На творчым шляху

Люди и судьбы

Жыхарка Івянца Святлана Міхайлаўна ЗАЙЛЯНКОВА нядаўна адзначана падзякай намесніка старшыні Мінаблвыканкама Івана Станіслававіча Маркевіча.

Гэта яркая асоба добра вядома на Валожыншчыне і за яе межамі. Кожны, хто мае дачыненне да дзіцячай творчасці, прысутнічаў на мерапрыемствах, дзе выступаюць школьнікі, абавязкова звяртаў увагу на эмацыянальную жанчыну. Яна заўсёды ў акружэнні юных артыстаў – выхванцаў гарпасялковага цэнтра дзіцячай творчасці. Усё жыццё яе запоўнена пошукамі новых крэатыўных рашэнняў. Для гэтага мае адмысловую адукацыю – скончыла культпрасветвучылішча, затым – інстытут культуры, яшчэ пазней прайшла перападрыхтоўку ў педуніверсітэце імя Максіма Танка. Яна харэограф, рэжысёр і педагог сацыяльны. Кожная са спецыяльнасцей дапамагала ў пошуку сябе як спецыяліста.

Святлана Міхайлаўна з цеплынёй успамінае былога дырэктара Івянецкага дома-інтэрната Фёдара Лазаравіча Гольдшмідта. Ён першым звярнуў увагу на яе талент арганізатара. На базе сацыяльнай установы малады спецыяліст вяла гурток. Менавіта тады, пад яе кіраўніцтвам, выхаванцы-калясачнікі ўпершыню паспрабавалі сябе ў харэаграфіі. Танцы на калясках, пастаўленыя ёй, мелі поспех, і дырэктар прапанаваў пастаянную работу. Спачатку была бібліятэкарам, затым – выхавальнікам. Як прызнаецца сама, заўсёды “актыўнічала”. Гэты факт не прайшоў міма былога загадчыка аддзела адукацыі Святланы Валерьеўны Глябовіч. І вось ужо пятнаццаць гадоў Святлана Міхайлаўна – кіраўнік ЦДТ. За гэты час і сама, і яе ўстанова заваявалі сабе добрую славу. Мноства конкурсаў, фестываляў, канцэртаў адбыліся з удзелам (выніковым!) самых таленавітых дзяўчынак і хлопчыкаў з Івянца і яго наваколля. А якія ў іх касцюмы! Колькі прыдумак у падачы праграм! Між іншым, невялікі калектыў спраўляецца з любой задачай самастойна. Кожны з іх, а лідар – у першую чаргу – “і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц”.

Многія выхаванцы паспелі стаць дарослымі людзьмі, некаторыя самі набылі творчыя прафесіі, але кожны з іх на ўсё жыццё запомніць тэмпераментную, вясёлую і па-сапраўднаму дзелавую С. М. Зайлянкову, якая дапамагла ў пераадоленні сябе – вывела на сцэну, падарыла не адну хвіліну поспеху.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *