«Супертройка» СШ №1 выступiць на вобласцi!

Молодежный курьер

У Валожыне адбыўся раённы этап рэспубліканскага конкурсу лідараў “Супер тройка”, што традыцыйна праводзіцца сярод членаў ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.

Мерапрыемству папярэднічалі адборачныя туры, падчас якіх установы адукацыі выбіралі ўдзельнікаў на раён. Для ўдзелу ў конкурсе неабходна было падаць заяўку, партфоліа “Інтэрнэт-кейс важатага”, “Партфель лідара” і “Рукзачок акцябронка”. Загадзя здымаліся і манціраваліся відэаролікі-самапрэзентацыі. У выніку ўсе прадастаўленыя рэсурсы дапамаглі яскрава раскрыць асобы і грамадскую дзейнасць удзельнікаў, іх інтарэсы і творчыя дасягненні.

У конкурсны дзень лепшыя лідары шасці школ змагаліся за перамогу падчас абароны дамашняга задання “Разам мы сіла. Тры ў адным” на сцэне актавай залы гімназіі № 1 г. Валожына. Педагог-арганізатар і два прадстаўнікі дружын – піянер і акцябронак – такі склад каманд, што прадставілі СШ № 1, СШ № 2, гімназія, Гародзькаўская, Пяршайская, Сакаўшчынская школы. За пяць хвілін кожная тройка паказала творчы нумар. Гледачы і групы падтрымкі з цікаўнасцю сачылі і за мазгавым штурмам. Гэта заданне-квіз дапамагло журы ўбачыць узровень ведаў удзельнікаў адносна гістарычнага, прававога і псіхалагічнага поля дзейнасці піянерскага руху.

Ацэньвалі ж выступленні каманд старшыня журы, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Юлія Лагуціна, намеснік дырэктара ЦТДіМ Людміла Лысенка, метадыст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Кацярына Кароль, педагог-арганізатар ЦТДіМ, які курыруе дзейнасць дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў, Антаніна Трацэўская.

У выніку кожны з прадстаўленых калектываў адзначаны дыпломам удзельніка. Прыступкі ж п’едэстала перамогі занялі тройкі з гімназіі (3-е месца), СШ № 2 (2-е месца). На абласным этапе, які праходзіць 29 сакавіка ў Валожыне, у конкурснай праграме прымае ўдзел каманда СШ № 1 (1-е месца) пад кіраўніцтвам педагога Яны Яроты. Яркім і запамінальным у час мерапрыемства было і выступленне вядучых – гімназістаў Марыны Більдзюк і Уладзіслава Адашкевіча. Цудоўны дуэт выдатна тлумачыў палажэнні конкурсу, прадстаўляў удзельнікаў і амаль прафесійна запаўняў паўзы між іх выступленнямі.

Пажадаем тройкам-лідарам поспеху на абласным этапе конкурсу!

Каманда СШ № 1.

Каманда СШ № 2.

Вядучыя Уладзіслаў АДАШКЕВІЧ і Марына БІЛЬДЗЮК.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий