Пацвердзiлi найменнi «ўзорны i народны»

Культура

У раённым Цэнтры культуры адбылася канцэртная праграма, падчас якой найменні “ўзорны” і “народны” пацвярджалі студыя эстраднай песні “Праменьчыкі”, харэаграфічны калектыў “Раніца”, вакальны гурт народнай песні “Сваякі” і хор ветэранаў працы “Спяваючыя сэрцы” Валожынскага РЦК.

На мерапрыемства завітала журы ХIХ абласнога агляду-конкурсу “народных” і “ўзорных” аматарскіх калектываў, у склад якога ўвайшлі дырэктар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці І. Р. Пазняк, загадчык аддзела аматарскай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці І. У. Шыбут, загадчык аддзела мультымедыйных тэхналогій Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, кампазітар Д. І. Сушко і галоўны балетмайстар Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці В. Я. Ярмоленка.

Канцэрт распачаўся выступленнем дзіцячых калектываў – узорнай студыі эстраднай песні “Праменьчыкі” пад кіраўніцтвам Юліі Фомкінай і ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Раніца” пад кіраўніцтвам Юліі Крамянецкай.

Першымі з песняй “Беларусь чароўная” на сцэну выйшлі Яна і Ганна Санюковічы. Дзяўчат, а таксама ўсіх юных артыстаў студыі жыхары райцэнтра добра ведаюць і любяць іх творчасць. Са сцэны гучалі творы на беларускай, рускай і нават англійскай мовах, шмат з іх было прысвечана тэме Вялікай Айчыннай вайны. Песні перамяжоўваліся з выступленнямі ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Раніца”. Дзяўчаты паказалі спрыт падчас выканання танцаў “Каламійка”, “Барыня”, “Мы будем танцевать”, “Дзявочы пляс”. Гледачы падтрымлівалі рабят дружнымі апладысментамі.

Творчую эстафету пераняў народны хор ветэранў працы “Спяваючыя сэрцы”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Галіна Філяноўская, акампаніятарам – Антон Таўгень. У выкананні калектыву прагучалі “Вітальная”, “Святочная”, “Родны Валожын”, “Туман ярам”, “Каля млына”. Дуэт Ірыны Кузьміч і Ніны Мянцюк прадэманстраваў твор з рэпертуару ансамбля “Бяседа” “Ты квітней, мой сад”. Завяршылася праграма песняй салістаў Галіны Філяноўскай і Ірыны Кузьміч “Поёт душа”, якая даўно стала візітнай карткай хору.

Працягнула праграму выступленне народнага ансамбля народнай песні “Сваякі”, кіраўніком якога з’яўляецца Дзмітрый Завацкі. Творы з рэпертуару ансамбля “Ой, ляцелі гусі”, “Там каля млына”, “Гаворка беларуская”, “Марусенька”, “А ў садзе рэчанька”, “Бывайце здаровы” добра знаёмыя і любімыя на Валожыншчыне і за межамі раёна. Артысты не толькі спявалі, але і выступілі ў якасці вядучых. На заканчэнні яны пажадалі ўсім прысутным: “Дабрабыту ў кожнай хаце, міру і шчасця назаўжды і ніякае бяды”.

Мерапрыемства стала сапраўдным святам творчасці і таленту гэтых чатырох калектываў і іх кіраўнікоў.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *