Прыёмная сям’я — сям’я асаблiвая

Общество

У законе Рэспублікі Беларусь “Аб правах дзіцяці” адзначана: “Кожнае дзіця мае права жыць у сям’і”. Сёння айчынны і замежны вопыт пераканаўча паказвае: гарантыі станоўчай будучыні сірот, якія выраслі ў сем’ях, значна вышэйшыя, чым тых, хто атрымаў выхаванне ў інтэрнатных установах.

У Беларусі зараз існуюць наступныя формы сямейнага ўстройства дзяцей: усынаўленне (удачарэнне), апека (папячыцельства), прыёмная сям’я.

Часцей за ўсё пра ўсынаўленне задумваюцца тыя, хто па нейкіх прычынах не могуць мець уласных дзяцей. Але прыёмнае дзіця не заўсёды адпавядае той ідэалістычнай карціне, якую ўяўляюць людзі, што не зведалі мацярынства (бацькоўства). А часам здараецца так: пасля ўсынаўлення сваё дзіця ўсё ж нараджаецца, і прыёмнае, як бы жорстка гэта ні гучала, становіцца непатрэбным. Таму, перш чым зрабіць крок у бок усынаўлення, лепш спачатку разгледзець іншыя варыянты.

Самай распаўсюджанай магчымасцю дапамагчы дзецям, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, з’яўляецца апека (устанаўліваецца над дзецьмі да 14 гадоў) ці папячыцельства (над непаўналетнімі ад 14 да 18 гадоў). Больш за ўсё выпадкаў, калі пад апеку (папячыцельства) бяруць пляменнікаў, унукаў, іншых сваякоў.

Прыёмная ж сям’я – гэта калі грамадзяне, прыняўшы на выхаванне сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, працуюць прыёмнымі бацькамі. Ім налічваецца зарплата, гарантуецца права на сацыяльнае страхаванне і пенсіённае забеспячэнне, а таксама на штогадовы водпуск працягласцю 56 дзён (на гэты перыяд дзеці накіроўваюцца ў аздараўленчыя лагеры).

Такія сем’і ствараюцца рашэннем райвыканкама на падставе працоўнага дагавора і дагавора аб умовах выхавання і ўтрымання дзяцей. Пры гэтым прыёмнымі бацькамі могуць быць грамадзяне ці грамадзянкі, якія не знаходзяцца ў шлюбе. Час работы ў якасці прыёмных бацькоў залічваецца ў агульны працоўны стаж.

У прыёмнай сям’і дзеці не страчваюць статус непаўналетніх, якія засталіся без папячэння бацькоў, таму за імі замацоўваюцца прадугледжаныя заканадаўствам ільготы. Дзеці ў такой сям’і знаходзяцца да дасягнення імі паўналецця ці паступлення ў прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, каледжы ці ВНУ. Пасля гэтага адносіны, калі яны захоўваюцца, ужо не будуць насіць прававога характару. Пры жаданні бацькоў прыёмнае дзіця можна ўсынавіць.

У дзіцячым аддзяленні прытулка ДУА “Валожынскі раённы СПЦ” выхоўваюцца хлопчыкі і дзяўчынкі рознага ўзросту. Яны – не сіроты, у іх бацькоў яшчэ ёсць шанц наладзіць нармальнае жыццё і вярнуць сваіх дзяцей. На жаль, гэта атрымліваецца не ва ўсіх. Дзецям тых, хто не здолее развітацца з асацыяльным ладам жыцця, давядзецца стаць выхаванцамі інтэрнатаў. Цудоўна, калі знойдуцца людзі, якія захочуць падтрымаць, абараніць іх законныя правы і інтарэсы, дапамагчы стаць на шлях самастойнасці і заняць годнае месца ў жыцці.

Тым, хто гатоў працаваць у якасці прыёмных бацькоў, за дадатковай інфармацыяй неабходна звяртацца ў органы апекі і папячыцельства (тэл. 58825) ці ў сацыяльна-педагагічны цэнтр (тэл. 58323). Адрас: г. Валожын, вул. Партызанская, д. 15.

Ірына ШАКУН,

педагог-псіхолаг СПЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *