Радзiму абараняць можна толькi на «Выдатна»!

Люди и судьбы

РАДЗІМУ АБАРАНЯЦЬ МОЖНА ТОЛЬКІ НА «ВЫДАТНА»!

Амаль месяц таму нашаму земляку Івану Іосіфавічу БАГУСЛАЎСКАМУ загадам Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі было прысвоена званне генерал-маёра. Ён стаў першым на Валожыншчыне прадстаўніком вышэйшага афіцэрскага саставу, удастоеным такой высокай дзяржаўнай адзнакі працы. З гэтай нагоды Іван Іосіфавіч сёння герой рэдакцыйнай гасцёўні.

– Іван Іосіфавіч, пачнём з дзяцінства. Раскажыце, калі ласка, пра сваю малую радзіму: самыя цікавыя моманты жыцця ў вёсцы, чаму навучыла асяроддзе, дзе кожны навідавоку? Хто Вашы бацькі, і якія жыццёвыя арыенціры яны заклалі?

– Нарадзіўся ў вёсцы Каліварыя ранейшага Сакаўшчынскага, а цяпер Валожынскага сельсавета ў звычайнай вясковай сям’і. Мае бацькі – Яніна Іванаўна і Іосіф Рыгоравіч (на жаль, бацька не дажыў да сённяшняга дня) – працавалі ў калгасе і гадавалі нас, шасцярых дзяцей: мяне, двух братоў і траіх сясцёр. Ад’язджаючы паступаць у ваеннае вучылішча, умеў рабіць усё, што патрэбна ў вёсцы: араць, касіць, даглядаць свойскую жывёлу.

Я вельмі ўдзячны бацькам за тое, што яны для мяне зрабілі – самы нізкі паклон ім ад сына! Ад іх унаследаваў працавітасць, стараннасць, добрасумленнасць і, як вынік, – здольнасць заўсёды імкнуцца быць у ліку лепшых. Але самае галоўнае, што бацькі навучылі мяне любіць людзей, цаніць і паважаць іх працу, а таксама памятаць: разам можна вырашыць любыя праблемы.

– Узгадайце школьныя гады: настаўнікаў, аднакласнікаў, любімы прадмет? Каму сёння сказалі б дзякуй за веды?

– Самыя лепшыя ўспаміны пра гэты час. Вучыўся ў двух школах – спачатку ў Запур’еўскай васьмігодцы, а пасля ў Вішнеўскай сярэдняй, якая, дарэчы, знаходзілася за пяць кіламетраў ад дома. Дабрацца ў той час да яе для вучня – цэлая праблема, бо ніякіх спецыяльных аўтобусаў не было. Вучоба давалася мне лёгка. Вучыцца дрэнна ў нашай сям’і было проста сорамна і недапушчальна: мае браты і сёстры былі ці цвёрдымі харашыстамі, ці выдатнікамі – я і дзве сястры спыніліся на паўкроку ад атрымання залатога медаля за заканчэнне сярэдняй школы. І дзе б ні вучыўся, заўсёды стараўся вучыцца так, каб бацькі ганарыліся мной!

З цеплынёй і прыемнай настальгіяй узгадваю і сваіх настаўнікаў: да гэтага часу лічу, што нас вучылі педагогі з вялікай літары: Нікадзім Іванавіч Барадака, Іван Вікенцьевіч Часноўскі, Ніна Міхайлаўна Волкава, мая любімая настаўніца матэматыкі Ядвіга Вацлаваўна Пялейка, класныя кіраўнікі Зінаіда Васільеўна Юша і Наталля Яўстаф’еўна Іванкевіч. Увогуле, можна пералічыць усіх, бо кожны з іх пакінуў па-добраму незабыўны след. Карыстаючыся магчымасцю, хачу выказаць ім вялікую ўдзячнасць, бо ў маім цяперашнім званні ёсць і іх заслуга. Менавіта яны, нараўне з бацькамі, закладвалі фундамент маіх будучых дасягненняў. А наш клас, лічу, быў найлепшым, і з многімі аднакласнікамі да гэтай пары падтрымліваю сяброўскія адносіны.

– Выбар прафесіі: чаму вырашылі стаць ваенным? Хто паўплываў ці быў прыкладам? Можа на каго хацелі быць падобным? Ці ёсць яшчэ ў Вашым родзе ваеннаслужачыя?

– Напэўна, сваю ролю адыграў вобраз абаронца Радзімы, які ў той час прапагандаваўся паўсюдна – у кіно, літаратуры. Прафесійных ваенных у родзе няма, а вось абаронцы былі. На помніку ў вёсцы Адамова на мемарыяльнай дошцы высечаны прозвішчы родных братоў майго бацькі – Станіслава Рыгоравіча і Казіміра Рыгоравіча Багуслаўскіх, якія ў Вялікую Айчынную вайну з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі падполля на Валожыншчыне. Абодва былі схоплены і па-зверску замучаны ў канцэнтрацыйным лагеры. Ужо дзесьці ў 7-8 класе цвёрда вырашыў: буду афіцэрам, хоць дагэтуль марыў стаць старшынёй калгаса – вельмі хацелася аблягчыць жыццё бацькам… Хацеў, праўда, быць лётчыкам, але стаў артылерыстам, скончыўшы лепшую артылерыйскую навучальную ўстанову Савецкага Саюза – Сумскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча.

– Юнацкія ўяўленні пра будучую прафесію і рэальная вучоба, а пасля служба: ці былі расчараванні і думкі аб тым, што трэба было пайсці іншай дарогай?

– Нягледзячы ні на што, і зараз упэўнены: усё зрабіў правільна тады. Калі гаварыць пра вучобу ў ваенным вучылішчы і далей у акадэміях, магу адзначыць адно: такія вынікі ў першую чаргу абумоўлены жаданнем як мага глыбей асвоіць спецыяльнасць, пазнаць усе яе тонкасці і нюансы. Ведаеце, як рады былі бацькі, калі іх запрасілі ў вучылішча, каб выказаць словы ўдзячнасці за годнае выхаванне сына! Як пастаянна падкрэсліваў мой першы камандзір батарэі ў вучылішчы маёр Анатолій Пятровіч Фясенка: “Радзіму нельга на “здавальняюча” абараняць!” І ўсе камандзіры, пад чыім кіраўніцтвам давялося служыць у далейшым, заўсёды гэта падкрэслівалі.

Як і любы малады афіцэр, свой шлях пачынаў з пасады камандзіра ўзвода (гаўбічнага самаходна-артылерыйскага). Пасля выпуску з ваеннага вучылішча патрапіў па размеркаванні ў Цэнтральную групу савецкіх войскаў у Чэхаславакіі. Пасля накіравалі ў Кіеўскую ваенную акругу. У 1992 годзе вярнуўся на гістарычную радзіму, дзе служу і зараз. Па пасадах не скакаў. Паступова прайшоў у войсках па кар’ернай лесвіцы да камандзіра групы артылерыі асобнай механізаванай брыгады, начальніка штаба – першага намесніка начальніка ракетных войскаў і артылерыі ў Паўночна-заходнім аператыўным камандаванні. Затым вучыўся і паспяхова скончыў факультэт Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, і ўзначаліў ракетныя войскі і артылерыю Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання. І толькі пасля быў прызначаны ў Галоўную інспекцыю Узброеных Сіл. Ніколі не лічыў сябе “паркетным” афіцэрам: заўсёды цягнуўся да асабовага саставу і да баявой тэхнікі. Цвёрда ўпэўнены ў тым, што ў кожнай чарговай пасадзе, кожным чарговым воінскім званні ёсць заслуга падначаленых! Толькі там, у лінейных часцях і падраздзяленнях, можна ў поўнай меры адчуць сябе ваенным чалавекам і скарыстаць на практыцы атрыманыя веды. Па маіх сціплых падліках, “на полі” ў агульнай колькасці правёў больш за 5 гадоў жыцця – гэта, пагадзіцеся, не так ужо і мала.

Вялікі ўклад у станаўленне і кар’ерны рост унеслі такія военачальнікі, як палкоўнік Віталій Васільевіч Дзіордзіца – камандзір брыгады ў Лапічах, палкоўнік Юрый Уладзіміравіч Грабавенка – камандзір палка ў 120-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, генералы Сяргей Уладзіміравіч Барысёнак, Іван Іванавіч Чавус і Андрэй Аляксеевіч Раўкоў – цяперашні міністр абароны Рэспублікі Беларусь, пад чыім кіраўніцтвам служыў у Паўночна-заходнім аператыўным камандаванні і працягваю служыць. Менавіта яны зрабілі з мяне камандзіра і кіраўніка, якім з’яўляюся зараз, і дзякуючы каму атрымаў высокае воінскае званне генерал-маёра.

– Нягледзячы на чыны і рэгаліі, якія рысы характару Вы цэніце ў людзях?

– Прафесіяналізм, прыстойнасць, здольнасць прымаць узважаныя рашэнні (няхай часам і непапулярныя) і гатоўнасць несці за іх адказнасць. Не дарую падман. Не разумею людзей, якія не імкнуцца кожны дзень рабіць лепшым, чым быў учора, безыніцыятыўных. Рады, што практычна паўсюдна, дзе служыў, становячыся камандзірам, удавалася стварыць каманду аднадумцаў, якія разумелі мяне як кіраўніка з паўслова. Таму тыя калектывы, што ўзначальваў, заўсёды былі аднымі з лепшых. Да гэтай пары ўпэўнены: сіла любога кіраўніка ў яго камандзе, у падначаленых. Змог іх мабілізаваць – вынік будзе, а калі не – то адзін у полі адназначна не воін.

– Ці часта бываеце на сваёй малой радзіме? Што адчуваеце, прыязджаючы туды?

– Стараюся бываць у нашым радавым гняздзе пры кожнай магчымасці – на жаль, іх не так многа. Да гэтай пары заўсёды з трапятаннем еду да матулі: для яе застаюся любячым і любімым сынам, нягледзячы на сівізну на маіх вісках і пагоны на плячах. Шчаслівы, што яна ўбачыла вынік свайго мацярынскага выхавання – вялікі ёй дзякуй і нізкі паклон!

– Кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Іван Іосіфавіч, Вы задумваліся калі-небудзь, што дасягнеце такіх вышынь? Ці імкнуліся да гэтага?

– Напэўна, кожны курсант марыць атрымаць генеральскія пагоны. Але марыць, хацець і стаць генералам – розныя паняцці. Я ішоў да сваёй запаветнай мэты амаль трыццаць чатыры гады, змяніў каля дзесяці месцаў службы: Чэхаславакія, Украіна, Беларусь. А гэта – пастаянныя пераезды… Вельмі ўдзячны сваёй сям’і за падтрымку і разуменне таго, што гэта мая служба, маё прызванне.

– Што прыносіць задавальненне, акрамя работы? Як адпачываеце і праводзіце вольны час?

– Люблю бываць на дачы. З’явілася новае захапленне – вялікую асалоду прыносіць гатаванне ежы на прыродзе: магу зрабіць практычна ўсё. Сябры, родныя кажуць, што нядрэнна атрымліваецца.

– Раскажыце пра Вашу сям’ю.

– У мяне двое дзяцей. Сын Ягор скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, працуе інжынерам-электрамантажнікам. Дачка Дар’я вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце – будучы юрыст. Марыць стаць афіцэрам. Я імі ганаруся, як ганарыўся б на маім месцы кожны бацька: яны класныя! А што датычыцца мяне, то жыццё склалася…

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *