За рашэннем валожынскiх праблем — у Радашковiчы…

Официально

Напрыканцы сакавіка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6 склікання, намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Станіслававіч Маркевіч правёў шэраг мерапрыемстваў у Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73. Сярод іх – прыём грамадзян у Радашковіцкім пасвыканкаме. Адметна гэта мерапрыемства для нас тым, што на сустрэчу да парламентарыя з праблемнымі пытаннямі прыехалі і жыхары Валожыншчыны.

Усе прыёмы, якія праводзіць Іван Станіслававіч, вызначаюцца запрашэннем на іх адказных службовых асоб з рэгіёнаў. Не стаў выключэннем і гэты раз: дапамагаць шукаць дзейсныя адказы на праблемныя пытанні людзей адправіліся ў Радашковічы намеснік старшыні райвыканкама Ігар Анатольевіч Балінаў і дырэктар РУП «Валожынскі жылкамунгас» Міхаіл Міхайлавіч Унучак.

Хоць на прыём да дэпутата запісаліся 11 чалавек, фактычна ён прыняў 14. Узнятыя заяўнікамі з нашага раёна пытанні тычыліся рамонту дарог і вуліц, прыватызацыі жылля. У прыватнасці, дастаткова працяглы час доўжыцца разбіральніцтва ў пытанні магчымасці прыватызацыі жылога дома ў вёсцы Выганічы паміж жыхарамі сядзібы і жылкамунгасам. У гэтай сітуацыі дастаткова шмат аспектаў і «падводных камянёў». Аднак Іван Станіслававіч параіў пайсці насустрач грамадзянам. Ён даручыў службе сумесна з раённай уладай дэталёва і ўсебакова вывучыць праблему і адшукаць шляхі яе хуткага і юрыдычна правільнага вырашэння. Таксама І. С. Маркевіча прасілі дапамагчы ў асфальтаванні 5-кіламетровага ўчастка дарогі, што вядзе ў вёску Ратынцы. Чыноўнік паставіў задачу перад жылкамунгасам і дарожнай службай раёна правесці абследаванне і на будучы год уключаць аб’ект у абласную праграму рэканструкцыі, рамонту і ўтрымання мясцовых аўтамабільных дарог. Аналагічны адказ быў дадзены і наступным заяўнікам, якія хадайнічалі перад дэпутатам за асфальтаванне дарогі ў Туркаўшчыне. Сёлета ж яе, як мінімум, падсыпяць і прагрэйдзіруюць. Канчатковыя рашэнні па ўсіх пытаннях узяты на кантроль парламентарыя.

Варта адзначыць, што ў той дзень І. С. Маркевіч яшчэ паспеў сустрэцца з працоўным калектывам ААТ «Радашковіцкі керамічны завод» і наведаў ААТ «Белмастацкераміка». Падчас сустрэч былі абмеркаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця арганізацый за мінулы год і задачы, якія плануюцца ў перспектыве. Таксама Іван Станіслававіч даў справаздачу перад выбаршчыкамі аб рабоце ў Парламенце і ў выбарчай акрузе № 73 за мінулы перыяд, праінфармаваў пра праблемы і поспехі вобласці.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *