Ёсць праблема — ёсць i вырашэнне

Официально

У гэтым пераканаліся заяўнікі, якія скарысталіся магчымасцю пагутарыць з намеснікам Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Міхайлавічам Курлыпа падчас праведзенай на мінулым тыдні «прамой тэлефоннай лініі» і прыёму грамадзян.

Разам з Аляксандрам Міхайлавічам на «прамой лініі» дзяжурылі кіраўнік Маладзечанскага міжраённага камітэта дзяржкантролю Вера Віктараўна Чысцякова, старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Анатольевіч Астрэйка, яго намеснік Ігар Анатольевіч Балінаў, дырэктар РУП «Валожынскі жылкамунгас» Міхаіл Міхайлавіч Унучак і іншыя службовыя асобы. Іх прысутнасць дазволіла аператыўна адрэагаваць на ўзнятыя ў дыялозе заяўнікоў з высокапастаўленым чыноўнікам праблемныя пытанні. А такіх было тры.

Першай да А. М. Курлыпа звярнулася жыхарка вёскі Міхалова. У яе ўзніклі пэўныя непаразуменні з адміністрацыяй Івянецкага гарпасвыканкама. Але нічога з разраду невырашальнага агучана не было. Аляксандр Міхайлавіч, азнаёміўшыся з сутнасцю звароту і выслухаўшы тлумачэнні іншага боку, даў для пачатку вусныя парады ўрэгулявання канфлікту. Афіцыйны ж пісьмовы адказ жанчына атрымае ва ўстаноўлены законам тэрмін.

Другі званок паступіў з Пяршаяў і тычыўся кватэрнага пытання. Заяўніца паскардзілася, што ў непрыватызаваным доме, дзе яна пражыла апошнія 32 гады, даўно патрабуецца правесці рамонт, замяніць электраправодку, перакрыць дах і інш. Намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю краіны разбіраўся ў сітуацыі з прадстаўніком балансатрымальніка – ДЛГУ «Валожынскі лясгас». Ён даручыў арганізацыі-арандадаўцы выканаць комплекс неабходных работ, і ў першую чаргу абнавіць унутрыдамавую лінію электраперадачы: гэта прынцыповае пытанне бяспекі жыццядзейнасці.

На прыём жа да Аляксандра Міхайлавіча прыйшлі прадстаўнікі 12-кватэрнага жылога дома па вуліцы Савецкай райцэнтра. Сутнасць іх просьбы – дапамагчы «зрушыць» з месца намечаны капітальны рамонт будынка. Але, як выявілася, наведвальнікі хваляваліся дарэмна: фінансаванне выдзелена, праектна-каштарысная дакументацыя на правядзенне маштабных работ ужо гатова прайсці экспертызу. У такім выпадку спецыялісты РУП «Валожынскі жылкамунгас» дзейнічаць пачнуць з мая бягучага года. Будуць адрамантаваны наружныя сцены будынка, узмоцнены яго фундамент, наладжана водасцёкавая сістэма, заменены вокны і дзверы ў месцах грамадскага карыстання і многае іншае.

Падрабязней пра маючыя адбыцца прыемныя і чаканыя для жыхароў дома перамены будзе расказана ў афіцыйным лісце, які па даручэнні А. М. Курлыпа накіруюць ім адказныя службы.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий