Псiхолагi супраць булiнгу

Общество

На базе СШ 2 г. Валожына адбылося чарговае пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў. На гэты раз падставай для сустрэчы стала праблема, якая сёння клапоціць людзей ва ўсім свеце – булінг (ганенне). “Спыніць насілле. Аказанне псіхалагічнай дапамогі дзецям, якія аказаліся ў сітуацыі ганення” – так была сфармулявана асноўная тэма мерапрыемства.

Даказана: ахвяра булінгу атрымлівае душэўную траўму, якая аказвае сур’ёзнае ўздзеянне на псіхіку, выліваецца ў шэраг праблем, што не пакідаюць чалавека на працягу жыцця. Здараюцца выпадкі, калі той, хто сам пакутаваў ад насілля ў дзяцінстве, становіцца сацыяльна небяспечным, і яго паводзіны часта бываюць траўматычнымі для асобных людзей і цэлых груп.

Педагог-псіхолаг СШ № 2 Аксана Эдуардаўна Віршыч шмат гадоў працуе ў кірунку псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім. Сёння яна – адзін з самых вопытных прафесіяналаў на ўзроўні раёна. Яе даклад “Праблемы насілля ў адукацыйным асяродку” быў падмацаваны эксперыментам. Яго ўдзельнікамі сталі навучэнцы ўстановы адукацыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі адказалі на пытанні спецыяльнай анкеты, дзе падзяліліся ўласным вопытам сутыкнення з насіллем. На шчасце, вынік апытання не выклікае вялікай заклапочанасці, тым не менш, некалькі ўдзельнікаў пацвердзілі: хоць і нячаста, але насілле (часцей псіхалагічнае) у іх жыцці здаралася.

Цэнтральным эпізодам дня стала дэманстрацыя спектакля ў фармаце “Форум-тэатр”. У пастаноўцы “Насілле можна спыніць” былі задзейнічаны вучні-дзесяцікласнікі. Кацярына Бацян, Алеся Жадовец, Карына Скапец, Кацярына Чэрнік, Паліна Паляшчук, Іван Лінкевіч выдатна разыгралі жыццёвую драму дзяўчынкі, у дачыненні да якой булінгавыя дзеянні дазваляюць сабе амаль усе, хто складае яе акружэнне. Метад “Форум-тэатр” не прадугледжвае паказу канкрэтнага фіналу спектакля. Кожны мае права прапанаваць свой зыход з сітуацыі. Што і зрабілі прысутныя. Дарэчы, большасць прапаноў па разрашэнні канфлікту і дапамозе ахвяры мела пазітыўную афарбоўку. Разглядаліся і варыянты, калі “лепшая абарона – нападзенне”, але ж, як сцвярджаюць псіхолагі, такая тактыка рэдка калі бывае эфектыўнай. Зараз папулярнасць набывае так званая медыяцыя, калі канфлікт вырашаецца з дапамогай старонніх асоб. У навучальных установах сталіцы ўжо створаны спецыяльныя службы. Свой праект “Школьная служба перамір’я” прадставілі і вучні СШ № 2. У бліжэйшы час плануецца распрацоўка адпаведных эмблемы, дэвіза, што аб’яднаюць юнакоў і дзяўчат, якія адчуваюць у сабе сілы ўнікаць і “разрульваць” канфліты паміж малодшымі школьнікамі. Як патлумачыла Аксана Эдуардаўна, пачатку дзейнасці групы дабрачыннікаў будзе папярэднічаць пэўная работа па апавяшчэнні навучэнцаў, іх бацькоў і настаўнікаў аб магчымасцях новага і такога актуальнага ў нашы дні фарміравання.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *