Патрыятычны рэспект

Общество

Адзін сталічны журналіст у размове са мной нядаўна па-добраму пазайздросціў: “Я пабываў у камандзіроўках амаль ва ўсіх кутках Беларусі, і, паверце, ваш раён адзін з найпрыгажэйшых у рэспубліцы. Такая дзіўная прырода! Столькі гістарычных мясцін! У ліку маіх любімых рэгіёнаў – лясная Валожыншчына і азёрная Браслаўшчына! А якія тут жывуць цудоўныя людзі!”

Пачуўшы такія словы, міжволі падужэла пачуццё патрыятызму і гонару за наш раён, яго багатую гісторыю, за край, прыгожы працавітымі і таленавітымі людзьмі.

Кожнага зачэпяць за душу словы-споведзь паэта Рыгора Барадуліна: “Трэба дома бываць часцей. Трэба дома бываць не госцем. Каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці…” Наш край, і для кожнага, хто тут нарадзіўся, і таго, хто прыехаў сюды з іншых мясцін і затрымаўся надоўга, а, відаць, ужо назаўсёды, успрымаецца, як агульны родны дом. Дом, дзе настоена паветра гаючым водарам бароў. Дзе серабрыстымі ніцямі праразаюць зялёны прастор Іслач, Волма, Заходняя Бярэзіна. Дзе ў пранізлівую восень вісяць над галавой калматыя аблокі, нібы разарваныя-раскудлачаныя ахапкі часанай шэрай воўны. Аблокі, якія так любіў маляваць знакаміты Ф. Рушчыц – сусветна вядомы жывапісец, які захацеў быць пахаваны менавіта ў  зацішным і сціплым Багданаве.

Родны край – гэта засяроджана-строгія шматлікія храмы, якія белымі караблямі духоўнасці ўзвышаюцца на жыццёвых прасторах многіх апусцелых вёсак. Родны край – гэта старажытны Ракаў, Івянец, Валожын з іх унікальнымі архітэктурнымі помнікамі сівой даўніны…

Мне здаецца, што менавіта патрыятызм адчыняе браму ў мінулае, а гістарычныя хронікі сёння чытаюцца, як самыя папулярныя і модныя кнігі. Людзі як бы наноў спазнаюць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны, не хаваючы сентыментальнасці, захапляюцца спадчынай, якую пакінулі нам продкі, а дапытлівыя турысты заварожана стаяць ля архітэктурных помнікаў былых стагоддзяў і шчыра дзівяцца: гэта ж так умелі некалі будаваць!!!

Радуе, што да крыніц спрадвечных жыва пацягнулася і моладзь. У электроннай грамадскай прыёмнай рэдактара газеты, якая працуе на сайце нашай раённай газеты, нямала “віртуальных” наведвальнікаў маладых па ўзросту. А пра сталасць іх душы, пра іх высокую свядомасць сведчыць іх занепакоенасць іміджам нашага раёна, павышэннем яго турыстычна-гістарычнага статуса, вялікім жаданнем маладых людзей бачыць сваю малую радзіму прыгожай, дагледжанай. А таму пытанні, заўвагі, прэтэнзіі, выказаныя імі на сайце, не ўспрымаюцца як максімалісцкая задзірлівасць, як раздражненне звычайнай бытавой неўладкаванасцю, якую часта сустрэнеш на перыферыі. Не! Усе гэтыя людзі звярнуліся на сайт не дзеля таго, каб дадаць чарговую порцыю сарказму ў адрас раёна. Як мне здаецца, у іх гарачых сэрцах на ўсю моц  гавораць толькі патрыятычнае пачуццё,  шчырае жаданне бачыць свой край яшчэ лепшым, чым сёння. Вось што выклікала незадаволенасць у Ганны з Івянца: “Рэгіён з багатай гісторыяй, цудоўнай прыродай. А, на жаль, у Валожыне гасцініца з пазамінулага стагоддзя. Дык што гаварыць пра стан помнікаў архітэктуры… Раскажыце, ці плануецца прывядзенне ў парадак турыстычнай інфраструктуры Валожына?”

Андрэя Іванавіча, які, на жаль, таксама не ўказаў свайго прозвішча, прымусіла звярнуцца ў электронную прыёмную рэдактара наступная прычына: “Вы лічыце, што Валожынскі аўтавакзал знаходзіцца ў нармальным стане?! Сорамна перад прыезджымі людзьмі. Лічу, што газеце варта завастрыць на гэтым увагу!”

Знаёмімся са зваротамі далей. Парадавала, што наш зямляк Артур, а цяпер мінчанін, зноў падумвае пра вяртанне ў родны раён. Яго маналог заключаецца ў наступным: “Я малады спецыяліст, нарадзіўся ў Валожыне, хацеў бы тут з сям’ёй жыць і працаваць. Але прадпрыемства, на якое збіраўся ўладкавацца, не прадаставіла нават службовага жылля.  У Мінску пакуль уладкаваўся ў інтэрнат. Мяне цікавіць, ці плануецца ў Валожыне фарміраваць жыллёва-будаўнічыя кааператывы, як у іх уступіць”.

У адказ на ўсе звароты мы абавязкова збяром кампетэнтную інфармацыю ў службовых асоб і затым адрасуем яе кожнаму наведвальніку грамадскай прыёмнай рэдактара. Дзякуй усім, хто праз электронны сродак сувязі выходзіць з намі на дыялог і такім чынам перажывае за наш агульны родны дом – Валожыншчыну, за яе прэстыж.

Малая радзіма – гэта пуцяводная зорка памяці, якая настойліва кліча ў мясціны дзяцінства, маладосці, як бы далёка ты ад іх цяпер не знаходзіўся. Нерв настальгіі  па роднай старонцы адчуваецца і ў наступным допісе, поўным  шчырай удзячнасці. Першым наведвальнікам электроннай прыёмнай рэдактара стаў Ігар Пятровіч Гоцман. На сайт “Працоўнай славы”  ён даслаў наступны допіс: “Хачу падзякаваць рэдакцыі за цудоўныя матэрыялы пра гісторыю Валожынскага раёна. Надзвычай прыемна заходзіць на старонкі вашага сайта і даведвацца пра родны край, хоць я цяпер жыву вельмі далёка. Спадзяюся і ў будучым вы не здрадзіце гэтай добрай традыцыі”.

І сапраўды, рубрыкі “Свой край вывучай”, “Нататкі з вясковай хаткі”, “За радком гісторыі”, “Векапомнае” – крыніца цікавай і разнастайнай інфармацыі. Нашы  краязнаўчыя публікацыі для людзей, якія аказаліся далёка ад Валожыншчыны, – нібы размова з маці –  размова шчырая, пранікнёная, падобная на споведзь. Ад сэрца – да сэрца. Бо малая радзіма гэта заўсёды вялікая любоў… А любіць і шанаваць нам на сваёй Бацькаўшчыне, дзякуй Богу, ёсць што!

З павагай да ўсіх чытачоў – рэдактар газеты Ірына ПАШКЕВІЧ.



Добавить комментарий