Обзор криминальной хроники района за неделю

Закон и порядок

ТРАПІЎСЯ ПАЎТОРНА

А палове дзесятай раніцы на плошчы Свабоды райцэнтра супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС спынілі адну з іншамарак. Як выявілася, нездарма: вадзіцель – 21-гадовы івянчанін – быў нецвярозы. Гэта паўторны “залёт” на працягу аднаго года, першы раз суд аштрафаваў маладога чалавека на 700 тысяч рублёў. На жаль, выплачаная з уласнай кішэні буйная сума нічому так і не навучыла…

ПРЫЦЯГНУЛА ЎВАГУ БРАГА…

Дзень, калі ўчастковыя інспектары міліцыі адпрацоўвалі Сакаўшчынскі адміністрацыйны ўчастак, аказаўся нешчаслівым для аднаго з жыхароў гэтага аграгарадка. У прыбудове да гаража праваахоўнікі знайшлі самагонны апарат і 150 літраў брагі. Сыравіну вылілі, апарат знішчылі, а на гаспадара “багацця” склалі два адміністрацыйныя пратаколы, кожны з якіх абернецца ў будучым салідным штрафам.

НЕ ЧАПАЙ ЧУЖОГА – І НЕ БОЙСЯ НІКОГА

Зладзеі ідуць на сваю чорную справу звычайна ноччу. Не стаў выключэннем і выпадак, які адбыўся нядаўна ў ААТ “Пугачы”. Невядомы ліхадзей пад покрывам цемры пранік на тэрыторыю машыннага двара гаспадаркі і зняў з трактара новы стартэр коштам амаль 509 тысяч рублёў. Вінаватага шукаюць.

Яшчэ адзін зламыснік скарыстаўся цемрай, каб залезці ў склеп дачнага дома ў Брыльках, які належыць пенсіянерцы з Мінска. Жанчына недалічылася 16 слоікаў варэння, 6 слоікаў агуркоў, 5 слоікаў памідораў і 2 слоікаў кансерваванага перцу. Агульная сума прапажы адносна невялікая – каля 68 тысяч рублёў, але ўсё адно крыўдна за страчаную шчырую працу.

ЗАЛЕЗ У МАГАЗІН, НАБРАЎ ГРАХОЎ ТУЗІН

З самага ранку ў аператыўна-дзяжурную часць РАУС патэлефанавала прадавец магазіна ў вёсцы Галімцы. Усхваляваная жанчына паведаміла пра значную прапажу тавару. Як устанавілі міліцыянеры, невядомы “пакупнік” ноччу абарваў электракабель, пашкодзіў замок і прабраўся ў гандлёвае памяшканне. Пасля яго няпрошанага візіту з магазіна зніклі 16 бутэлек гарэлкі, 3 бутэлькі каньяку, 12 – настойкі, 250 пачкаў цыгарэт і іншая маёмасць райспажыўтаварыства на 3 мільёны 318 тысяч рублёў. Вядзецца следства.

ГОСЦЬ-РАБАЎНІК

З просьбай адшукаць прапаўшыя грошы звярнулася ў міліцыю жыхарка вёскі Лоск. Устанаўленне асобы злодзея для вопытных ахоўнікаў правапарадку аказалася справай няцяжкай. Як выявілася, бяспечна кінутым на канапу кашальком жанчыны завалодаў раней судзімы аднавясковец, які гасцяваў у яе дома.

ЗАПЧАСТАК СПАЎНА, ДАКУМЕНТАЎ – НЯМА…

Супрацоўнікі аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС спынілі машыну, у багажніку якой жыхар Баранавічаў перавозіў запасныя агрэгаты да трактара “МТЗ”. Калі папрасілі прад’явіць суправаджальныя дакументы, такіх не аказалася. Нягледзячы на адгаворкі мужчыны, машыну адбуксіравалі ў аддзел унутраных спраў – для праверкі. Лепш перастрахавацца, чым потым недалічыцца…

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў Сяргей САДОЎСКІ.



Добавить комментарий