Фотапастка спраўна «ловiць» вiнаватых

Закон и порядок

Аб’ектыў высокаэфектыўнай тэхнікі не падманеш. Таму ён стаў надзейным памочнікам работнікаў лясгаса ў барацьбе з усемагчымымі парушэннямі «зялёнага» заканадаўства. Вось і цяпер, калі настала пара масавай уборкі тэрыторый, фотапасткі чарговы раз даказалі сваю карысць.

Электронныя інструменты развешваюцца па ўсім лясным масіве нашага раёна. У рандомных месцах, вядома, але і не «наўдачу»: работнікі лясной гаспадаркі ўстанаўліваюць фотапасткі ў месцах, дзе з зайздроснай рэгулярнасцю «з’яўляюцца» стыхійныя сметнікі. Яшчэ адно стратэгічна важнае месца – могілкі. Часта яны таксама мяжуюць з лесам, і пры іх уборцы наведвальнікі не надта ўжо і імкнуцца аднесці смецце да кантэйнера. Прырода, маўляў, усё стрывае!

А вось гэткія думкі – грубая памылка. На змешчаным здымку – тэрыторыя могілкаў ля вёскі Рачаняты. І выразны факт прычынення шкоды нашаму зялёнаму багаццю. Пры гэтым, як засведчыў супрацоўнік ДЛГУ «Валожынскі лясгас», кантэйнер знаходзіўся прыкладна за 80 метраў ад адлюстраванага на фота месца… Парушальніка знайшлі па «гарачых слядах». За гадзіну ён загрузіў ва ўласны транспарт і вывез усё гэта дабро, аплаціў штраф. І, напэўна, з неважнецкім настроем (затое чыстым сумленнем!) паехаў дадому…

Варта нагадаць тым, хто паступае аналагічным чынам, што сума штрафу за падобныя ўчынкі вагаецца ад 1 да 25 базавых велічынь і абцяжарваецца абавязковым патрабаваннем прыбраць за сабой.

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий