2 красавiка дзень яднання народаў Беларусi i Расii

Официально

2 красавіка адзначаецца Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Менавіта ў гэты дзень 23 гады таму Прэзідэнты дзвюх дзяржаў падпісалі дагавор “Аб утварэнні саюза Расіі і Беларусі”. Факт падпісання паклаў пачатак працэсу ўзаемнай інтэграцыі дзвюх краін.

Па словах Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, дзень яднання – значнае свята, якое ўвасабляе ў сабе наша сумеснае багацце і непарушнае сяброўства, добрасуседства, узаемаразуменне і ўсебаковае супрацоўніцтва. За параўнальна кароткі прамежак часу саюзны праект раскрыў вялікі стваральны патэнцыял для далейшага развіцця. Кожны дзень мы сумесна працуем для дасягнення галоўнай мэты інтэграцыі – паляпшэння жыцця людзей за кошт паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і Расіі.

Саюзніцкія адносіны паміж дзвюма краінамі садзейнічаюць пашырэнню ўзаемавыгадных эканамічных і гуманітарных сувязей, устанаўленню роўных правоў і адзіных сацыяльных гарантый для грамадзян. На міжнароднай арэне мы выступаем кансалідавана, уносячы важны ўклад у забеспячэнне міру і бяспекі. Паступова і рэзультатыўна ўмацоўваецца абароназдольнасць нашых дзяржаў.

Супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй валодае вялікім патэнцыялам: каб рэалізаваць яго ў поўнай меры, неабходна няўхільна захоўваць дамоўленасці, развіваць дасягненні і агульную спадчыну. Прыярытэтнымі кірункамі доўгатэрміновага саюзнага будаўніцтва з’яўляюцца інавацыйныя і навуковаёмістыя распрацоўкі, якія трэба ўкараняць ва ўсе сферы жыцця: з іх дапамогай магчыма ўпэўненая пабудова высокатэхналагічнай эканомікі і інфармацыйнага грамадства. Ад эфектыўнасці сумесных дзеянняў у многім залежаць аўтарытэт і пазіцыі Беларусі і Расіі ў сусветнай суполцы, канкурэнтаздольнасць краін і, самае галоўнае, дабрабыт грамадзян.

Саюзная дзяржава – гэта наш набытак, які дазваляе двум брацкім народам жыць адной сям’ёй у міры і згодзе, а дзень яднання – сімвал вечнай каштоўнасці беларуска-расійскага сяброўства, свята ўсіх тых, хто ўдзельнічае ў стварэнні саюзнай дзяржавы, свята кожнага чалавека, які жыве ў адной з гэтых краін. Гістарычная памяць і ўзаемная падтрымка заўсёды былі вышэй за ўсе іншыя меркантыльныя і тактычныя меркаванні, і наш агульны абавязак – захоўваць адданасць гэтаму лёсавызначальнаму выбару.

Да Дня яднання прымеркаваны культурныя мерапрыемствы. Асноўныя ўрачыстасці традыцыйна пройдуць 2 красавіка на лепшых эстрадна-тэатральных пляцоўках: у Мінску – у Палацы Рэспублікі, у Маскве – у Маскоўскім тэатры мюзікла. У іх прымуць удзел кіраўнікі органаў улады і дзяржаўнага кіравання, палітычныя і грамадскія дзеячы.

Мінскім гледачам будзе прадстаўлены мюзікл кампазітара Кіма Брэйтбурга па матывах аповесці А. С. Пушкіна “Дуброўскі”, у аснове якой рэальная гісторыя беларускага памешчыка з Віцебскай губерні. Маскоўскай аўдыторыі прапануюць рэвю “Жыццё цудоўнае” – своеасаблівае музычнае падарожжа па песнях XX стагоддзя, кожны нумар якога стане асобным міні-спектаклем са сваімі героямі, што пражываюць на сцэне цэлае жыццё.

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *