Вёска Крынiца i яе наваколле

Культура

Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая Налібоцкая старонка для шматлікіх турыстаў і гасцей. У свой час газета шмат пісала пра раён. Але кампактнага, цэласнага матэрыялу так і не ўдалося сабраць. Гэта «ўпушчэнне» і выпраўляем цяпер. Пад рубрыкай “Свой край вывучай” працягваем анталогію 428 вёсак раёна. Сённяшні наш пункт тапанімічнага падарожжа – вёска Крыніца і яе наваколле.

У рэдакцыю патэлефанаваў жыхар аграгарадка Ракаў Фёдар Фёдаравіч КАВАЛЕНКА – расказаў, што нарадзіўся і вырас у вёсцы Крыніца. Працаваў у Гіравіцкай СШ кіраўніком ваеннай справы і настаўнікам фізкультуры, дырэктарам Карнюткаўскай васьмігодкі, кіраваў дзіцячым аздараўленчым лагерам “База адпачынку “Ветразь” каля Ракава, намеснікам дырэктара Беллітфонду Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктарам Дома творчасці Саюза пісьменнікаў “Іслач”. Па адукацыі – старшы ваенны тапагеадэзіст, гісторык.

Ужо шмат гадоў ён займаецца вывучэннем сваёй малой радзімы, на ўспамін сталі прыходзіць дзіцячыя гады, аповеды дзядоў, аднавяскоўцаў. У выніку з’явілася вялікае жаданне пакласці на паперу ўсё тое, што захавалася ў памяці. Так атрымаўся экскурс-успамін, выкладзены на 23 старонках машынапіснага тэксту. Працягваем знаёміць з ім чытачоў.

(Працяг. Пачатак у №№ 94, 96 2018 года, №№ 4, 16 2019 года)

 

Тут цікава ўспомніць пачутае ад бабуль адно паданне. На паўднёва-ўсходнім схіле ўзвышша, непадалёк дарогі і хаты, раслі невялікая разгалістая хвоя і некалькі елак. На гэтым месцы ў адну і тую ж пару года – позна восенню – увечары з’яўлялася здань у выглядзе пажылой жанчыны. Падарожнік, які аказваўся тут, мог бачыць на фоне хвоі і елак незвычайнае святло і жаночую постаць у доўгім чырвоным адзенні з накінутай на галаву і плечы чорнага колеру хусцінай. Канцы хусціны на грудзях былі перакінуты накрыж. Рукі таксама ляжалі на грудзях накрыж. Постаць здані стаяла нерухома, твар велічны і спакойны. Сваім позіркам яна як бы суправаджала падарожніка. Такая з’ява адбывалася неаднаразова. Людзі, якія былі ў дарозе, стараліся пазбягаць гэты час.

Дакладна не магу сказаць, але дзесьці ў 1963-1964 гадах дарожнай і будаўнічай арганізацыям раёна спатрэбіўся якасны пясчаны жвір. Вось тады і пачалася распрацоўка ўзвышша. На паўднёвым раскапаным (раней) схіле ўзвышша побач з дарогай пабудавалі драўляную эстакаду. Прыгналі два гусенічныя трактары С-100. Па-першае, на самім узвышшы пачалі зносіць хмызнякі, а затым дзёран і камяні. Пад імі з-пад нажоў бульдозераў паказалася мноства чалавечых касцей, нават можна было ўбачыць жмуты жаночых валасоў. Косці перамешваліся з пластамі жвіру і траплялі на эстакаду, а затым у казавы машын, якія адвозілі жвір на месца выкарыстоўвання. Гэту відавочную жудасную справу ніхто не спыніў. Чаму так сталася? Цяжка зразумець і адказаць.

Упэўнена магу сказаць, што тут былі спрадвечныя могілкі, існаванне якіх не захавалася ў памяці людзей. (Заўвага: у гісторыі Беларусі быў такі момант, калі падчас войнаў і, як вынік – голаду і мору, было знішчана 75-80 працэнтаў насельніцтва: Вялікае Княства Літоўскае і Лівонская вайна. Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што калі б не Лівонская вайна, Паўночная вайна Расіі са Швецыяй, вайна 1812 года і дзве апошнія вайны – 1914-1918 і 1941-1945 гадоў – колькасць насельніцтва сёння складала б 35-46 мільёнаў чалавек). Міжволі задумваешся, што вёска Крыніца ўзнікла на калісьці абжытым абшары ўскраіны заходняй часткі Мінскага ўзвышша з выхадам на левабярэжжа рэчкі Заходняя Бярэзіна.

Вышэй адзначаў, што Крыніца і Кражына на пачатку 20 стагоддзя атаясамліваліся як адна вёска. Віхура ваеннага ліхалецця Вялікай Айчыннай чорным крылом ахінула гэтыя мясціны ў маі 1943 года. Трагічны лёс напаткаў жыхароў вёскі Кражына – 11 чалавек і мноства дзяцей-немаўлят загінулі ў жахлівым полымі ад нямецкіх карнікаў. Іх спасціг лёс Хатыні. У канцы 70-х чуў ад некаторых дасведчаных людзей, што жыхароў Кражына спаліў той самы карны нямецкі атрад, што і вёску Хатынь. Чорная навала тых падзей абмінула жыхароў вёскі Крыніца дзякуючы неразгубленасці аднаго аднавяскоўца Нехвядовіча Э. (тут і ніжэй запісана са слоў сведак тых падзей).

У канцы красавіка 1943 года народныя мсціўцы арганізавалі ва ўрочышчы Пяслівіца засаду супраць фашыстаў – у выніку бою была разбіта рота немцаў і іх прыспешнікаў: у палон захапілі нямецкага афіцэра і радавога салдата (радавым быў украінец у нямецкай уніформе). Пасля бою партызаны вярталіся на месца дыслакацыі ў Налібоцкую пушчу праз вёскі Крыніца і Кражына. Рухаючыся, зрабілі прыпынак у Кражыне ў двары гаспадароў Марчыкаў – хтосьці з гэтай сям’і быў у складзе атрада партызан. Няёмка гаварыць, але яны адзначылі сваю перамогу і шарэючым надвячоркам выехалі з вёскі ў напрамку на Петрашунцы і Стайкі. Пры выездзе адбылася трагедыя – недзе на адлегласці 200 метраў (тапанімічная назва месца – Вадацеч). Партызаны прычапіліся з допытам да нямецкага афіцэра, нягледзячы на тое, што ён стаяў перад імі на каленях і паказваў здымкі сваёй сям’і, молячы злітавацца. Аднак яго забілі. Труп застаўся ляжаць на зямлі з параскіданымі фатаграфіямі. На другі дзень вяскоўцы закапалі яго (дзесьці пасля вайны падчас веснавой паводкі вадой былі вымыты косці гэтага захавання, але ніхто не звяртаў увагі. Астатняе мне невядома. Дарэчы, на месцы засады і бою яшчэ ў 50-я гады ў прылеглай тэрыторыі лясной зоны людзям сустракаліся косці забітых нямецкіх карнікаў). Ужо ў добрых прыцемках паміж вёскамі Петрашунцы і Стайкі палонны салдат збег ад партызан. Дабраўшыся да нямецкага гарнізона, які стаяў у мястэчку Валожын, ён паведаміў як сведка пра падзеі, што адбыліся. Немцы палічылі вёску Кражына партызанскай зонай і пачалі рыхтавацца да помсты. Хтосьці папярэдзіў жыхароў вёскі, але людзі аднесліся да паведамлення без насцярожвання. Яны думалі: ніхто з іх сем’яў з партызанамі не звязаны, таму немцы іх не закрануць.

У ноч з 20 на 21 мая 1943 года фашысты пачалі карную аперацыю. Апоўначы акружылі вёску Крыніца. Недзе пасля 12-й гадзіны ночы яны падышлі да крайняй з усходу вёскі хаты. Тут жыла сям’я гаспадара Нехвядовіча Э. Па вясковых мерках дом быў даволі вялікі з венскім акном на кухні. Карнікі выбілі раму і паставілі кулямёт на стол. У дом уварваліся некалькі чалавек з нямецкім афіцэрам, які дастаў карту і, падсвечваючы ліхтарыкам, пачаў удакладняць у гаспадара хаты месцазнаходжанне вёскі Кражына. Але той не разгубіўся і пасля некаторых тлумачэнняў на польскай і беларускай мовах змог упэўніць нямецкага афіцэра, што яны знаходзяцца ў вёсцы Крыніца. Пасля гэтага акружэнне Крыніцы было знята, і мясцовыя жыхары пазбеглі страшнай трагедыі партызанскіх вёсак.

Пасля немцы рушылі ў бок Кражына, і ужо дзесьці ў 4-5 гадзін раніцы яна была поўнасцю акружана. Кулямёты ўстанавілі ва ўсходняй частцы вёскі на ўзвышшы Козіха і ў заходняй – на беразе ракі Заходняя Бярэзіна. Па сутнасці, да сваёй згубнай справы акупанты прыступілі з самага рання – вёска толькі пачынала прасынацца. Некаторых гаспадынь двароў яны сустрэлі з даёнкамі – тыя ішлі ў хлявы на ранішнюю дойку кароў. Паразыходзіўшыся па дварах і хатах, вылюдкі застаўлялі жанчын будзіць дзяцей, вывелі людзей на вуліцу і пагналі на ўсходнюю ўскраіну вёскі – у вялікае гумно гаспадароў Марчыкаў. Запіхалі сілком. Стаяў жудасны крык і енк, які быў чутны ў навакольных вёсках. Зачыніўшы дзверы, карнікі паставілі насупраць два кулямёты і прыкладна ў 10 гадзін падпалілі будынак. Ад роспачы пакутнікі ламалі дзверы, але адразу ж траплялі пад кулі – вырвацца з пекла было немагчыма. Цэлы дзень фашысты хадзілі па дварах, рабуючы дабро і шукаючы тых, хто паспеў схавацца. Каго знаходзілі, вялі да гумна і побач расстрэльвалі. Пазней яны былі пахаваны тут жа – аб гэтым сведчаць магілы з крыжамі (з дзяцінства добра памятаю гэтую магілку з драўляным дубовым крыжам. Дзесьці ў сярэдзіне 60-х гадоў сваякі з Польшчы зрабілі драўляную агароджу – у якім стане магіла цяпер, мне невядома).

Прыкрая недарэчнасць адбылася з гаспадарамі Сліж. Іх хутар знаходзіўся непадалёк Кражына ў бок вёсак Марудаўка і Петрашунцы. Падчас карнай аперацыі муж і жонка, пакінуўшы ў хаце пяцёра ці сямёра дзяцей, вырашылі пайсці ў вёску, каб паглядзець, што там адбываецца. Але іх схапілі і тут жа без усялякай гаворкі расстралялі, а пасля кінулі ў полымя (дакладна не ведаю колькасці дзяцей, і іх лёс мне невядомы. Двое дзяцей забралі сваякі з Узбалаці, там яны засталіся жыць у вёсцы і працавалі ў калгасе).

Другую сям’ю па прозвішчы Гелда, хутар якіх адносіўся да Кражына і знаходзіўся ў кірунку на Долевічы, выпадкова выратаваў жыхар Долевічаў (прозвішча не ведаю, была вясковая мянушка – Тыхвіль ці Тахвіль). Ён прыйшоў у двор да Гелдаў прыкладна ў тры гадзіны дня з мэтай пацікавіцца, што адбываецца ў Кражыне: страляніна, крыкі, чорны дым. Падчас гаворкі ў хату Гелды ўварваліся два карнікі і пачалі дапытвацца, ці адносіцца іх двор да Кражына. Але гаспадар анямеў і не змог вымавіць ні слова. А вось спадарожнік не разгубіўся: дастаў з кішэні свой пашпарт, выдадзены яшчэ польскімі ўладамі, дзе было ўказана яго месцапражыванне – вёска Долевічы. Тыя пагадзіліся і пакінулі двор.

У наступныя дні немцы зганялі людзей з навакольных вёсак для пахавання астанкаў згарэўшых кражынцаў. Як пасля расказвалі, відовішча было страшным і жудасным: усё ссунулі ў выкапаны дол і насыпалі курганчык. Пасля вайны сваякі загінуўшых з суседніх вёсак і тыя, хто вярнуўся ў родныя мясціны, паставілі помнік. Пазней, дзесьці ў сярэдзіне 60-х, улады змянілі яго на помнік Смуткуючай маці. Калі была Кражынская школа, вучні з настаўнікамі даглядалі за гэтым жалобным месцам і штогод на Дзень Перамогі праводзілі мерапрыемствы па ўшанаванні памяці загінуўшых землякоў.

З карэнных кражынцаў уцалелі ўсяго некалькі чалавек. Адзін жыхар, прозвішча якога не ведаю, з вечара пайшоў да сваякоў у вёску Цвіраўшчына па нейкіх справах – гэта яго захавала яму жыццё. Таксама выратаваліся Марчык Зіна, якая схавалася ў склепе за бочкай капусты, і Карзюк Вольга – залезла на гарышча за комін. У абодвух выпадках карнікі толькі стралялі, але жанчыны не спужаліся, сцішыліся і не выдалі сябе. Застаўся жывы і Станкевіч Юзік, што прытаіўся ў мякіне з-пад лубіну: немец некалькі хвілін хадзіў і таптаўся па ёй, але нічога не заўважыў. Гэтых людзей я добра ведаў. Карзюк Вольга была матуляй майго аднакласніка – яна расказвала пра тыя падзеі. Станкевіч Юзік – апошні майстар па ўзвядзенні стрэх з кулявой жытняй саломы. Памятаю яго прыладу працы – стрыхоўку, якую нават трымаў у руках.

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *