Фiзiк са светапоглядам лiрыка

Люди и судьбы

Ганна Каспераўна ЯНУШКЕВІЧ даўно лічыць сябе ракаўчанкай. Адзін з буйнейшых населеных пунктаў Валожыншчыны стаў для яе сапраўднай радзімай. Прыехала ж сюды з Маладзечанскага раёна.

Вырасла ў шматдзетнай сям’і. У бацькоў зямлі ўласнай не было – арандавалі, асаблівага дастатку не мелі. Але ж і тата, і матуля цанілі адукацыю, верылі: толькі праз навуку дзеці змогуць наладзіць жыццё.

Ганна сярэднюю адукацыю атрымала ў Радашковічах і адразу паступіла ў педагагічны інстытут. Вучоба давалася лёгка, была амаль на “ты” з каралевай навук – матэматыкай. На ўступных экзаменах у ВНУ ўразіла членаў камісіі рашэннем задачы па фізіцы. У выніку атрымала параду: аддаць перавагу менавіта гэтаму прадмету. Праз нейкі час фізіка захапіла настолькі, што выкладчыкі, прыгледзеўшыся да адоранай студэнткі, раілі перавесціся ў політэхнічны інстытут – бачылі ў дзяўчыне інжынера. Яна на поўным сур’ёзе разглядала прапанову. Здавалася б, усё было за перавод. Стрымлівала тое, што ў педагагічным студэнцтва доўжылася чатыры гады, а на набыццё інжынернай спецыяльнасці патрэбна было вучыцца на год болей. А ёй хацелася працаваць. Старэйшая з дзевяці дзяцей, яна адчувала адказнасць за ўсю сям’ю, марыла хутчэй пайсці на свой хлеб і, пры магчымасці, дапамагчы родным.

Пасля атрымання дыплома размеркавалася ў Ракаў. Школа ў той час была не тая, што зараз. Самі будынкі – старыя, няўтульныя. Толькі тады гэтаму ніхто не надаваў увагі. Высокапрафесійны калектыў лічыўся адным з самых моцных у раёне. Энергічная маладая спецыяліст з галавой акунулася ў выкладчыцкую дзейнасць і, паралельна з гэтым, – у грамадскую работу. Акрамя фізікі, вяла ўрокі матэматыкі, была намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні, выкладала ўстройства трактара, рыхтавала будучых кінааператараў, з перасоўнай электрастанцыяй ездзіла па школах раёна – знаёміла вучняў з прынцыпам яе дзеяння. Калі фізіка і матэматыка не выклікалі цяжкасцей, то ўсё астатняе патрабавала самастойнага вывучэння, грунтоўнай падрыхтоўкі.

Вучыцца самой і вучыць іншых – вось крэда Ганны Каспераўны і як чалавека, і як педагога. Яе талент, працавітасць і рэпутацыю сур’ёзнага чалавека высока ацэньвалі тагачасныя кіраўнікі, што азначала наяўнасць вялікай колькасці розных даручэнняў. Давялося пабываць дырэктарам школы працоўнай моладзі, кіраўніком метадычнага аб’яднання. Як класны кіраўнік ладзіла безліч мерапрыемстваў, вадзіла выхаванцаў у паходы, рыхтавала да ўдзелу ў алімпіядах (заўсёды вынікова!). Сярод яе вучняў безліч настаўнікаў, ваенных, інжынераў, медыкаў, навукоўцаў, сур’ёзных кіраўнікоў розных устаноў. Са многімі да гэтага дня захаваліся цёплыя сяброўскія адносіны.

Неаднаразова выбіралася дэпутатам мясцовага савета, народным засядацелем у раённы суд. Цікава было супрацоўнічаць з таварыствам “Веды” – у якасці лектара прымала ўдзел у асветніцкай рабоце. Ганна Каспераўна ўспамінае: “Я з дзяцінства была веруючай. У савецкі час гэта выпячваць было нельга, але ж і весці атэістычную прапаганду мне сумленне не дазваляла. А тут прапанавалі прачытаць лекцыю на супрацьрэлігійную тэматыку. Я ж назвала сваё выступленне “Аптычныя з’явы на небе”. Як настаўнік фізікі растлумачыла людзям многія працэсы, што адбываюцца ў атмасферы, дзякуючы якім часам здаецца, што гэта штосьці незвычайнае. Такім чынам і даручэнне выканала, і не паграшыла супраць уласных прынцыпаў”.

Вядомы на Валожыншчыне педагог не аднойчы атрымлівала граматы і падзякі, мае медалі “Ветэран працы”, “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, знак “Выдатнік асветы”, ордэн “Знак гонару”. Шкада, але гэта прыгожая жанчына настолькі растварылася ў прафесіі і клопаце пра родных, што сваёй сям’і не стварыла. Так бывае. Але яе ні ў якім разе нельга назваць адзінокай. У свой час добрая, з памяркоўным характарам дзяўчына стала дачкой для гаспадароў, у якіх кватаравала. Між іншым, яна і зараз жыве ў доме па-сапраўднаму родных для сябе людзей. А ёй уласных дзяцей замяніла пляменніца. Ірына падарыла бабулі Ганне дваіх унукаў. Адзін з іх нядаўна стаў ксяндзом, што для яе, каталічкі, якая шмат часу праводзіць у касцёле, – вялікі гонар.

Былых педагогаў не бывае… Нібыта пацвярджаючы гэту думку, яна кожны год купляе зборнік тэставых заданняў па фізіцы і не супакоіцца, пакуль не перарашае ўсе задачы. Шмат часу праводзіць з любімай сяброўкай, былой калегай Ларысай Уладзіміраўнай Халявінскай, якую бязмежна паважае. Жанчыны розныя па характарах, аднак ім цікава і ўтульна побач. Г. К. Янушкевіч нядрэнна разбіраецца ў тэхнічных пытаннях, безумоўна, змагла б авалодаць камп’ютарам, тым больш, што ўнукі не аднойчы прапаноўвалі дапамогу, але ж, як сама прызнаецца, “вочы падводзяць”. Таму доўгімі зімовымі вечарамі, як і большасць людзей пенсіённага ўзросту, бавіць час перад тэлевізарам. Старыя фільмы, пазнавальныя перадачы, серыялы на гістарычную тэматыку… І ніколі ніякага “тэлевізійнага бруду”!

Напэўна, яе можна назваць ідэалісткай, але ж як добра, што сярод нас ёсць такія асобы – з моцным стрыжнем, з цвёрдымі маральнымі перакананнямі і бязмежнай верай у тое, што ў цэлым усе людзі добрыя, дзеці – таленавітыя, а свет – цудоўны.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *