Цiкава ў нашай школе

Молодежный курьер

У Дорскім ВПК прайшоў традыцыйны Тыдзень гуманітарных дысцыплін. Настаўнікі сумесна з вучнямі правялі шматлікія пазнавальныя мерапрыемствы.

Школьнікі прынялі ўдзел у эрудыт-гульні “Нам засталася спадчына”, якую арганізавала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Н. І. Арцюкевіч. Мерапрыемства аказалася вельмі цікавым. Хлопчыкі і дзяўчынкі, што змагаліся ў камандах “Васількі” і “Каласкі”, паказалі сваю кемлівасць і эрудыцыю, уменне працаваць сумесна. Перамога дасталася “Каласкам”.

Настаўнік гісторыі Г. А. Усава для вучняў 5 і 11 класаў правяла ўрок-прэзентацыю “Мадонны Міхаіла Савіцкага” па прадметах “Гісторыя Беларусі” і “Мастацтва (Айчынная i сусветная мастацкая культура)”. Ён атрымаўся змястоўным і незвычайным. Выпускнікі нібы вярнуліся на 6 гадоў назад, а пяцікласнікі ўбачылі, як упэўнена выступаюць, вядуць дыялог, спрачаюцца з настаўнікам старшакласнікі.

На ранішніку “Пра культуру мовы” вучні 5, 6 класаў пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры І. У. Вяршыцкай актыўна выконвалі прапанаваныя заданні, удзельнічалі ў інсцэніроўцы твораў, чыталі вершы.

Не засталіся па-за ўвагай малодшыя рабяты. У 3, 4 класах прайшоў “Турнір знаўцаў нямецкай мовы”, які правяла настаўнік Ю. А. Баўтрукевіч. Рабяты ў камандах выконвалі лексіка-граматычныя заданні, адказвалі на пытанні.

На працягу тыдня прайшлі віктарыны “Мы – беларусы”, “Вандроўка па родным краі”, што дапамаглі пашырыць кругагляд вучняў. Яны ўключалі заданні, разлічаныя на дзяцей рознай падрыхтоўкі і здольнасцей, і дазволілі ўдасканаліць навыкі працы з дадатковай літаратурай і аднавіць веды да экзамену па гісторыі Беларусі. Школьнікам прыйшліся даспадобы музычныя перапынкі “Спяваем па-беларуску”.

Тыдзень прайшоў весела, цікава, пазнавальна. Кожны школьнік змог праявіць свае здольнасці і актыўнасць.

Ілья ПАШКОЎСКІ,

вучань 11 класа Дорскага ВПК

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *