У Бузуны — святло, Забрэзцам — газабудаўнiчы эксперымент

Официально

У Бузуны — святло, Забрэзцам — газабудаўнiчы эксперымент: на Валожыншчыне правёў выязны прыём грамадзян старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Міхайлавіч ІСАЧАНКА.
За дапамогай у вырашэнні пытанняў да кіраўніка вобласці 3 красавіка звярнуліся 9 чалавек. Дакладней, наведвальнікаў было больш, але менавіта столькі праблем яны ўзнялі ў пошуках адказаў на набалелае. Кожны заяўнік атрымае пісьмовае паведамленне на працягу месяца, і гэтыя лісты стануць дакументальным пацвярджэннем агучанага падчас прыёму. Большасць тэм тычыліся жыллёва-камунальнай і будаўнічай сферы.
З праблемамі па частцы электрыфікацыі новага раёна індывідуальнай забудовы ў вёсцы Бузуны, што ў Ракаўскім сельсавеце, звярнуўся малады жыхар гэтага населенага пункта. Па словах заяўніка, ён паўтара года для асвятлення свайго дома карыстаецца бензагенератарам, а летам – сонечнымі панэлямі. У райвыканкаме адзначылі: прычына – у няправільным размеркаванні пунктаў выканання праекта па ўводзе ў эксплуатацыю жылых дамоў. Памылку ўсвядомілі і праект адправілі на дапрацоўку. Анатоль Міхайлавіч тым часам звярнуў увагу, што гэта праблема ўнутраная і не павінна закранаць людзей. «Святло зробім!» – запэўніў заяўніка кіраўнік абласной вертыкалі ўлады і паставіў задачу адказным службам вырашыць пытанне ў максімальна сціслыя тэрміны.
Наступная група наведвальнікаў – жыхары аграгарадка Багданава – заклапочаны дылемай, што лепш выкарыстаць для ацяплення і гарачага водазабеспячэння дамоў: газ ці электрычнасць. Праўда, да бліжэйшай кропкі газаправода каля 20 кіламетраў, а мясцовая сетка электраперадач не ў стане справіцца з патрабуемай нагрузкай. На гэта пытанне дапамагалі даць адказ першы намеснік генеральнага дырэктара РУП «Мінскэнерга» Аляксандр Казакоў і генеральны дырэктар ВРУП «Мінскаблгаз» Юрый Куліцкі. Па словах прадстаўніка сферы энергетыкі, у іх ведамства паступіў калектыўны запыт ад жыхароў 113 дамоў названага населенага пункта аб жаданні перайсці на электраацяпленне. Каб задаволіць просьбу, неабходна рэканструяваць і павялічыць магутнасць усіх 5 трансфарматарных падстанцый з выхадам на рэканструкцыю сетак. А гэта справа і па часе працяглая (2-3 гады), і па фінансавым складальніку вельмі важкая. Гендырэктар «Мінскаблгаза» ў сваю чаргу адзначыў, што плануецца будаваць газаправод на Вішнева працягласцю 13 кіламетраў. Тэрміны рэалізацыі – 2020-2021 гады. А пасля, каб падключыць багданаўцаў, неабходна будзе дабудаваць яшчэ 7 кіламетраў газаправода высокага ціску і вулічныя сеткі… Сітуацыя неадназначная. Анатоль Міхайлавіч прапанаваў дадаткова прапрацаваць аспекты і прыняць рашэнне з улікам таго, што будзе больш практычна і выгадна як для дзяржавы, якая спансіруе гэтыя работы, так і для саміх людзей.
Чарговы раз прагучала пытанне далейшага фінансавання будаўніцтва газаправода высокага ціску, які аб’яднае Гародзькі і Забрэззе. Старшыня спажывецкага кааператыву паскардзілася, што яго ўдзельнікі не трапляюць ні пад фінансаванне па праграме «Камфортнае жыллё», ні пад дзеянне Указа № 368 «Аб мерах па рэгуляванні адносін пры газіфікацыі прыродным газам эксплуатуемага жыллёвага фонду грамадзян». Пры гэтым жанчына адзначыла, што існуе вусная дамова з прыватнай арганізацыяй, якая гатова пабудаваць газаправод не толькі па ўдвая меншым кошце, але і прадаставіць растэрміноўку па выплатах. «А давайце правядзём эксперымент, – зазначыў А. М. Ісачанка. – Прапануем тэндар, у якім змогуць удзельнічаць і прыватныя структуры. І калі яны згодзяцца будаваць на такіх умовах – няхай будуюць!» А неабходныя для перадаплаты сродкі ў памеры 20% ад кошту знойдуцца, упэўнены кіраўнік Міншчыны.
Аб магчымасці асфальтавання ўчастка дарогі Мінск-Пральнікі ў бок вёскі Суднікі турбавалася жыхарка сталіцы. Як паведаміў в. а. начальніка філіяла КУП «Мінскаблдарбуд» — «ДРБУ № 167» Дзмітрый Князеў, згодна з абласной праграмай сёлета будзе заасфальтаваны ўчастак дарогі працягласцю 1920 метраў, туды ўвойдзе і тэрыторыя, пра якую непакоіцца заяўніца. Тэрмін выканання – трэці квартал.
Падчас прыёму грамадзян агучваліся просьбы аб рамонце дарогі з Івянца на Мінск, а таксама магчымасці ўнесці змены ў расклад руху маршрутных таксі з заездам у Ракаў у ранішні і вячэрні час. Ямачным рамонтам ужо займаюцца дарожныя службы раёна. А вось з другой часткай пытання не ўсё адназначна. Таму Анатоль Міхайлавіч прапанаваў вывучыць меркаванне людзей. Калі існуючы расклад руху іх задавальняе – нічога не трэба мяняць. Калі не – то адкрыць маршрут на конкурснай аснове.
Аж два звароты закранулі тэму добрасуседскіх адносін. У першым выпадку не зусім канкрэтныя запыты і дастаткова нястрыманыя паводзіны жыхаркі садовага таварыства «Світанак» прывялі да таго, што старшыня Мінскага аблвыканкама быў вымушаны завяршыць з ёй дыялог. А ў другім пажылы ракаўчанін пачаў скардзіцца на ўладальніка суседняй сядзібы, гаспадарчая пабудова якога на чвэрць метра заступае на надзел заяўніка. Парадокс у тым, што калісьці гэты чалавек сам падпісаў паперы, у якіх пагадзіўся з існуючымі межамі ўчасткаў… Цяпер гэту праблему можна вырашыць толькі ў судзе.
Што зрабіць, каб паставіць індывідуальныя лічыльнікі электраэнергіі ў пакоі жыхароў інтэрната па вуліцы Міру, 18 райцэнтра, цікавіліся яго насельнікі. І сталі шукаць праўду ў кіраўніка цэнтральнага рэгіёну краіны. А. М. Ісачанка даручыў разабрацца, ці падлягае інтэрнат капітальнаму рамонту. Пры станоўчым адказе лічыльнікі можна будзе ўстанавіць. Але папярэдне іх трэба набыць самім грамадзянам. А затым – цвёрда прытрымлівацца правіл пражывання ў інтэрнатах…
Падводзячы вынікі прыёму, Анатоль Міхайлавіч адзначыў, што зададзеныя пытанні характэрныя для многіх рэгіёнаў Міншчыны. А задача ўлады – дапамагчы вырашыць іх у адпаведнасці з законам.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *