Працаўладкавацца дапамогуць

Официально

Як паведаміла сакратар пастаяннай камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва ў рамках рэалізацыі норм Дэкрэта № 3 ад 2 красавіка 2015 года Дар’я Аляксандраўна Чаховіч, працягваецца практыка выязных пасяджэнняў. Падчас іх члены камісіі сустракаюцца з грамадзянамі, якія па розных прычынах не заняты ў эканоміцы, ці чый статус пакуль не высветлены.

На мінулым тыдні чарговая сустрэча прайшла ў Вішнеўскім сельвыканкаме. Мясцовай уладай праведзена значная работа з жыхарамі па растлумачэнні заканадаўства ў дадзеным кірунку. У выніку большасць вяскоўцаў пацвердзілі занятасць – прадаставілі даведкі аб наяўнасці прысядзібных участкаў, многія тэрмінова працаўладкаваліся. Разабраліся і з тымі, хто набывае адукацыю.

Непасрэдна на сустрэчу з членамі раённай камісіі старшыня сельвыканкама Марына Іосіфаўна Траццяк запрасіла дванаццаць жыхароў Вішнева і навакольных вёсак. З’явіліся не ўсе, а толькі зацікаўленыя ва ўрэгуляванні дадзенага пытання, а гэта дзевяць чалавек. Як высветлілася, апошнім часам дваім фігурантам базы даных удалося працаўладкавацца, пра што сведчаць даведкі з месца працы. Яшчэ адна дзяўчына аказалася студэнткай. Жанчыну і мужчыну зацікавілі вакансіі ў ТАА “Адамова-агра”, ім на рукі выдадзены накіраванні ў сельгаспрадпрыемства. Чатыром наведвальнікам аказана кансультацыйная дапамога, растлумачана заканадаўства.

Ужо ў бягучым месяцы чарговае пасяджэнне камісіі пройдзе ў Валожыне.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *