Як узарэш, так i збярэш

Аграрный сектор и промышленность

Зямля, абуджаная ад зімовага сну ласкавым сонцам, умытая і напоеная талай вільгаццю, гатова выканаць вясеннюю місію – стаць калыскай для будучага ўраджаю. Трактары ўжо праклалі першыя барозны, чым вельмі ўзрадавалі згаладалых птушак. Чорныя галкі і белыя буслы скачуць па свежым ворыве, высочваюць спажыву на скібах, што пакідаюць магутныя плугі.

Тэхніка, якая падымае глебу і робіць яе пульхнай, выглядае так, быццам вярнулася з доўгага адпачынку: свежыя фарбы, чыстыя люстэркі і шкло, новыя шыны. Гэта механізатары пастараліся і годна падрыхтавалі сваіх жалезных “коней” да выхаду ў поле. За пару дзён працоўны адбітак нанясуць пякучыя промні, уедлівы пыл. Але ў самым пачатку пасяўной кампаніі карціна на палетках захапляе святочнай яркасцю…

Сёлетні яравы клін у раёне займае 24700 гектараў. Радуе, што сельскагаспадарчы сезон распачаўся без крэдытных абавязкаў. Управіцца з вясеннімі работамі неабходна ў сціслыя тэрміны – за 10 дзён, з выкананнем усіх агратэхнічных патрабаванняў. Менавіта так закладваецца кармавая база, якая гарантуе павышэнне надояў і прываг у жывёлагадоўлі. Праўда, пры ўмове, што гаспадаркам удасца пазбегнуць сезонных праблем. У прыватнасці, дэфіцыту некаторых відаў мінеральных угнаенняў і гаруча-змазачных матэрыялаў.

А так нараканняў у бок аграрыяў няма: сельгасвытворцы імкнуцца скарыстаць кожны пагодны дзянёк, не марнуюць ні хвіліны светлавога часу. Тым работнікам, хто рупіцца ў полі, двойчы за змену дастаўляецца гарачае харчаванне. Людзі забяспечаны спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы, з імі праведзены адпаведны інструктаж па тэхніцы бяспекі. За выкананнем іншых нарматываў падчас вясенне-палявых работ сочаць санітарныя службы, супрацоўнікі міліцыі і МНС.

Масавы сеў у раёне стартаваў. Настрой у хлебаробаў пазітыўны. І радуе іх не толькі перспектыва добрых заробкаў, але і магчымасць зноў прыступіць да звыклай справы…

 

Палеткі, што прылягаюць да вёскі Узбалаць, адведзены сёлета пад яравы авёс. За два дні амаль палова плошчаў засеяна дзякуючы трактарысту ААТ “Агра-Дубінское” Івану Францавічу ПАШКОЎСКАМУ. Працуе ён на “Джон-Дзіры” з прычапной сеялкай, у якую ўмяшчаецца амаль 2 тоны насення.

І. Ф. Пашкоўскі – часты госць на старонках нашай газеты. Яму не раз удавалася дабівацца высокіх паказчыкаў як на сяўбе, так і падчас касьбы, уборкі зерневых.

 

 

Усё жыццё вадзіцеля Іосіфа Браніслававіча ГРЫБА злучана з прыгожым кутком Валожыншчыны – Падбярэззем. Гэты сціплы чалавек за шматгадовую руплівую працу нямала зрабіў для таго, каб яго малая радзіма квітнела і багацела. Кіраўнік мясцовай гаспадаркі Анатоль Яраслававіч Лужынскі лічыць такіх людзей авангардам. Яны заўсёды там, дзе самы адказны ўчастак.

Вясной першачарговая задача – сеў яравых. Вадзіцель І. Б. Грыб задзейнічаны на адвозцы насеннага фонду, а таксама на добраўпарадкаванні палёў-камяніц.

Адным з першых сейбітаў ДП «Падбярэззе» сёлета даручана стаць трактарысту Аляксандру Францавічу ПАТРЭПКУ. І гэта нездарма. Аляксандр Францавіч – чалавек вопытны, адказны, і ў яго, як кажуць, “лёгкая” рука. Калі ён узначальвае справу, то паспяховы вынік абавязкова гарантаваны.

Мы сустрэліся з гэтым механізатарам каля вёскі Післякоўшчына. Палі тут адведзены пад яравую пшаніцу. Непадалёк пралягае аўтатраса ў напрамку Вільнюс-Мінск. І, безумоўна, хочацца, каб перад вачамі праязджаючых адкрываліся прывабныя віды на дагледжаныя палі. Таму і засеяць усё неабходна шчыльна, дакладна. І хоць сучаснае абсталяванне значна аблягчае такую задачу, але без удумлівага чалавека, як вядома, нават самая разумная тэхніка становіцца бездапаможнай.

 

У механізатара Міхаіла Уладзіміравіча ВАЙЦЯХОВІЧА з ААТ “Агра-Дубінское” гэта вясна ў працоўнай біяграфіі ўжо 53-я. Але кожная пасяўная для яго – своеасаблівы экзамен. Вопытны трактарыст сцвярджае: з кожным годам адчувае ўсё большую адказнасць за якасць работы, за той прыклад, які падае маладзейшым калегам.

Зімой М. У. Вайцяховіч дасканала адрамантаваў даручаны трактар. Зараз, прычапіўшы да свайго “Беларуса 1221” невялікі плуг, Міхаіл Уладзіміравіч апрацоўвае ўчасткі каля вёсак Канавалы і Цімкавічы. Мясцовасць тут своеасаблівая – пагоркі, равы, так што з магутным “Джон-Дзірам” не развярнуцца.

З 7.00 мужчына ўжо на рабоце. Але самай ранняй “птушкай” на полі ён быў толькі ў першы дзень: два буслы, якія гняздуюцца непадалёк, цяпер яго апераджаюць і з нецярпеннем чакаюць першай баразны…

 

Жыхар вёскі Сугвазды, вадзіцель ААТ “Агра-Дубінское” Уладзімір Іванавіч КОВЕЛЬ ужо тыдзень, як заняты на падвозцы пратраўленага насення на палі.

Гаспадарка адна з першых у раёне прыступіла да сяўбы. Хлебаробам давядзецца нямала папрацаваць падчас вясенняй кампаніі. Агульная плошча яравога кліна тут складае амаль 3000 гектараў. Штодня 30 адзінак тэхнікі раз’язджаюцца па розных кутках, каб своечасова і якасна выканаць пастаўленую задачу.

Праязджаючы міма палеткаў з азімымі, Уладзімір Іванавіч адзначае, што ўзышлі яны дружна, а іх насычаная зелень сведчыць пра здароўе і сілу.

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *