэман. На студзень 2020 года плануецца яго візіт у Ракаў і Гіравічы з мэтай падпісання пагаднення ад абмене валанцёрскімі летнікамі. Аналагічны праект абмяркоўваецца з кіраўніцтвам польскага замка Голуб-Добжынь. У вёсцы Гіравічы жыве стваральнік і кіраўнік гурта старадаўняй музыкі “Стары Ольса” Зміцер Сасноўскі, які шчыра клапоціцца пра аднаўленне карчмы і якога мясцовая грамадскасць абрала кіраваць працэсам адбудовы.
Вось што кажа стараста вёскі Гіравічы Станіслаў Сурынт: “Гэта зямля незвычайная, яна вабіць цікавых людзей і дае ім энергію. І духоўную ежу. Гэты куток дае карані, якія жывяць цябе. А чым ты далей ад кораня, тым табе горш”.
У адноўленым будынку карчмы плануецца арганізаваць гістарычны музей, праводзіць тэматычныя вечарыны, прымаць турыстычныя групы і ладзіць міжнародныя фестывалі гістарычнага зместу. Але, як заяўляюць гіравіцкія ініцыятары, гарачыя заўзятары і проста энтузіясты, галоўнай тэмай будучага музея будзе культурнае жыццё Ракаўскай гміны 30-х і Ракаўскай акругі 40-50-х гадоў: інтэр’ер, мэбля, інструменты, музыка, брычкі, рэтра-машыны, радыё, газеты, адроджаная бандарная майстэрня і, вядома, адбудаваныя нанова вялізныя карчомныя каміны з дзікіх валуноў.
У бліжэйшае дзесяцігоддзе Гіравічы могуць стаць цікавым культурным і турыстычным месцам. І гэта не дзіва: старадаўняе мястэчка Ракаў, да чыёй акругі гістарычна заўсёды адносіліся Гіравічы, стала важнай кропкай культурных падзей не толькі Валожыншчыны, але ўсёй Беларусі і нават Еўропы. А вёска Гіравічы будзе годнай ружай гэтага букету!

Сачыце за нумарамі “Працоўнай славы”. Наша газета мае намер асвятляць далейшае развіццё падзей вакол старой карчмы ў Гіравічах, бо наперадзе суд, афармленне, складанне праекта, дазволы і ўрэшце ШМАТ ЦІКАВАЙ ПРАЦЫ!

Рэдакцыя шчыра дзякуе Зміцеру Сасноўскаму за прадастаўленыя звесткі і фотаматэрыялы, а таксама за актыўную жыццёвую пазіцыю і вернасць даручанай аднавяскоўцамі справе.


Так выглядала Гіравіцкая карчма. Эскіз С. Сергачова.

Зінаіда РАМАНЧЫК: “Вялікая была вёска, столькі моладзі. Калі танцы, дык рабілі ў двух канцах. І музыкі былі свае – скрыпка, гармонік і бубен. А пасля павыязджалі, разбегліся, а карчма развалілася, раскінулася…”

На Зміцера САСНОЎСКАГА жыхары Гіравічаў усклалі абавязкі па адраджэнні колішняга цэнтра вёскі. А гэта справа няпростая.

Грамадскасць наводзіць парадкі.



Добавить комментарий